Белару́скае навуко́ва-краязна́ўчае тавары́ства ў Ла́твіі (БНКТЛ) — грамадска-навуковая арганізацыя беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, якая існавала ў 1932—1936 гадах. Займалася зборам і папулярызацыяй этнаграфічнай, гістарычнай і фальклорнай спадчыны латвійскіх беларусаў.

Гісторыя Перадумовы стварэння Пачаткам арганізаванай краязнаўчай працы беларусаў у Латвіі стала стварэнне 1 чэрвеня 1926 года навукова-краязнаўчага гуртка пры Таварыстве беларусаў-выбаршчыкаў. Ініцыятарам і старшынёй гуртка выступіў беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Кастусь Езавітаў, а сакратаром стаў Пятро Масальскі. На першым пасяджэнні была падрыхтавана адозва да беларускага настаўніцтва з заклікам далучыцца да збірання этнаграфічных матэрыялаў. Для папулярызацыі гэтай працы К. Езавітаў выдаў брашуру «Бярыцеся ўсе за навукова-даследчую працу», у якой абгрунтаваў неабходнасць фіксацыі ўнікальных гаворак і фальклору латгальскіх беларусаў. Гурток актыўна працаваў, праводзіў навуковыя чытанні і збіраў народныя апавяданні і казкі з розных валасцей Латгаліі і Ілукштаншчыны, якія пазней публікаваліся ў газеце «Голас Беларуса».

Заснаванне і развіццё У 1932 годзе беларускі актыў Рыгі вырашыў стварыць на базе гуртка самастойную арганізацыю. 15 красавіка 1932 года адбыўся сход ініцыятыўнай групы, у якім прынялі ўдзел К. Езавітаў, Аляксандр Родзька, Сцяпан Сіцько, Міхась Краўчанка, Казімір Мяжэцкі, Галіна Нікіфароўская, Вікторыя Доўгая і Якуб Кастылюк. Пасля падрыхтоўкі і перакладу статута на латышскую мову (гэтым займалася Ніна Пінская), 7 ліпеня 1932 года Рыжскі акруговы суд афіцыйна зарэгістраваў арганізацыю пад назвай Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў ЛатвііLatvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 1897, ap. 1, l. 2, lp. 4..

Часовае праўленне ўзначаліў К. Езавітаў, яго намеснікам стаў А. Родзька, сакратаром — Г. Нікіфароўская, скарбнікам — С. Сіцько. Афіцыйны юрыдычны адрас арганізацыі знаходзіўся ў Рызе на вуліцы Ільінскай (Elija iela), 20/25Статут Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі // Крывіцкія руны. Вып. ІІ. С. 392–393.. Для пашырэння дзейнасці былі створаны рэгіянальныя аддзелы: у Дзвінску (імі кіравалі Сяргей Сахараў і Аляксей Барткевіч) і ў Люцыне (кіраўнік Сяргей Казека).

На піку сваёй актыўнасці ў 1933 годзе арганізацыя налічвала 15 сапраўдных сябраў, 5 сябраў-карэспандэнтаў і 15 кандыдатаў. 2 верасня 1933 года адбыўся першы агульны сход БНКТЛ, які абраў новае пастаяннае праўленне: К. Езавітаў (старшыня), Г. Нікіфароўская і А. Родзька (намеснікі), С. Сіцько (скарбнік), Франц Клагіш (сакратар), а таксама шэраг іншых актывістаў. У рэвізійную камісію ўвайшлі Язэп Каяла, С. Сахараў і Ян Кудраўцаў.

Мэты і задачы Згодна са статутам, галоўнай мэтай таварыства было аб'яднанне ўсіх беларускіх і прыхільных да беларускага адраджэння навуковых і аматарскіх сіл у Латвіі. Арганізацыя планавала сумесна працаваць над пытаннямі гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтва, музыкі, фальклору і эканомікі Латвіі і Беларусі. Важнай задачай з'яўлялася пашырэнне здабытых ведаў сярод грамадства і садзейнічанне беларуска-латышскаму збліжэнню.

Сярод канкрэтных практычных задач вылучаліся: збор вуснай народнай творчасці, стварэнне параўнальнага беларуска-латышска-латгальскага слоўніка, а таксама заснаванне Беларускага этнаграфічнага музея ў Рызе.

Дзейнасць Этнаграфічная і краязнаўчая праца Асноўным напрамкам працы БНКТЛ стала збіранне вуснай народнай творчасці латгальскіх і ілукштанскіх беларусаў. Для экспедыцый таварыства набыло фанограф. Да працы актыўна прыцягваліся настаўнікі беларускіх школ і мясцовая моладзь, у прыватнасці з Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі. Кіраўніцтва БНКТЛ распрацавала і разаслала інструкцыі па зборы фальклору, дзе прасіла дэталёва апісваць мясцовыя абрады, такія як беларускае вяселле, пахаванне, радзіны, гульні і інш..

Значны ўнёсак у збор матэрыялаў зрабілі настаўнікі Франц Клагіш, Алесь Сальцэвіч, Міхась Талерка, Казімір Сянкевіч, Сымон Маціеўскі, Галіна і Надзея Нікіфароўскія, Міхась Зуеўскі, Антон Лейтан, Сяргей Казека і іншыя. Калектыў настаўнікаў і вучняў Дзвінскай беларускай гімназіі пад кіраўніцтвам С. Сахарава і Андрэя Якубецкага сабраў дзясяткі твораў. За тры гады працы БНКТЛ сабрала звыш 600 народных песень і 70 апавяданняўLietuvos centrinis valstybės archyvas (LCVA). F. 368, ap. 1, b. 34, l. 6..

Таварыства таксама збірала прадметы матэрыяльнай культуры (вопратку, прылады працы) і атрымала папярэднюю згоду ад Латвійскага этнаграфічнага музея на стварэнне беларускага кутка ў Прэйльскім (Прэждэнскім) замку.

Гістарычная і архіўная праца Кіраўніцтва БНКТЛ рабіла захады па зборы дакументаў, звязаных з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху. У 1932 годзе таварыства здолела атрымаць частку архіва і дыпламатычны пашпарт дзеяча БНР Яўгена Ладнова, які памёр у ДзвінскуLVVA. F. 1897, ap. 1, l. 3, lp. 16, 24, 25.. БНКТЛ збірала звесткі пра беларускага пісьменніка з Латгаліі Віктара Вальтара, шукала архівы Цёткі, звяртаючыся да яе мужа Сцяпонаса Кайрыса, а таксама інфармацыю пра Браніслава Эпімах-Шыпілу, Вацлава Іваноўскага і Яўхіма Карскага.

У 1932 годзе таварыства пачало падрыхтоўку да выдання біяграфічнага слоўніка «Біяграфіі дзеячоў Беларускага Адраджэння» (арыг. Біографіі дзеячоў Беларускага Адраджэньня), аднак з-за адсутнасці шырокага водгуку на просьбы аб наданні матэрыялаў, праект застаўся нерэалізаваным.

Міжнародныя сувязі Таварыства актыўна кантактавала з замежнымі беларускімі дзеячамі і навукоўцамі. Шчыльныя сувязі падтрымліваліся са старшынёй Рады БНР Васілём Захаркам, які ў снежні 1932 года перадаў у архіў БНКТЛ мемарандум Рады БНР у Лігу Нацый. Таксама вялася перапіска з Тамашом Грыбам і Міколам Вяршыніным у Празе, Язэпам Варонкам у Чыкага.

Навуковыя кантакты ўключалі супрацоўніцтва з даследчыкам мінуўшчыны Полаччыны Баляславам Брэжгам, літоўскім гісторыкам Мікаласам Біржышкам і эстонскім мовазнаўцам Вілемам Эрнітсам. Апошняму таварыства дапамагала ў вывучэнні беларускіх гаворак і зборы матэрыялаў на Пячоршчыне.

Выдавецкая праца Выдавецкая дзейнасць БНКТЛ была моцна абмежавана фінансавымі цяжкасцямі. У 1932 годзе быў надрукаваны статут арганізацыі, а ў 1933 годзе — брашура «Праграма збірання вуснай народнай творчасці». Планаваўся выпуск латышска-беларускага слоўніка на 25 000 слоў, які рыхтаваў П. Масальскі, і шэрагу навуковых прац Б. Брэжгі і М. Вяршыніна, аднак гэтыя праекты не былі рэалізаваны. Свае знаходкі і справаздачы сябры таварыства друкавалі пераважна на старонках часопіса «Беларуская школа ў Латвіі».

Ліквідацыя Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года новы аўтарытарны рэжым пачаў абмяжоўваць правы нацыянальных меншасцей. Палітычная паліцыя пачала наступ на беларускія арганізацыі пад прыкрыццём барацьбы з антыдзяржаўнымі сіламі.

У жніўні 1936 года Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі было ліквідавана. Афіцыйным абгрунтаваннем закрыцця стала нібыта адсутнасць актыўнай дзейнасці і няздольнасць выдаць слоўнік і зборнік фальклору. Аднак сапраўднай прычынай былі палітычныя падазрэнні паліцыі ў дачыненні да старшыні К. Езавітава, яго левых поглядаў і сувязей з БССР. У пастанове аб ліквідацыі адзначалася, што дзейнасць таварыства і яго кіраўніка нясе пагрозу бяспецы Латвіі: «пагражае знешняй і ўнутранай бяспецы краіны», а Езавітаў праз таварыства «праводзіў дзейнасць на карысць стварэння незалежнай Беларусі, у межах якой павінна была апынуцца частка латвійскай дзяржавы...»LVVA. F. 1897, ap. 1, l. 7, lp. 8.. Спробы аднавіць дзейнасць арганізацыі ў далейшым поспеху не мелі. Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:Навуковыя таварыствы Латвіі Катэгорыя:Краязнаўчыя арганізацыі Катэгорыя:Арганізацыі Рыгі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1932 годзе Катэгорыя:Арганізацыі, закрытыя ў 1936 годзе