Гарадскі́ стадыён () — шматфункцыянальны спартыўны стадыён у горадзе Клецку (Беларусь). З’яўляецца хатняй арэнай мясцовага футбольнага клуба «Клецк». Выкарыстоўваецца для правядзення футбольнх матчаў трэцяга дывізіёна і лёгкаатлетычных спаборніцтваў сярод жыхароў раёна.

Гісторыя Узвядзенне спартыўнага аб’екта цесна звязана з развіццём Клецкага сельскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 36 (цяпер — Клецкі сельскагаспадарчы каледж). У 1970-х гадах навучальная ўстанова атрымала новыя карпусы, пасля чаго пачалося будаўніцтва ўласнай дадатковай інфраструктуры. Непасрэдна стадыён быў пабудаваны ў 1980-я гады і неўзабаве атрымаў статус агульнагарадскога.

Размяшчаецца стадыён на ўскраіне Клецка: пры ўездзе ў горад з боку Мінска ён знаходзіцца ў нізіне з правага боку, у той час як з левага боку на ўзгорку размешчаны гарадскія могілкі.

У 2008 годзе ў горадзе быў створаны прафесійны футбольны клуб «Клечаск». Яго кіраўніцтва мела амбіцыйныя планы па развіцці спартыўнай інфраструктуры, паколькі існуючы стадыён знаходзіўся далёка ад цэнтра горада і меў патрэбу ў мадэрнізацыі (да таго ж якасць газона на той момант пакідала жадаць лепшага). Планавалася стварэнне чыста футбольнага стадыёна ў англійскім стылі з якасным натуральным газонам і трыбунамі на ўзвышшы. Аднак гэтыя планы засталіся нерэалізаванымі.

Сучасны стан Доўгі час на стадыёне выкарыстоўвалася рарытэтнае савецкае табло з драўлянымі зменнымі таблічкамі. У сакавіку 2024 года на фасадзе адміністрацыйнага будынка арэны было ўсталявана і пратэставана новае электроннае спартыўнае табло беларускай вытворчасці (памерам 2,5 на 1,5 метра), якое каштавала каля 9 тысяч рублёў. Яно дазваляе выводзіць тэкставую і лічбавую інфармацыю з назвамі каманд, лікам, нумарам тайма і бягучым часам гульні. У гэты ж перыяд раённыя ўлады паведамлялі аб магчымасці вылучэння фінансавання для поўнай замены футбольнага газона.

Крыніцы

Катэгорыя:Стадыёны Беларусі Катэгорыя:Спорт у Клецку Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Клецка