Міха́л Забе́ла (;  — , Цепліцы) — дзяржаўны і ваенны дзеяч. Вялікі лоўчы двара караля яго міласці ў Варшаве ў 1811 годзе, генерал-лейтэнант арміі Вялікага Княства Літоўскага, член Генеральнага штаба войска Вялікага Княства Літоўскага ў 1792 годзе, пасол інфлянцкі на Чатырохгадовы сойм у 1788 годзе, удзельнік вайны 1792 года.

Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду герба «Тапор». Сын Антонія Забелы і Соф’і са Шчытоў-Неміровічаў, дачкі мсціслаўскага кашталяна Юзафа Шчыта-Неміровіча. Брат Шымана і Юзафа Забелаў.

Служыў у французскай арміі, на заклік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1789 годзе перайшоў у Войска Літоўскае. Разгульнае парыжскае жыццё падарвала яго здароўе і маёмасць. Галоўным чынам дзякуючы сувязям, пратэкцыі, выдатнай знешнасці і свецкаму выхаванню ў 1789 годзе ён стаў генерал-маёрам, а ў 1790 годзе — генерал-лейтэнантам.

Быў абраны членам створанай у 1788 годзе Чатырохгадовым соймам Дэпутацыі замежных спраў. Як пасол на Чатырохгадовым сойме прадстаўляў кірунак палітычных і сацыяльных рэформаў, дзякуючы чаму набыў вялікую папулярнасць. 2 мая 1791 года падпісаў асекурацыю (гарантыйнае абавязацельства), у якой паабяцаў падтрымліваць праект Уставы аб кіраванні (Канстытуцыі 3 мая). Быў членам Згуртавання сяброў Урадавай канстытуцыі. 3 мая 1791 года як пасол заклікаў да прыняцця Канстытуцыі, што шмат у чым выпадкова стала непасрэднай падставай для яе зацвярджэння.

У перыяд з 1790 па 1792 год камандаваў 2-й Літоўскай дывізіяй. Праяўляў добрыя намеры і патрыятызм, аднак губляўся ў больш складаных ваенных сітуацыях. Тым не менш у час вайны 1792 года выконваў абавязкі галоўнакамандуючага літоўскімі войскамі. 23 чэрвеня 1792 года, пасля адклікання Юзафа Юдзіцкага, быў прызначаны камандзірам 1-й Літоўскай дывізіі. Ён спрабаваў выправіць памылкі свайго папярэдніка, аднак усё роўна пацярпеў паражэнне і пасля падачы ў адстаўку з’ехаў у Вену, дзе на гулянках канчаткова страціў здароўе і маёмасць. Пасля пачатку паўстання 1794 года быў зняволены ў крэпасці Ёзэфштат. У 1795 годзе атрымаў вызваленне, пасля чаго жыў пад паліцэйскім наглядам у Празе. У 1812 годзе далучыўся да Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага.

Памёр у галечы ў чэшскім горадзе Цепліцы. Быў знаўцам і калекцыянерам мастацтва. Таксама з’яўляўся членам масонскай ложы «Дабрадзейны сармат».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Члены Дэпутацыі замежных спраў Катэгорыя:Члены Генеральнай канфедэрацыі Каралеўства Польскага (1812) Катэгорыя:Члены Генеральнага штаба Войска Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Генерал-лейтэнанты арміі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Удзельнікі расійска-польскай вайны 1792 года Катэгорыя:Паслы Чатырохгадовага сойма Катэгорыя:Дзеячы Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Забелы (род) Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1760 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1815 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Цепліцах