Арту́р Уладзі́міравіч Шахла́й — беларускі дзяржаўны дзеяч і міліцыянер. Палкоўнік міліцыі. Начальнік Цэнтральнага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў г. Мінска ў перыяд з 2014 па 2021 год, першы намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі з 2021 года.
Біяграфія Мае брата Максіма. У 2012 годзе выступаў сведкам у судзе супраць беларускага праваабаронцы Алега Воўчака. У той час Шахлай займаў пасаду начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Цэнтральнага РУУС (паводле іншых звестак — намесніка начальніка). На падставе яго паказанняў праваабаронца быў асуджаны на чатыры сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта нецэнзурную лаянку і дробнае хуліганства.
26 верасня 2014 года быў прызначаны начальнікам Цэнтральнага РУУС г. Мінска. У студзені 2015 года падчас выязных судовых пасяджэнняў па справе ўдзельнікаў акцыі памяці ўкраінскай «Нябеснай сотні» асабіста ўдзельнічаў у выцясненні грамадзян з будынка РУУС і адмовіў праваабаронцам у прадастаўленні кнігі заўваг і прапаноў. Пазней у афіцыйным адказе на скаргу заявіў, што ніякіх перашкод для доступу грамадзян у будынак не было. У сакавіку таго ж года праводзіў затрыманне прадпрымальніка і грамадскага актывіста Алеся Макаева пасля сходу гандляроў на рынку ў Ждановічах.
У якасці кіраўніка РУУС асабіста курыраваў пытанні працы забаўляльных устаноў на «тусовачнай» мінскай вуліцы Зыбіцкай, усталёўваў і працягваў рэжым іх працы. Згодна з інфармацыяй са злітай базы даносаў, апублікаванай ініцыятывай «Кіберпартызаны», у жніўні 2021 года адна з супрацоўніц Цэнтральнага РУУС накіравала скаргу ў КДБ. У ёй яна сцвярджала, што Артур Шахлай «крышуе» кавярні на Зыбіцкай, сістэматычна збіраючы з іх хабар за дазволы на працу ў начны час, а таксама атрымлівае грошы за закрыццё крымінальных спраў аб крадзяжы мабільных тэлефонаў у наведвальнікаў бараў. Тым не менш, гэты данос не паўплываў на яго кар'еру. 14 ліпеня 2016 года Шахлаю было прысвоена спецыяльнае званне палкоўніка міліцыі.
Падчас масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе Цэнтральнае РУУС, якім кіраваў Артур Шахлай, стала адным з месцаў сістэматычных катаванняў затрыманых удзельнікаў пратэстаў. Расследавальнікі Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў задакументавалі факты масавага фізічнага і псіхалагічнага гвалту ў сценах упраўлення ў перыяд з 9 па 13 жніўня 2020 года. Акрамя таго, 11 лістапада 2020 года ў Цэнтральнае РУУС быў дастаўлены 31-гадовы Раман Бандарэнка, якога невядомыя схапілі на «Плошчы Перамен». З будынка ўпраўлення ён быў шпіталізаваны ўжо ў стане комы з шматлікімі цяжкімі траўмамі, ад якіх памёр у бальніцы. Ініцыятыва BYPOL адзначыла, што як начальнік РУУС Артур Шахлай нясе персанальную крымінальную адказнасць за тое, што адбываецца ў падпарадкаваным яму будынку.
У 2021 годзе пайшоў на павышэнне і быў прызначаны першым намеснікам начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама — начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі.
Узнагароды Медаль «За бездакорную службу» III ступені (2015).
Крыніцы
Катэгорыя:Міліцыянеры Беларусі Катэгорыя:Палкоўнікі міліцыі Катэгорыя:Удзельнікі задушэння пратэстаў у Беларусі (2020—2021) Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём «За бездакорную службу» 3 ступені