Юрый Святаславіч (? — , Венеў манастыр, цяпер Вянёўскі раён Тульскай вобласці Расіі) — вялікі князь смаленскі (1386—1392; 1401—1404), князь наўгародскі (1404—1406/07), наваторжскі (1407).

Біяграфія Другі сын вялікага князя смаленскага Святаслава Іванавіча. Быў жанаты з дачкой вялікага князя разанскага Алега Іванавіча і Еўпраксіі Альгердаўны. Упершыню князь Юрый успамінаецца крыніцамі пад 1386 годам, калі разам з бацькам, старэйшым братам князем Глебам і стрыечным братам князем Іванам Васілевічам, браў удзел у паходзе смаленскіх войскаў на Віцебск, Оршу і Мсціслаў. Летапісцы адзначаюць лютасць смалян да вялікалітоўскіх падданых «кого где изъимавши, и мучаху нещадно различными казньми, мужеи, и жон, и детеи, а иных в ызбы насажавше, и запирающе, и зажигаху»ПСРЛ. Т. 35. С. 64, 70 і інш.. Да Мсціслава смаленскае войска падышло 18.4.1386 года і аблажыла горад. На дапамогу абложаным, 29.4.1386 года прыйшлі вялікалітоўскія войскі пад камандаваннем князя Скіргайлы і смаляне былі разгромлены ў бітве на Віхры (29.4.1386), вялікі князь Святаслаў і яго пляменнік князь Іван Васілевіч загінулі, а параненыя князі Глеб і Юрый Святаславічы палонены.

Ад Мсціслава вялікалітоўскае войска прыйшло да Смаленска, які здаўся і заплаціў выкуп. Скіргайла даў смаленскі сталец Юрыю, які 16.9.1386 года ў Вільні прысягнуўСмоленские грамоты / Подг. к печ. Т. А. Сумникова и В. В. Лопатин, под ред. Р. И. Аванесова. — М., 1963. — С. 72-74. на вернасць каралю польскаму і вярхоўнаму князю літоўскаму Уладзіславу-Ягайле і яго літоўскаму намесніку Скіргайле, абавязаўся аказваць вайсковую падтрымку і адмовіцца ад сувязяў з полацкім князем Андрэем Альгердавічам. Мяккасць стаўлення да Юрыя і наданне менавіта яму смаленскага стальца, напэўна, тлумачыцца яго шлюбам з пляменніцай Альгердавічаў. Глеб Святаславіч, напэўна, застаўся закладнікам пры двары Скіргайлы.

У 1392 годзе кароль Ягайла памірыўся з князем Вітаўтам і той стаў літоўскім намеснікам караля. У 1393 годзе Юрый Святаславіч браў удзел у паходзе Вітаўта і Скіргайлы на Віцебск супраць Свідрыгайлы. Пад Віцебскам Юрый прысягнуў Вітаўту, а той пацвердзіў яму смаленскі стальц. Аднак неўзабаве здарыўся канфлікт, Юрый захапіў аршанскія воласці і раздаў іх смаленскім баярам. Пасля гэтага Вітаўт перадаў Смаленск князю Глебу Святаславічу, які ў свой час быў разам з ім у Прусіі, а Юрыю даў Рослаўль. У 1395 годзе паміж сынамі Святаслава Іванавіча пачалася барацьба за перадзел уладанняў у непадуладнай Літве частцы Смаленскай зямлі. Магчыма, шукаючы падтрымкі ў гэтай барацьбе Юрый паехаў да свайго цесця вялікага князя разанскага Алега Іванавіча.

Тым часам, 28.9.1395 года Вітаўт падманам захапіў Смаленск, у палон трапіў Глеб Святаславіч і іншыя смаленскія князі, і прызначыў туды сваіх намеснікаў — князя Яманта Тулунтавіча і Васіля Барэйкавіча. Літоўская Метрыка 1440-х гадоў паведамляе, што на патрабаванне Вітаўта ад смаленскай кафедры адлучаны епіскап Міхаіл. На новага епіскапа смаленскага 6.4.1396 года хіратанісаны Насон, хіратонію ўзначальваў мітрапаліт Кіпрыян. У 1396 годзе ў Смаленск на сустрэчу з Вітаўтам прыязджаў вялікі князь маскоўскі Васіль Дзмітрыевіч, які ў 1390-я гады падтрымліваў добрыя адносіны з цесцем. Зімой 1395/1396 гадоў пасланае Вітаўтам войска пад камандаваннем Лугвеня Альгердавіча разарыла разанскія землі.

Пасля паразы войскаў Вітаўта ад ардынцаў у бітве на Ворскле (12.9.1399), улада вялікага князя літоўскага ў рускіх землях аслабла. У бітве на Ворскле загінулі сапернікі Юрыя за смаленскі сталец — намеснік Ямант і брат Глеб Святаславіч. Да 1400 года Юрый Святаславіч выдаў дачку Анастасію замуж за брата вялікага князя маскоўскага — звянігародска-галіцкага князя Юрыя Дзмітрыевіча, умацаваў такім чынам сувязі з Масквой. У 1401 годзе Юрый Святаславіч пры падтрымцы Алега Іванавіча пачаў барацьбу за вяртанне смаленскага стальца. У жніўні 1401 года князі падышлі да Смаленска, у горадзе пачаліся свары, бо адны хацелі застацца пад уладай Вітаўта, другія — вяртання «отчыча» князя Юрыя. На баку Юрыя Святаславіча была большасць гараджан, «не могуще тьрпети налоги, насильства от иноверных»ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. С. 391.. Пасля перамоў смаляне адчынілі Юрыю брамы. Намеснік Вітаўта, колішні чарнігаўскі князь Раман Міхайлавіч, быў схоплены і забіты, таксама і смаленскія з бранскімі баяры, якія былі супраць Юрыя. У адказ восенню 1401 года Вітаўт прыйшоў пад Смаленск, 4 тыдні цягнулася аблога, урэшце ён адышоў, заключыў мір з Юрыем Святаславічам «по старине». Пасля адходу вялікалітоўскага войска ў горадзе «крамола бысть велика, людии посекоша много»ПСРЛ. Т. 4. Ч. 1. С. 390—391; Т. 25. С. 231 і інш., паводле Кароткага Валынскага летапісу, працягвалася знішчэнне баяр прыхільных ВітаўтуПСРЛ. Т. 35. С. 121..

Юрый Святаславіч шукаў саюзнікаў супраць Вітаўта. У чэрвені 1402 года смаленскі князь заключыў мір з Вялікім Ноўгарадам. У маі-чэрвені 1402 года вялікі князь разанскі Алег Іванавіч арганізаваў у падтрымку Юрыя паход пад камандаваннем свайго сына Радаслава на падуладны вялікаму князю літоўскаму Бранск. Аднак на мяжы пад Любуцкам разанскае войска было разбіта князямі мсціслаўскім Лугвеням і старадубскім Аляксандрам, а Радаслаў трапіў у палон.

Сітуацыя для Юрыя ўскладнілася калі 5.7.1402 года памёр яго цесць і заступнік Алег Іванавіч, а новым вялікім князем разанскім стаў Фёдар Ольгавіч, жанаты з сястрой Васіля Дзмітрыевіча, з Вітаўтам ён імкнуўся падтрымліваць прыязны нейтралітэт. У 1403 годзе на загад Вітаўта мсціслаўскі князь Лугвень зноў атакаваў Смаленскую зямлю, захапіў Вязьму, у палон да яго трапілі брат Юрыя — Іван Святаславіч і вяземскі князь Аляксандр Міхайлавіч. На пачатку вясны 1404 года Вітаўт пры падтрымцы Карыбута, Лугвеня і Свідрыгайлы здзейсніў новы вялікі паход на Смаленск і трымаў яго ў аблозе 7 тыдняў, біў па горадзе з гармат, новай зброі таго чаму. Горад вялікалітоўскія войскі ўзяць не здолелі, але спустошылі ваколіцы.

У такім цяжкім становішчы Юрый паведаміў Васілю Дзмітрыевічу пра сваё жаданне перайсці да яго на службу, «даючися ему сам и со всем своим княжением»ПСРЛ. Т. 6. Вып. 1. Стб. 523.. Юрый Святаславіч паехаў у Маскву, узяў з сабою вядомы абраз Смаленскай Божай Маці «Адзігітрыі», які вялікі князь Васіль Дзмітрыевіч паставіў у Дабравешчанскім саборы маскоўскага крамля. У адсутнасць Юрыя Вітаўт зноў аблажыў Смаленск, горад здаўся 26.6.1404 года, у палон трапіла жонка смаленскага князя і іншыя смаленскія князі. Вітаўт загадаў забіць або выгнаць з горада баяр — прыхільнікаў Юрыя, — зноў пакінуў у Смаленску сваіх намеснікаў. Таксама Вітаўт адправіў да Масквы паслоў «по князя Юрья… на взыскание его»ПСРЛ. Т. 6. Вып. 1. Стб. 523—524, параўн.: Т. 4. Ч. 1. С. 395, 397.. Не хочучы канфлікту з вялікалітоўскім гаспадаром, Васіль Дзмітрыевіч адмовіўся ад прапановы службы Юрыя. Разам з сынам Фёдарам і служылымі яму вяземскімі князямі — братамі Сямёнам і Уладзімірам Мсціславічамі, Юрый збег да Ноўгарада. Наўгародцы ўзялі Юрыя Святаславіча на службу і далі ў «кармленне» вялікую колькасць гарадоў — Русу, Ладагу, Арэхаў, Таржок, Волак Ламскі, Порхаў, Вышгарад, Высокае, Кошкін, Карэлу, Церскі бераг. У 1405 годзе Юрый спрабаваў атрымаць дапамогу Тэўтонскага ордэна, а таксама прасіў магістра паспрыяць вяртанню з палону сваёй жонкіLECUB. Т. 4. № 1654..

У 1406 годзе, калі пачаўся канфлікт паміж Васілём Дзмітрыевічам і Вітаўтам, Юрый паехаў з Ноўгарада ў Маскву і цяпер быў прыняты на службу. Паводле наўгародскіх крыніц гэта адбылося восенню 1406 года, паводле маскоўскіх — зімою 1406—1407 гадоў. Васіль Дзмітрыевіч надаў Юрыю Святаславічу і Сямёну Мсціславічу ў «кармленне» Таржок. У Таржку паміж Юрыем і Сямёнам здарыўся канфлікт.

Апавяданне пра гэтыя падзеі ёсць у Сафійскім I-м летапісе старэйшага ізводу (1-я чвэрць XV ст.), а таксама ў маскоўскіх летапісных зводах 2-й паловы XV — пачатку XVI ст. Летапісы 1-й паловы XV ст. — Наўгародскі I-ы малодшага ізводу і Троіцкі — пра канфлікт не паведамляюць. Юрый Святаславіч гвалтам прывёў на свой двор жонку Сямёна — княгіню Юліянію, «хотя с нею жити», яна супраціўлялася і параніла Юрыя нажом. У адказ Юрый забіў Сямёна, а Юліяніі загадаў адсячы рукі і ногі і кінуць у раку. Пасля злачынства Юрый не мог заставацца ў Таржку, ён збег у Арду, у спадзяванні на заступніцтва хана Шадзібека. Аднак Шадзібек быў скінуты 20.7.1407 года Булат-Салтанам. Юрый паехаў назад на Русь, на шляху спыніўся ў Веневым манастыры на ўскраіне Разанскага княства, дзе праз некалькі дзён (14.9.1407) памёр, там і быў пахаваны.

Юрый Святаславіч меў, прынамсі, двух сыноў — Рамана і Фёдара; а таксама двух дачок — Анастасію (жонку Юрыя Дзмітрыевіча) і невядомую на імя (1-ю жонку Свідрыгайла).

Памяць На думку А. Г. Кузьміна, паведамленне пра смерць Юрыя Святаславіча запісаў разанскі летапісец, а ў 1-й чвэрці XV ст. яго выкарысталі пры складанні Сафійскага I-га летапісу старэйшага ізводуКузьмин А. Г. Рязанское летописание: Сведения летописей о Рязани и Муроме до сер. XVI в. — М., 1965. — С. 236, 238—240, 243—246, 248—250;. Беларуска-літоўскія летапісы не ведаюць пра вяртанне Юрыя на Русь і паведамляюць пра яго смерць у АрдзеПСРЛ. Т. 35. С. 32, 54.. Позняя «Хроніка Літоўская і Жамойцкая» дае няслушныя звесткі, што Юрый паехаў у Венгрыю і там у якімсьці войску быў падстрэлены пад нейкім замкам і памёрПСРЛ. Т. 32. С. 77.. Длугаш у «Гісторыі Польшчы» паведамляе пра смерць Юрыя ў войску Жыгімонта Люксембургскага ў 1420 годзе, але гэта атаясненне Юрыя з яго сынам Фёдарам, які ў 1412 годзе паехаў з Ноўгарада ў Заходнюю Еўропу і загінуў у войску імператара на вайне з гусітамі 14.7.1420 года.

Напэўна, пасля ўзяцця Смаленска ў 1514 годзе войскамі вялікага князя маскоўскага Васіля Іванавіча імёны Юрыя Святаславіча і Фёдара Юр'евіча былі ўнесены ў велікакняжацкі сінодзікРГАДА. Ф. 375. № 89. Л. 1 аб.. У канцы 1550-х — пачатку 1560-х гадоў апавяданне Ніканаўскага летапісу (створанага ў 1520-я) пра барацьбу Юрыя з Вітаўтам, яго злачынства, пазнейшае пакаянне і богаўхвальнае жыццё, было перапрацавана ў уключана ў Ступенную кнігу. У XVII—XVIII ст. апавяданне пра забойства Юрыем князя Сямёна і княгіні Юліяніі трапіла у яе Жыціе — «Сказанне пра забойства святога князя Сямёна Мсціславіча і цнатлівай яго княгіні Юліяніі і пра князя Юрыя Смаленскага».

Ушанаванне Юрыя Святаславіча ў Веневым манастыры прасочваецца з 2-й паловы XVII ст. У 1698 годзе ў паўднёвы прыдзел манастырскага Мікольскага сабора быў асвячоны ў імя вялікамучаніка Георгія; у XVIII — пачатку XIX ст. было аздоблена каменнае надмагілле князя. Напэўна, у 1-й палове XVIII ст. на аснове Ступеннай кнігі было складзена кароткае Жыціе Юрыя Святаславіча, якое сустракаецца ў рукапісных зборнікахРГБ. Ф. 209. № 558, пач. XIX ст.. Пасля закрыцця Венева манастыра і ператварэння Мікольскага сабора ў прыходскую царкву (1782), у 1827 годзе старое каменнае спарахнелае надмагілле князю было заменена на драўлянае, а ў 1828 годзе быў скасаваны прыдзел вялікамучаніка Георгія. Як паведамляў Я. Е. Галубінскі, у канцы XIX ст. у Мікольскай царкве працягвалі ўшаноўваць памяць Юрыя Святаславіча, на яго надмагіллі служылі паніхіды, а ў надпісе на надмагіллі нічога не гаворыцца пра яго злачынства ў Таржку, толькі пра тое, што ў Веневе ён знайшоў месца для выратавання душыГолубинский Е. Е. Канонизация святых. — С. 343. Цяпер магіла Юрыя Святаславіча страчана.

Зноскі

Літаратура

Катэгорыя:Князі смаленскія