«На́рыс гісто́рыі Белару́сі (1795–2002)» — сінтэтычная навукова-папулярная праца беларускага гісторыка Захара Шыбекі, выдадзеная ў 2003 годзе ў мінскім выдавецтве «Энцыклапедыкс». Кніга ўяўляе сабой сціслы выклад гісторыі Беларусі ад канца XVIII стагоддзя да 2002 года.

Гісторыя стварэння і змест Праца над кнігай пачалася ў пачатку 1990-х гадоў у рамках міжнароднага праекта па напісанні «паралельнай гісторыі» Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Гэтая ініцыятыва ўзнікла пасля Рымскай канферэнцыі 1990 года, прысвечанай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, і падтрымлівалася прафесарам Джорджтаўнскага ўніверсітэта Анджэем Камінскім і прафесарам ўніверсітэта імя Складоўскай-Кюры ў Любліне Ежы Клачоўскім. Першапачаткова ад Беларусі для ўдзелу ў праекце былі абраныя гісторыкі Генадзь Сагановіч і Аляксей Літвін, але пасля адмовы апошняга літаратуразнавец Адам Мальдзіс запрасіў далучыцца Захара Шыбеку. Г. Сагановіч напісаў частку гісторыі ад найдаўнейшых часоў да далучэння беларускіх зямель да Расіі, а З. Шыбека ўзяў для апісання перыяд ад 1795 года да пачатку XXI стагоддзя. Паводле слоў самога аўтара, непасрэдны ўдзел у гэтым праекце і вострыя абмеркаванні з еўрапейскімі калегамі дапамаглі яму канчаткова адысці ад савецкай метадалогіі і сфарміраваць новы, дэдагматызаваны погляд на айчынную гісторыю.

У манаграфіі падзеі дзяржаўна-палітычнага і грамадскага жыцця Беларусі разглядаюцца ў шчыльнай сувязі з агульнаеўрапейскім кантэкстам. Асаблівая ўвага ў выданні надаецца тым аспектам беларускага мінулага, якія найбольш пацярпелі ад ідэалагічных установак савецкай гістарыяграфіі. Нягледзячы на папулярную і даступную форму выкладу матэрыялу, кніга з'яўляецца паўнавартаснай навуковай працай, якая прэзентуе новую версію гісторыі краіны.

Крытыка Кніга сустрэла жорсткую крытыку з боку прадстаўнікоў афіцыйнай і прасавецкай гістарыяграфіі Рэспублікі Беларусь. Доктар гістарычных навук, прафесар БДУІР Яўген Новік прысвяціў кнізе асобны крытычны артыкул, у якім абвінаваціў З. Шыбеку ў «зламыснай і нахабнай фальсіфікацыі» гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Галоўныя прэтэнзіі крытыка выклікаў сёмы раздзел выдання пад назвай «Перыяд Другой сусветнай вайны і нацыянальнай трагедыі. 1939–1945». Я. Новік асудзіў аўтара за выкарыстанне тэрміна «германска-савецкая вайна» замест «Вялікая Айчынная вайна» і за сцвярджэнні, што Савецкі Саюз разам з фашысцкай Германіяй з'яўляўся падпальшчыкам вайны пры нападзе на Польшчу ў 1939 годзе. Таксама непрыманне з боку афіцыйнага гісторыка выклікалі тэзісы З. Шыбекі аб тым, што супрацоўніцтва часткі беларусаў з нямецкімі акупантамі было «жэстам адчаю» і вынікам папярэдняга расійскага і польскага шавінізму. Я. Новік жорстка крытыкаваў кнігу за ўвагу да фактаў марадзёрства і гвалту з боку савецкіх партызан, а таксама за атаясамліванне сталінскага і гітлераўскага таталітарных рэжымаў. У выніку Я. Новік назваў выданне «антынавуковым», заявіўшы, што яно зневажае подзвіг савецкага народа і дапамагае «замежным палітыкам» скрасці ў яго Перамогу.

Забарона і цэнзура 27 снежня 2024 года «Нарыс гісторыі Беларусі (1795–2002)» быў афіцыйна ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Акрамя гэтага, выданне было ўключана ў асобны спіс з 35 забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў, які быў апублікаваны на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Кнігі 2003 года Катэгорыя:Экстрэмісцкія матэрыялы ў Беларусі Катэгорыя:Кнігі па гісторыі Беларусі Катэгорыя:Кнігі на беларускай мове