Браніслаў Раманавіч Анцілеўскі () — савецкі ваенны лётчык, Герой Савецкага Саюза (1940), пазбаўлены званняў і ўзнагарод (1950) за калабарацыянізм і ўдзел ва ўзброеных сілах Камітэта вызвалення народаў Расіі (КВНР), якія ваявалі на баку нацысцкай Германіі падчас Другой сусветнай вайны.

Біяграфія

Паходжанне і адукацыя Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў Маркаўцах Станькаўскай воласці Менскага павета Мінскай губерні, цяпер Азерскі сельсавет Уздзенскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. Наконт даты нараджэння ёсць некалькі версій: 30 снежня 1916 года, ліпень 1916 года або ліпень 1917 года.

Нацыянальнасць у адных дакументах беларус, у іншых — паляк. Выхоўваўся ў каталіцкай сям’і. Маці -- Мальвіна Іосіфаўна Анцілеўская, працавала ў калгасе імя Леніна ў Кайкаве разам з бацькамі іншага лётчыка-героя Іосіфа Матрунчыка.

У 1937 годзе скончыў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум (цяпер Мінскі фінансава-эканамічны каледж) па спецыяльнасці эканаміст. Паралельна з вучобай у тэхнікуме наведваў заняткі ў Мінскім аэракубе імя Молакава.

Служба ў Чырвонай Арміі і савецка-фінляндская вайна На службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную армію (РСЧА) паступіў 3 кастрычніка 1937 года. У 1938 годзе скончыў школу авіяцыі асобага прызначэння (вучылішча) у Моніна Маскоўскай вобласці. З ліпеня 1938 года займаў пасаду малодшага камандзіра, стралка-радыста 1-й эскадрыллі 21-га дальнябамбардзіровачнага авіяцыйнага палка (дбап) 27-й дальнябамбардзіровачнай авіяцыйнай дывізіі.

Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне (1939—1940) у складзе экіпажа дальняга бомбадыроўшчыка ДБ-3Ф на Паўночна-Заходнім фронце. Здзейсніў больш за 20 баявых вылетаў і асабіста збіў 2 фінскія самалёты. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 красавіка 1940 года яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 304). Узнагароду атрымаў у Крамлі 28 красавіка 1940 года. Быў адзіным ваеннаслужачым 21-га дбап, прадстаўленым да гэтага звання.

Пасля савецка-фінляндскай вайны працягваў службу стрэлком-радыстам у 42-м дбап у Заходняй асобай ваеннай акрузе. У маі 1940 года наведваў родныя Маркаўцы, выступаў перад калгаснікамі і навучэнцамі свайго тэхнікума ў Мінску. Імя Анцілеўскага занеслі на рэспубліканскую ганаровую дошку камсамольцаў Беларусі.

Вялікая Айчынная вайна і палон У 1942 годзе прайшоў навучанне ў Качынскай Чырвонасцяжнай ваеннай авіяцыйнай школе імя А. Ф. Мяснікова. З красавіка 1942 года Анцілеўскі на франтах Вялікай Айчыннай вайны як лётчык-знішчальнік. У 1942 годзе стаў членам ВКП(б). Служыў у 20-м знішчальным авіяцыйным палку (іап) 303-й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі (іад) 1-й паветранай арміі Заходняга фронту, пазней — у 203-м іап. Займаў пасады камандзіра звяна (са снежня 1942 да красавік 1943) і намесніка камандзіра эскадрыллі. Атрымаў званні лейтэнанта (17 верасня 1942) і старшага лейтэнанта (25 ліпеня 1943).

За здзяйсненне 56 паспяховых баявых вылетаў загадам ад 29 ліпеня (паводле іншых звестак — 3 жніўня) 1943 года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. У жніўні 1943 года падчас суправаджэння бамбадыроўшчыкаў Пе-2 асабіста збіў варожы знішчальнік ФВ-190. Агулам за тры дні жнівеньскіх баёў збіў 3 самалёты праціўніка (асабіста і ў групе).

28 жніўня 1943 года яго самалёт Як-9 збіты ў паветраным баі пад Смаленскам. Анцілеўскі выкінуўся з парашутам і трапіў у палон.

Калабарацыянісцкая дзейнасць У палоне быў у лагерах у раёне Сувалак і ў Морыцфельдзе. Паводле матэрыялаў следства, на допытах выдаў інфармацыю пра размяшчэнне часцей сваёй дывізіі і тыпах яе самалётаў. Пад уплывам былога палкоўніка РСЧА Віктара Мальцава ў канцы 1943 года добраахвотна ўступіў у Рускую вызваленчую армію (РВА), прыняў прысягу.

У складзе сіл РВА ўдзельнічаў у аперацыях супраць партызан у раёне Даўгаўпілса (люты — чэрвень 1944 года). Потым пераганяў самалёты з нямецкіх авіязаводаў на палявыя аэрадромы. Навучаў лётчыкаў РВА тэхніцы пілатавання на нямецкіх знішчальніках. Вёў антысавецкую прапаганду — выступаў па радыё і ў друку, падпісаў заклік да савецкіх ваеннапалонных, які распаўсюджваўся ва ўлётках з яго партрэтам.

19 снежня 1944 года прызначаны камандзірам 2-й бамбардзіровачнай эскадрыллі (з сакавіка 1945 года — 8-я эскадрылля начных бамбардзіроўшчыкаў 1-га авіяпалка КВНР). 5 лютага 1945 года атрымаў званне капітана ВПС КВНР. У красавіку 1945 года камандаваў знішчальнай эскадрылляй і ўдзельнічаў у баях супраць Чырвонай арміі на плацдарме Эрленгоф (раён Одэра). За службу ўзнагароджаны нямецкім знакам адрознення для ўсходніх народаў, двума медалямі і імяннымі гадзіннікамі ад генерала Уласава.

Арышт і пакаранне Пасля капітуляцыі Германіі быў у Чэхаславакіі. Паводле адной версіі, 30 красавіка 1945 года разам з авіяцыяй Мальцава здаўся ў палон амерыканцам, пасля чаго быў у лагеры ў французскім Шэрбуры, затым выдадзены СССР у жніўні — верасні 1945 года.

Паводле іншай версіі, у Чэхаславакіі Анцілеўскі спрабаваў легалізавацца, уступіў у антыфашысцкі партызанскі атрад «Чырвоная іскра» пад імем Барыса Беразоўскага. З дакументамі на гэта імя, атрыманымі ў атрадзе, спрабаваў перабрацца на тэрыторыю СССР, арыштаваны 12 чэрвеня 1945 года органамі НКУС. Падчас праверкі ў абцасе бота знайшлі «Залатую Зорку», па яе нумары вызначылі яго асобу.

25 ліпеня 1946 года ваенны трыбунал Маскоўскай ваеннай акругі па артыкуле 58-1 «б» КК РСФСР прыгаварыў Анцілеўскага да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці. Датай выканання прысуду называюць 25 ліпеня або 29 лістапада 1946 года. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 ліпеня (паводле іншых звестак — 1 жніўня) 1950 года пазбаўлены звання Героя Савецкага Саюза і ўсіх дзяржаўных узнагарод. У 2001 годзе Галоўная ваенная пракуратура РФ перагледзела справу і пацвердзіла законнасць прысуду, адмовіўшы ў рэабілітацыі.

Ёсць апакрыфічная версія («іспанскі след»), паводле якой Анцілеўскі здолеў унікнуць арышту і ўцячы на самалёце Fi-156 «Шторх» у франкісцкую Іспанію, дзе ён нібыта жыў да 1970-х гадоў. Версія звязана з тым, што ў некаторых архіўных матэрыялах няма прамых звестак выкананне прысуду.

Андрэй Катлярчук адзначае, што імя Анцілеўскага было цалкам выкраслена з афіцыйнай беларускай савецкай гістарыяграфіі, ён быў адзіным беларусам Героем Савецкага Саюза, які перайшоў на бок Германіі.

Узнагароды Званне Героя Савецкага Саюза (7 красавіка 1940, пазбаўлены ў 1950). Медаль «Залатая Зорка» (№ 304, 7 красавіка 1940, пазбаўлены ў 1950). Ордэн Леніна (7 красавіка 1940, пазбаўлены ў 1950). Ордэн Чырвонага Сцяга (жнівень 1943, пазбаўлены ў 1950). Нямецкі знак адрознення для ўсходніх народаў (люты 1945). Два нямецкія медаля. Імянныя гадзіннікі ад генерала Уласава.

Крыніцы

Літаратура Александров К. М. Офицерский корпус армии генерал-лейтенанта А. А. Власова. 1944—1945. — СПб., 2001. Бортаковский Т. В. Расстрелянные Герои Советского Союза. — М.: Вече, 2012. — ISBN 978-5-9533-6190-3 Елісеева Ніна. У калгасе герояў // Работніца і калгасніца Беларусі. — 1940. — № 13 (ліпень). — С. 10.

Спасылкі