Рыго́р (Грыго́р) Ігна́тавіч Казя́чы ( — ) — беларускі нацыянальны і грамадска-палітычны дзеяч, дыпламат, журналіст і рэдактар.
Біяграфія
Паходжанне і пачатак дзейнасці Рыгор Казячы нарадзіўся ў 1894 годзе ў сялянскай сям’і на Гродзеншчыне. Працаваў настаўнікам, меў вайсковае званне падпаручніка. Далучыўся да беларускага нацыянальнага руху, стаў членам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР) і прымаў актыўны ўдзел у палітычных падзеях 1918—1919 гадоў.
У канцы 1918 — пачатку 1919 года з'яўляўся старшынёй Скідзельскага гарадскога камітэта, быў сябрам Віленскага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК). У снежні 1918 года ўдзельнічаў у з'ездзе Гродзенскай губернскай управы, па выніках якога быў абраны ў яе склад (атрымаўшы 101 голас). Выступаў у якасці вярбоўшчыка добраахвотнікаў у 1-ы Гродзенскі беларускі полк.
У лютым 1919 года быў арыштаваны польскімі ўладамі і пасаджаны ў турму ў Ваўкавыску, аднак здолеў збегчы з астрога і дабрацца да Гродна.
Дзейнасць у Латвіі і Літве Напрыканцы 1919 года апынуўся ў эміграцыі ў Латвіі. На снежань 1919 года працаваў справаводам, а пазней стаў сакратаром у складзе Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Рызе. У 1920 годзе быў абраны сябрам Рады беларускай калоніі ў Латвіі.
Адначасова ўваходзіў у склад рады і быў сакратаром Рыжскага аддзела Беларускага культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына», заснаванага на пачатку 1920 года з ініцыятывы палкоўніка Кастуся Езавітава. У склад рады разам з ім уваходзілі М. Маркевіч, У. Пігулеўскі і Я. Чарапук.
У сакавіку 1920 года Рыгор Казячы стаў галоўным рэдактарам літаратурна-грамадзянскага штомесячніка «На Чужыне» — першага часопіса беларускай меншасці ў Латвіі. Пад яго кіраўніцтвам пабачыў свет першы і адзіны нумар гэтага выдання, на вокладцы якога была змешчана карта з этнаграфічнымі межамі Беларусі (карта БНР), што стала прычынай канфіскацыі накладу Міністэрствам унутраных спраў Латвіі з-за ўключэння ў склад Беларусі латвійскіх зямель (фрагментаў Ілукштанскага і Дынабургскага паветаў). Пасля ўмяшання Кастуся Езавітава латвійскія ўлады вярнулі наклад рэдакцыі.
У сакавіку 1920 года ён уваходзіў у склад афіцыйнай беларускай дэлегацыі па тэрытарыяльным размежаванні з Латвіяй на перагаворах у Рызе, дзе працаваў разам з Я. Чарапуком і Б. Шымковічам. Беларускі бок вёў спрэчкі з латвійскімі прадстаўнікамі Ю. Фельдманам і А. Швабэ адносна прыналежнасці Дзвінска і прапаноўваў вырашыць пытанне межаў на аснове плебісцыту.
З 1921 года Казячы жыў у Літве. У гэты перыяд ён з'яўляўся сябрам масонскай ложы «Беларускае брацтва». Служыў у 4-й партызанскай групе ў Мерачы. На лістапад 1922 года выконваў абавязкі скарбніка Беларускай грамады ў Коўне.
Савецкі перыяд У 1923 годзе Рыгор Казячы вярнуўся ў БССР. Жыў у Менску, дзе працаваў у рэдакцыі штодзённай газеты «Савецкая Беларусь» спачатку ў якасці перакладчыка, а затым як загадчык аддзела, адказны сакратар і стыльрэдактар.
8 чэрвеня 1924 года ён прадстаўляў беларускіх эсэраў Заходняй Беларусі на ліквідацыйным з’ездзе БПСР у Мінску, які афіцыйна спыніў дзейнасць партыі на тэрыторыі Савецкай Беларусі.
Памёр 29 кастрычніка 1929 года (імаверна ў Менску).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1894 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Гродзенскай губерні Катэгорыя:Памерлі 29 кастрычніка Катэгорыя:Памерлі ў 1929 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Мінску Катэгорыя:Постаці беларускай эміграцыі Катэгорыя:Дыпламаты Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Рэдактары Беларусі Катэгорыя:Настаўнікі Беларусі Катэгорыя:Масоны Беларусі