Белару́ская дэмакраты́чная па́ртыя Ла́твіі (БДПЛ; ) — палітычная партыя беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, якая дзейнічала ў пачатку 1930-х гадоў.
Гісторыя Стварэнне і праграма Партыя была створана ў снежні 1930 года на фоне набліжэння выбараў у Сойм Латвіі IV склікання. Старшынёй новай палітычнай фармацыі стаў былы дырэктар Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, педагог і даследчык Сяргей Сахараў. Сярод найбольш актыўных дзеячаў партыі былі Аўгуст Дварэцкі, Міхась Барткевіч, Сяргей Казека і іншыя.
БДПЛ ставіла за мэту абарону духоўных, юрыдычных і матэрыяльных правоў беларускай меншасці, узмацненне нацыянальнай свядомасці беларусаў і матываванне іх да ўдзелу ў грамадскім жыцці шляхам выстаўлення ўласных кандыдатаў на парламенцкіх і мясцовых выбарах. Нягледзячы на тое, што партыя магла дзейнічаць на тэрыторыі ўсёй краіны, яе кіраўніцтва падкрэслівала, што галоўная ўвага будзе аддавацца працы ў Латгаліі і Ілукшчыне.
Агульнапалітычная праграма БДПЛ прадугледжвала падтрымку дэмакратычнага ладу латвійскай дзяржавы, роўныя правы для ўсіх грамадзян незалежна ад нацыянальнасці ў форме нацыянальна-культурнай аўтаноміі, абарону грамадзянскіх правоў і шырокія кампетэнцыі органаў мясцовага самакіравання, а таксама свабоду сумлення і рэлігіі. У эканамічнай сферы партыя патрабавала правядзення аграрнай рэформы (падзелу буйных зямельных надзелаў з роўнымі магчымасцямі для ўсіх нацыянальнасцей), надання дзяржаўных крэдытаў для беззямельных і малазямельных сялян, а таксама выкарыстання лясных рэсурсаў Латгаліі выключна на патрэбы гэтага рэгіёна. Партыя таксама актыўна прапагандавала развіццё кааператыўнага руху ў вёсцы. У сферы культуры і адукацыі БДПЛ дамагалася бясплатнага абавязковага навучання, фінансавання беларускіх школ, тэатраў і друку з боку дзяржавы і мясцовых органаў, а таксама прыстасавання школьных праграм да патрэб сацыяльна-эканамічнага жыцця.
Структура і друкаваны орган БДПЛ мела некалькі рэгіянальных філіялаў на Дзвіншчыне і Люцыншчыне. Афіцыйным друкаваным органам партыі стала газета «Думка Беларуса», першы нумар якой пабачыў свет 1 чэрвеня 1931 года пад рэдакцыяй Сяргея Сахарава. Газета ў асноўным асвятляла ход перадвыбарчай кампаніі, заклікала беларусаў да адзінства і крытыкавала палітычных апанентаў.
Выбарчая кампанія 1931 года Кіраўніцтва БДПЛ імкнулася знайсці саюзнікаў на латвійскай палітычнай сцэне перад парламенцкімі выбарамі. У ліпені 1931 года партыя прапанавала супрацоўніцтва Партыі прагрэсіўных сялян (ППС). Беларусы спадзяваліся на атрыманне 3 месцаў у выбарчым спісе па Латгаліі (кандыдаты С. Сахараў і Міхал Клагіш) і 6 месцаў па Земгаліі (кандыдаты С. Сахараў і А. Базновіч), а таксама на матэрыяльную дапамогу. Аднак латышскія прагрэсісты адхілілі гэтыя ўмовы. Нягледзячы на няўдачу, 20 верасня 1931 года на з'ездзе БДПЛ у Дзвінску дэлегаты ўсё ж прынялі рашэнне галасаваць за кандыдатаў ад ППС.
Больш паспяховымі аказаліся перамовы з літоўскай меншасцю ў Земгаліі. Быў зарэгістраваны супольны «Спіс літоўцаў-каталікоў і беларусаў» (№ 20), які складаўся з 14 кандыдатаў. Ад БДПЛ туды ўвайшлі 3 чалавекі: Сяргей Сахараў, Данат Далецкі і Ігнат Завадскі. Аб'яднанне тлумачылася гістарычнай блізкасцю і неабходнасцю супольнай абароны правоў.
Падчас кампаніі БДПЛ уступіла ў жорсткі канфлікт з іншай палітычнай групоўкай беларусаў — прыхільнікамі Пятра Журкоўскага, якія ішлі на выбары разам з Латгальскай партыяй хрысціянскіх сялян і каталікоў (спіс № 9) і выдавалі газету «Беларускае Слова». Сяргей Сахараў і дзеячы БДПЛ рэзка крытыкавалі Журкоўскага, называючы яго ініцыятыву «мыльнай бурбалкай» і абвінавачваючы яго ў тым, што ён выступае на выбарах «пад чужымі сцягамі» і ўносіць раскол у беларускі рух.
Вынікі і заняпад Парламенцкія выбары ў Сойм IV склікання адбыліся 3 і 4 кастрычніка 1931 года. Іх вынікі сталі поўным фіяска для БДПЛ. Супольны літоўска-беларускі спіс (№ 20) у Земгаліі здолеў набраць толькі 3105 галасоў, чаго аказалася недастаткова для праходжання ў парламент ніводнага з дэпутатаў.
Няўдача на выбарах прадвызначыла далейшы лёс партыі. Адсутнасць свайго прадстаўніка ў парламенце пазбавіла арганізацыю перспектыў, а фінансавыя цяжкасці не дазволілі працягваць паўнавартасную дзейнасць. Яшчэ перад выбарамі, 26 верасня 1931 года, выйшаў апошні нумар партыйнай газеты «Думка Беларуса». Фактычна БДПЛ так і не выйшла за межы арганізацыйнай стадыі і пасля 1931 года спыніла сваё існаванне.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Арганізацыі беларусаў Латвіі Катэгорыя:Палітычныя партыі Латвіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1930 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1931 годзе