«Паго́ня» — грамадска-навукова-літаратурны часопіс беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі. З’яўляўся друкаваным органам Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ). Выдаваўся ў Рызе ў 1930 годзе.
Гісторыя і дзейнасць Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі з першых гадоў свайго існавання рабіла спробы наладзіць выданне ўласнага друкаванага органа. У 1930 годзе ў Рызе пабачыў свет першы нумар часопіса «Пагоня». Афіцыйна галоўным рэдактарам лічылася сакратар ТБМЛ Ніна Пінская, аднак у сапраўднасці выданнем займаўся старшыня таварыства Пятро Журкоўскі. Ён таксама быў аўтарам часткі публікацый. Акрамя Журкоўскага і Пінскай, на старонках выдання друкаваліся грамадскі актывіст Якуб Кастылюк і латгальскі беларускі пісьменнік Віктар Вальтар.
Выдаўцы часопіса разлічвалі на працу сярод чытачоў маладога пакалення і намагаліся праз выданне пашыраць пачуццё беларускай нацыянальнай свядомасці. У звароце рэдакцыі да чытачоў адзначалася, што нягледзячы на палітычныя і грамадскія рознагалоссі, маладыя людзі павінны памятаць пра свае карані, і менавіта поўная нацыянальная свядомасць з’яўляецца «першай зброяй» на карысць свайго народа. Аўтары заклікалі адкінуць узаемныя спрэчкі, знайсці адзіную мову і супольна працаваць на карысць уласнай нацыіАд рэдакцыі // Пагоня. 1930. № 1. С. 2.:
На старонках часопіса «Пагоня» можна было натрапіць на жыццяпіс аднаго з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху Івана Луцкевіча, а таксама на запісы беларускіх народных твораў. Акрамя публікацый патрыятычнага характару, актыўна друкаваліся літаратурныя творы і падрабязная хроніка дзейнасці Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі. Шмат увагі рэдакцыя надавала стану беларускага школьніцтва ў Латвіі і яго надзённым праблемам і клопатам.
Слабым месцам выдання быў яго вонкавы выгляд, што непасрэдна сведчыла аб сціплых фінансавых магчымасцях выдаўцоў. Хутчэй за ўсё, менавіта гэтыя фінансавыя цяжкасці сталі галоўнай прычынай таго, што перыёдык выходзіў вельмі непрацяглы час. У далейшым ТБМЛ спрабавала выдаваць саматужны бюлетэнь «Апавеснік» (1932).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Часопісы Латвіі на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы Рыгі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі