Андрэй Міхайлавіч Арцымовіч () — беларускі эканаміст, статыстык, выкладчык, адзін з пачынальнікаў вышэйшай статыстычнай адукацыі ў Беларусі.
Біяграфія
Паходжанне і раннія гады Са шляхецкага роду Арцымовічаў. Нарадзіўся 16 студзеня 1881 года ў Смаленску.
Бацька — Міхаіл Іосіфавіч Арцымовіч (Міхал, сын Юзафа), паводле сямейных паданняў і афіцыйнай біяграфіі сына — акадэміка Льва Андрэевіча Арцымовіча, быў удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў і сасланы ў Сібір. Паводле ж архіўных следчых дакументаў, за ўдзел у паўстанні і збор атрада да 6 гадоў катаргі асуджаны Міхаіл Міхайлавіч Арцымовіч (нар. 1841, уладальнік маёнтка Ярашоўка і фальварка Буда Магілёўскай губерні), ён адбываў пакаранне ў Астраханскай губерні і пазней пазбаўлены права жыць у сталіцах і ў Магілёўскай губерні. Маці Андрэя Міхайлавіча — Алена Ігнацьеўна Яхімовіч — з Сібіры, магчыма, дачка паўстанца 1830—1831 гадоў.
Сам Андрэй Арцымовіч называў сябе велікаросам, а родную мову — рускай. Ведаў французскую, нямецкую і польскую мовы; польскай, імаверна, навучыўся ў сям’і, бо ў гімназіях яе не вывучалі.
У 1900 годзе Андрэй Арцымовіч скончыў поўны курс 1-й Маскоўскай гімназіі, вучыўся разам з будучымі філосафам Іванам Ільіным і філолагам Сяргеем Радцыгам. У 1906 годзе паступіў на эканоміка-статыстычнае аддзяленне юрыдычнага факультэта Імператарскага Маскоўскага ўніверсітэта. Статыстыку вывучаў у прафесара М. А. Каблукова, а палітычную эканомію — у прыват-дацэнта І. М. Гольдштэйна; Падчас вучобы даследаваў тэорыю каштоўнасці класічнай школы, праблемы буйной і дробнай вытворчасці ў сельскай гаспадарцы і гісторыю хлебнага гандлю Масквы. Скончыў універсітэт у 1911 годзе з дыпломам I ступені па спецыяльнасці «палітычная эканомія і статыстыка» .
Пачатак дзейнасці (1911—1919) Пасля сканчэння ўніверсітэта працаваў у Смаленску ў Статыстычным аддзяленні губернскага земства, удзельнічаў у экспедыцыйным абследаванні гаспадарак Краснінскага павета . У 1912—1915 гадах займаў пасаду ў Статыстычным аддзяленні Маскоўскага параённага камітэта па рэгуляванні перавозак па чыгунцы, дзе ведаў «хлебнай статыстыкай» .
Падчас Першай сусветнай вайны, яшчэ ў 1902 годзе прызнаны «цалкам непрыдатным» да воінскай службы, Арцымовіч распрацоўваў даныя перавозак грузаў па чыгунках Расіі і сістэматызаваў ваенна-статыстычныя матэрыялы. З 1915 года выкладаў на спецыяльных курсах для служачых у спажывецкіх таварыствах эканамічную геаграфію і палітычную эканомію ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце імя А. Л. Шаняўскага. З 1916 года служыў у Галоўным камітэце Усерасійскага земскага саюза (УЗС) намеснікам загадчыка аддзела фінансава-статыстычнага ўліку .
Пасля Кастрычніцкага перавароту, з лютага 1918 года, працаваў намеснікам загадчыка статыстычнага аддзела Маскоўскага абласнога харчовага камітэта . З кастрычніка 1918 года быў адказным супрацоўнікам-спецыялістам па аддзеле прамысловай статыстыкі ў Цэнтральным статыстычным упраўленні (ЦСУ) РСФСР . Да 1919 года быў сябрам Таварыства імя А. І. Чупрова для распрацоўкі грамадскіх навук пры Маскоўскім універсітэце і працаваў там у камісіі па даследаванні дарагавізны.
З прычыны цяжкага харчовага становішча ў Маскве вясной 1919 года сям’я выехала ў Магілёў, куды Андрэй Арцымовіч камандзіраваны ЦСУ РСФСР для арганізацыі губернскага статыстычнага бюро, тым часам ад былога земскага статбюро засталіся адзін статыстык і тры пісцы, а таксама частка матэрыялаў перапісу 1917 год. У гэты перыяд пазнаёміўся з Іванам Суртам, будучым прэзідэнтам АН БССР, а тым часам старшынёй Магілёўскага губвыканкама, а з 1919 года — выканкама створанай Гомельскай губерні.
Праца на Гомельшчыне (1919—1923) Узначальваў губернскае статбюро і пасля пераносу губернскага цэнтру ў Гомель. Працаваць даводзілася ў экстрэмальных умовах прыфрантавога горада, эвакуацый у Клінцы і нястачы кадраў. Летам 1919 года супрацоўнікі бюро працавалі ў адным пакоі гасцініцы «Кантынент», а замест сталоў карысталіся дзвярамі . У кастрычніку 1919 года Арцымовічу нават выдалі спецыяльнае пасведчанне на правядзенне электрычнага асвятлення ў пакой, бо ён працаваў па вечарах дома.
Падчас часовай эвакуацыі ў Клінцы сям’я з васьмі чалавек (уключаючы ўдаву брата Вячаслава і яе дзяцей) тулілася ў шасцімятровай кладоўцы, а дзяцей давялося на кароткі час аддаць у прытулак, адкуль сын Леў збягаў да беспрызорнікаў.
Арцымовічу даводзілася выконваць не ўласцівыя статыстыцы функцыі, такія як распрацоўка праектаў па разгрузцы і абароне горада . Нягледзячы на перагружанасць, ён забяспечыў правядзенне ў губерні ўсерасійскіх перапісаў і стварыў паўнавартасны статыстычны апарат . 26 жніўня 1923 года супрацоўнікі бюро ганарова праводзілі яго ў Мінск на працу Беларускім дзяржаўным універсітэце (БДУ).
Праца ў БДУ (1923—1933) 30 чэрвеня 1923 года Андрэй Арцымовіч падаў заяву пра залічэнні на кафедру статыстыкі БДУ, перамовы пра працу ён вёў з прарэктарам і дэканам Факультэта грамадскім навук Саламонам Кацэнбогенам, які і прапанаваў Арцымовічу стварыць статыстычны кабінет . Быў зацверджаны на пасадзе выкладчыка 8 верасня 1923 года . У 1924/25 навучальным годзе вёў заняткі на двух факультэтах: педагагічным і грамадскіх навук . Чытаў курс «Тэорыя статыстыкі і яе прымяненне да педагогікі», які апераджаў свой час паводле метадалогіі . У чэрвені 1926 года атрымаў службовае пасведчанне БДУ № 1 . Выкладаў агульную тэорыю статыстыкі, гаспадарчую, сельскагаспадарчую, прамысловую статыстыку і эканамічную геаграфію .
Асабіста прывозіў з камандзіровак у Маскву і Петраград «пуды літаратуры» і навуковых матэрыялаў для ўніверсітэта. Толькі ў верасні 1923 года прывёз з Масквы больш за 100 кг кніг, а агульная вага камплекта «Зводнай статыстыкі», які ён арганізаваў да вывазу з Петраграда, складала каля 200 кг. На аснове ўласнай бібліятэкі і матэрыялаў, прывезеных з камандзіровак, стварыў у БДУ статыстычны кабінет, які не меў аналагаў у ВНУ СССР .
У 1923—1933 гадах Арцымовіч быў пастаянным сябрам эканамічнай прадметнай камісіі, якую ўзначальваў рэктар Уладзімір Пічэта .
Ва ўніверсітэце вылучаўся педантычнасцю і патрабавальнасцю: калі ў верасні 1927 года Арцымовіча не праінфармавалі пра сход і расклад, ён патрабаваў ад дэканата прыняць меры, каб не захадзіць у канцылярыю штодзень. Разам з нешматлікімі калегамі заклаў асновы вышэйшай статыстычнай адукацыі ў Мінску; паводле пастановы СНК БССР ад 3 сакавіка 1926 года, у 1926/27 навучальным годзе пры ўдзеле Арцымовіча адкрыта статыстычнае аддзяленне на факультэце права і гаспадаркі.
У лютым-сакавіку 1928 годзе камісія па праверцы нацыянальнай палітыкі вызначыла, што Арцымовіч вядзе заняткі на беларускай мове, хоць узровень яго валодання мовай быў прызнаны недастатковым . У 1928 годзе камісія пад старшынствам Пічэты ўхваліла і хадайнічала пра паездку Арцымовіча ў Берлін для вывучэння вопыту выкладання статыстыкі, але вышэйшыя органы (Глаўпрафадукацыі) у 1928 годзе адхілілі яго заяўкі на навуковыя камандзіроўкі ў Лондан, Берлін і нават Маскву з палітычных і эканамічных прычын .
Інстытут народнай гаспадаркі (з 1933) У 1933 годзе пасля рэарганізацыі факультэта народнай гаспадаркі БДУ Андрэй Арцымовіч перайшоў у новаствораны Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (БДІНГ), куды перадаў калекцыю свайго статыстычнага кабінета, працаваў на кафедры сацыялістычнага ўліку пад кіраўніцтвам прафесара А. А. Манава. У 1933/34 навучальным годзе ў Арцымовіча была каласальная навучальная нагрузка — 604 акадэмічныя гадзіны аўдыторных заняткаў. У інстытуце ён быў адзіным дацэнтам па ўлікова-статыстычных спецыяльнасцях і адзіным супрацоўнікам з дваранскім паходжаннем.
Навуковы ўклад і працу Арцымовіча па стварэнні кабінета высока ацаніў вядомы ўкраінскі акадэмік-дэмограф Міхаіл Птуха, што ў 1934 годзе стала аргументам для кваліфікацыйнай камісіі аднагалосна рэкамендаваць яго на пасаду выканаўца абавязкаў прафесара.
Апошнія дакументы пра яго дзейнасць датуюцца вераснем 1935 года.
Апошнія гады На думку Арцёма Назаранкі, Андрэй Міхайлавіч і Вольга Львоўна не здолелі эвакуіравацца з Мінска пасля пачатку вайны 22 чэрвеня 1941 годзе. Леў Арцымовіч у аўтабіяграфіі 1953 года пісаў, што бацькі памерлі ад голаду і хвароб падчас нямецкай акупацыі ў Мінску.
Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску. На помніку дата смерці Андрэя Міхайлавіча — 29 жніўня 1942, Вольгі Львоўны — 25 ліпеня 1943 года.
Таксама падчас вайны ў Мінску быў страчаны сямейны архіў Арцымовіча, дзе сярод іншага было родаводнае дрэва, фамільны кубак з чырвонага крышталя, апісанне радавога герба, дакументальныя сведчанні пра продкаў, адзін з якіх удзельнічаў у бітве пад Грунвальдам.
Навуковая дзейнасць Навуковыя працы Андрэя Арцымовіча прысвечаны пераважна гаспадарчай статыстыцы, транспарту і матэматычнай статыстыцы. У часы Першай сусветнай вайны ён распрацоўваў даныя аб перавозках грузаў і апублікаваў артыкулы аб чыгуначным транспарце і працы ваенна-санітарных цягнікоў. У 1920-я гады займаўся тэорыяй карэляцыі і прымяненнем тэорыі імавернасцей у выбарачных даследаваннях . Рабіў на заказ Наркамата фінансаў БССР даследаванні па тэме кустарна-рамесных промыслаў Беларусі . Навуковы ўклад быў высока ацэнены акадэмікам М. В. Птухам .
Асноўныя публікацыі «Опыт статистико-экономического исследования Богородского района» (1913) . «Район Московско-Нижегородской железной дороги с Муромской линией. Статистико-экономическое обследование» (1913) . «Железнодорожный транспорт в период войны» . «Военно-санитарные поезда В. З. С. и их работа» . «К вопросу о признаках ремесленного и кустарного предприятия как единицы наблюдения в промышленной статистике» (1928) .
Сям’я У 1908 годзе Андрэй Арцымовіч ажаніўся з Вольгай Львоўнай Леўен (Левін), дачкой заможнага гандляра, выхадца з Германіі. Вольга атрымала адукацыю ў пансіёне ў Швейцарыі, затым у Інстытуце высакародных дзяўчат. Брат Вольгі -- Максіма Леўен, быў адным з лідарам Баварскай рэвалюцыі. У сужэнцаў было трое дзяцей: сын Леў (нар. 1909, будучы фізік, акадэмік АН СССР), дочкі Кацярына (нар. 1911) і Вера (нар. 1914).
Таксама Андрэй Міхайлавіч гадаваў і выхоўваў пляменніка Міхаіла (сына загінулага брата Вячаслава), які разам з Львом Арцымовічам паступіў у БДУ.
Сям’я вылучалася культурай і інтэлектуальнай атмасферай. У доме выдаваўся рукапісны часопіс «Тишетамия» (ад «Тише там!», якое Андрэй Міхайлавіч часта крычаў са свайго кабінета, калі дзеці шумелі). Да рэвалюцыі Андрэй Міхайлавіч быў заўзятым паляўнічым, у яго маскоўскім кабінеце ляжала шкура забітага ім мядзведзя, таксама меў добры барытон. Арцымовіч быў абсалютным педантам: вёў штодзённыя бюлетэні, у якіх падлічваў выдаткі часу на розныя патрэбы, уключаючы чытанне газет і шпацыры з сабакам Бількам.
У Мінску сям’я жыла спачатку па вуліцы Шырокай, 28 (цяпер Куйбышава), а з зімы 1923 года — у прафесарскім доме па вуліцы Універсітэцкай, 5 (цяпер Кірава), кв. 4.
Крыніцы
Літаратура