Секст Аўрэ́лій Ві́ктар (; 320-ыя гады, Афрыка — каля 390) — рымскі гісторык і дзяржаўны дзеяч IV стагоддзя. Аўтар кароткай гісторыі рымскіх імператараў De Caesaribus («Пра цэзараў»), у якой апісаны перыяд ад імператара Аўгуста да Канстанцыя II. Належыць да ліку лацінскіх аўтараў позняй Антычнасці, якія перапрацоўвалі і скарачалі ранейшыя гістарычныя творы.

Біяграфія Звестак пра жыццё Аўрэлія Віктара захавалася няшмат. Ён паходзіў з рымскай Афрыкі. Ягонай датай нараджэння называюць 320-я або 325—330 гады. Паводле звестак з ягонага ўласнага твора, Віктар нарадзіўся ў небагатай сям’і, але атрымаў добрую адукацыю; ён мог вучыцца ў як у Карфагене, так і ў Рыме.

У 350-я гады Аўрэлій Віктар, верагодна, служыў у імперскай адміністрацыі ў Ілірыку. У 360 або ў пачатку 361 года ён завяршыў сваю гісторыю рымскіх імператараў. Твор зрабіў яго вядомым пры двары імператара Юліяна, які ў 361 годзе ўшанаваў Віктара бронзавай статуяй і прызначыў яго намеснікам правінцыі Панонія Секунда.

Пасля гэтага пра кар’еру Віктара вядома няшмат. У 389 годзе, ужо пры імператары Феадосіі I, ён стаў гарадскім прэфектам Рыма. Дакладная дата смерці Аўрэлія Віктара невядомая; звычайна яе адносяць да канца IV стагоддзя.

Творы Галоўны вядомы твор Аўрэлія Віктара — De Caesaribus або Liber de Caesaribus («Пра цэзараў», «Кніга пра імператараў»). Гэта сціслая гісторыя рымскіх імператараў ад Аўгуста да Канстанцыя II. У творы паслядоўна разглядаюцца перыяды праўлення імператараў, іх паходжанне, характар, палітычныя рашэнні, адносіны з войскам і сенатам, а таксама прычыны поспеху або заняпаду дзяржавы.

Аўрэлій Віктар не быў відавочцам большасці падзей, таму ён перапрацоўваў ранейшыя гістарычныя дакументы. Магчымымі крыніцамі для ягонай працы называюць творы Светонія, Тацыта, Марыя Максіма, а таксама, магчыма, Касія Дыёна і Іосіфа Флавія. Ён моцна скарачаў матэрыял, таму шмат якія падзеі апісаны вельмі лаканічна. Асноўная ўвага надаецца не падрабязнаму апісанню войнаў або адміністрацыйных рэформ, а ацэнцы імператараў як асоб і кіраўнікоў.

Атрыбуцыя З імем Аўрэлія Віктара звязана некалькі невялікіх гістарычных твораў. Надзейна яму прыпісваецца найперш De Caesaribus. Пазнейшая Epitome de Caesaribus («Кароткая вытрымка пра цэзараў»), у якой звесткі даведзены да 395 года, раней памылкова лічылася творам Аўрэлія Віктара.

У сучаснай навуцы пытанне пра склад і аб’ём гістарычнай спадчыны Аўрэлія Віктара застаецца прадметам дыскусіі. Джасцін Стоўвер і Джордж Вудхайзен у даследаванні The Lost History of Sextus Aurelius Victor выказалі думку, што вядомыя кароткія тэксты маглі быць вытрымкамі або пазнейшымі скарачэннямі шырэйшай страчанай гісторыі Рымскай імперыі, напісанай Аўрэліям Віктарам.

Крыніцы

Літаратура Аўрэлій Віктар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 88. — 477 с.: іл., карты. — ISBN 985-11-0061-7. Bird, H. W. Aurelius Victor: De Caesaribus. — Liverpool: Liverpool University Press, 1994. Chaumont, Marie Louise. Aurelius Victor // Encyclopaedia Iranica. — Vol. III, Fasc. 1. — 1987. — P. 28—29. Dufraigne, Pierre, éd. Aurelius Victor. Livre des Césars. — Paris: Les Belles Lettres, 1975. Stover, Justin A.; Woudhuysen, George. The Lost History of Sextus Aurelius Victor. — Edinburgh: Edinburgh University Press, 2023.

Спасылкі Liber de Caesaribus — лацінскі тэкст на сайце The Latin Library Sex. Aurelius Victor — біяграфічны артыкул праекта The Last Historians of Rome

Катэгорыя:Гісторыкі Старажытнага Рыма Катэгорыя:Пісьменнікі Старажытнага Рыма Катэгорыя:Палітыкі Старажытнага Рыма Катэгорыя:Лацінскія пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі IV стагоддзя Катэгорыя:Памёрлі ў IV стагоддзі