Святаслаў Мікалаевіч Рэрых (10 (23) кастрычніка 1904, Санкт-Пецярбург — , Бангалор, Індыя) — рускі і індыйскі мастак, грамадскі дзеяч, ганаровы чалец Акадэміі мастацтваў СССР з 1978 года. Асноўныя жанры яго творчасці — пейзажны жывапіс, партрэты і сімвалічныя кампазіцыі. Ён быў сынам Мікалая і Алены Рэрых і малодшым братам Юрыя Рэрыха.
Дзяцінства Святаслаў Рэрых нарадзіўся 10 (23) кастрычніка 1904 года ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і рускага мастака Мікалая Рэрыха і Алены Рэрых. С. Рэрых пачаў займацца жывапісам і скульптурай у раннім узросце, наведваў заняткі ў школе Імператарскага таварыства спрыяння мастацтву ў Санкт-Пецярбургу. У 1913 годзе ён паступіў у гімназію імя Карла Ягана Мая. У дзяцінстве бацька часта браў яго з сабою ў археалагічныя экспедыцыі.
У 1916 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, ён разам з сям’ёй пераязджае ў Фінляндыю. У 1919 годзе Святаслаў Рэрых пачаў вывучаць архітэктуру ў Каралеўскай акадэміі мастацтваў у Лондане. Разам з бацькам браў удзел у стварэнні дэкарацый для опер «Снягурка», «Садко» і «Князь Ігар».
Вучоба і праца ў ЗША Святаслаў Рэрых працягнуў сваю архітэктурную адукацыю ў Злучаных Штатах, спачатку навучаючыся на архітэктурным факультэце Калумбійскага ўніверсітэта, дзе атрымаў ступень бакалаўра. Пасля — у Гарвардскім універсітэце, адначасова наведваючы скульптурнае аддзяленне ўніверсітэта Масачусетса.
У 1923 годзе, ва ўзросце 19 гадоў, ён стаў дырэктарам міжнароднага мастацкага цэнтра «Corona Mundi» (Вянец Свету), а пазней — віцэ-прэзідэнтам Музея Мікалая Рэрыха ў Нью-Ёрку. У 1924 годзе ён разам з бацькам накіраваўся ў Брытанскую Індыю, але ў тым жа годзе вярнуўся ў Злучаныя Штаты, дзе працягнуў працу ў культурных і адукацыйных арганізацыях, заснаваных Рэрыхамі.
У 1925 годзе ён арганізаваў свае першыя персанальныя выставы ў Злучаных Штатах і хутка зарэкамендаваў сябе як партрэтыст. У 1926 годзе блізу сотні яго прац былі паказаныя на выставе ў Філадэльфіі, прысвечанай 150-годдзю падпісання ў гэтым горадзе Дэкларацыі Незалежнасці ЗША, і атрымалі Гран-пры.
Праца ў Індыі Пасля завяршэння вучобы ў 1931 годзе С. Рэрых канчаткова пасяліўся з бацькамі ў Індыі. З 1930 па 1945 год ён прымаў удзел у працы Гімалайскага навукова-даследчага інстытута «Урусваці», узначальваў яго прыродазнаўчы аддзел. У 1944 годзе, працуючы над дэкарацыямі да фільма, ён пазнаёміўся з вядомай індыйскай кінаактрысай Дэвікай Рані. У 1945 годзе яны ажаніліся ў даліне Кулу.
У Індыі ён актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і культурным жыцці і аддаваў больш часу жывапісу. Шматлікія карціны Святаслава Рэрыха прысвечаныя Індыі, разнастайнасці яе культурных традыцый і вытанчанасці духоўнага жыцця. Апроч пейзажаў, ён стварыў мноства партрэтаў. Яго карціны з выявамі Джавахарлала Нэру і Індыры Гандзі размешчаныя ў гістарычнай Цэнтральнай зале парламенту Індыі ў Нью-Дэлі.
Рэрых нарадзіўся грамадзянінам Расійскай імперыі, але пасля бальшавіцкай рэвалюцыі стаў асобай без грамадзянства. Пражываючы ў Індыі з 1930-х гадоў, ён атрымаў індыйскае грамадзянства 21 сакавіка 1960 года.
Святаслаў Рэрых — аўтар манаграфіі па гісторыі мастацтва «Мастацтва ў даліне Кулу» (1967), а таксама шэрагу артыкулаў і выступленняў па гісторыі мастацтва і філасофіі. Сярод філасофскіх праблем, якія разглядаліся Святаславам Рэрыхам, — роля мастацтва ў грамадстве. У 1972 годзе ён заснаваў культурна-асветніцкі цэнтр мастацтваў «Чытракала Парышад», які з часам стаўся аддзяленнем мясцовага ўніверсітэта.
Візіты ў СССР С. Рэрых неаднаразова наведваў СССР. Першая выстава яго карцін у СССР адбылася ў 1960 годзе ў Пушкінскім музеі ў Маскве. Праз некалькі месяцаў карціны былі выстаўленыя ў Эрмітажы.
Калі ў 1974 годзе СССР адзначаў 100-годдзе з дня нараджэння Мікалая Рэрыха, дзеля выставы ў Маскве Святаслаў Рэрых прывёз з Індыі 288 карцін, напісаных ім самым і яго бацькам. Гэтыя карціны пазней былі паказаныя ў рамках перасоўнай выставы па ўсёй краіне. Таксама ў 1974 годзе Рэрых прывёз у СССР 42 карціны з архітэктурнай серыі свайго бацькі, падараваныя яму Кэтрын Кэмпбэл-Стыбэ са Швейцарыі, і перадаў іх Міністэрству культуры. Пазней Кэмпбэл- Стыбэ ахвяравала СССР яшчэ каля 100 карцін Рэрыхаў.
У 1984 годзе, у 110-годдзе з дня нараджэння бацькі і ў свой уласны 80-ты дзень нараджэння, Святаслаў Рэрых і яго жонка прынялі ўдзел у трохдзённай міжнароднай канферэнцыі ў Маскве, прысвечанай унёску Рэрыхаў у сусветную культуру. На гэтай канферэнцыі было вырашана заснаваць у Маскве Музей М.К. Рэрыха. У 1987 годзе С. Рэрыха прымаў у Крамлі Міхал Гарбачоў, і было дасягнутае пагадненне пра заснаванне музея Мікалая Рэрыха ў Расіі, які пазней быў перайменаваны ў Міжнародны цэнтр Рэрыха.
У 1990 годзе Святаслаў Рэрых перадаў частку сямейнага архіву і карцін у Фонд Рэрыхаў у Маскве.
Пахаванне 30 студзеня 1993 года С. Рэрых памёр у горадзе Бангалор, Індыя. Ён быў пахаваны ў сваім маёнтку Татагуні, а пазней побач з ім была пахаваная яго жонка Дэвіка Рані Рэрых.
Узнагароды і званні
У 1962 годзе С. Рэрых атрымаў адну з вышэйшых дзяржаўных узнагарод Індыі — Падма Бхушан. Таксама ён быў уганараваны званнем ганаровага акадэміка Акадэміі мастацтваў СССР (1978 г.) і з’яўляўся ганаровым чальцом Балгарскай акадэміі мастацтваў.
Катэгорыя:Мастакі Расіі XX стагоддзя Катэгорыя:Кавалеры ордэнаў Індыі Катэгорыя:Кавалеры ордэна Дружбы народаў Катэгорыя:Эмігранты з Расійскай імперыі