Тадэ́вуш Фурды́на (; , гміна Тушаў Нарадовы, Польшча) — польскі каталіцкі святар, салезіянін, мастак, вітражыст.
Біяграфія Нарадзіўся 20 лютага 1930 года ў гміне Тушаў Нарадовы (цяпер у Падкарпацкім ваяводстве Польшчы). Першыя манаскія абяцанні склаў 2 жніўня 1947 года ў Чэрвіньску. У 1951—1956 гадах вывучаў тэалогію ў салезіянскай семінарыі ў Асвенціме. Святарскае пасвячэнне прыняў 29 чэрвеня 1956 года ў Асвенціме.
Пасля пасвячэння распачаў мастацкія студыі на факультэце прыгожых мастацтваў Універсітэта імя Мікалая Каперніка ў Торуні ў майстэрні прафесара Станіслава Барысоўскага, дзе атрымаў дыплом у 1964 годзе. Працягваў паслядыпломнае навучанне ў майстэрні манументальнага жывапісу прафесара Яцака Жулаўскага ў Дзяржаўнай вышэйшай школе пластычных мастацтваў у Гданьску, а таксама ў майстэрнях прафесараў Вацлава Таранчэўскага і Ежы Навасельскага ў Акадэмія прыгожых мастацтваў у Кракаве.
У 1982—2002 гадах працаваў прафесарам гісторыі мастацтва і кансервацыі помнікаў у Вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў францысканцаў у Лодзі-Лагеўніках.
Творчасць Творчасць святара з'яўляецца ўнікальнай з'явай і вынікам больш чым 60-гадовай працы. Яго мастацкі здабытак уключае каля 1030 станковых карцін, 700 вітражоў, 205 поўных інтэр'ераў касцёлаў, а таксама шматлікія скульптуры, мазаікі, паліхроміі, графічныя працы і кніжныя ілюстрацыі.
Мастацкі стыль Т. Фурдыны абапіраецца на розныя кірункі мастацтва XX стагоддзя. У яго творах прасочваюцца рысы кубізму, экспрэсіянізму, сюррэалізму, а таксама абстрактна-геаметрычнага кірунку. Сярод мастакоў, якія найбольш паўплывалі на яго творчасць, ён вылучаў Паўля Клее, Марка Шагала, Пабла Пікаса, Жуана Міро, Васіля Кандзінскага і Ежы Навасельскага. Значнай рысай яго мастацтва з'яўляецца насычанасць твораў тэалагічнымі, філасофскімі і этычнымі адсылкамі.
Мастак аформіў інтэр'еры шматлікіх храмаў у Польшчы, у тым ліку ў Тамашаве Мазавецкім, Жырардаве, Лодзі, Бжэска, Плоцку і Бжэзне.
Вядомыя яго працы знаходзіліся і ў Беларусі. У прыватнасці, пасля вяртання каталікам былога кальвінскага збору — касцёла Святога Міхаіла Арханёла ў Смаргоні ў 1990 годзе, менавіта Тадэвушу Фурдыну даручылі стварэнне новага інтэр'ера храма. Мастак распрацаваў цэласны мастацкі комплекс у стылістыцы мадэрнізму і экспрэсіянізму, які гарманіраваў са старажытным рэнесансным будынкам. Комплекс уключаў алтарную кампазіцыю, амбон, купель, стацыі крыжовага шляху, унікальныя вітражы і аўтарскія роспісы (фрэскі) на скляпенні цэнтральнага купала святыні.
Аднак у 2016 годзе новыя ўласнікі касцёла вырашылі пазбавіцца ад сучаснага мастацтва, замяніўшы яго на інтэр'ер у барочным стылі (паводле праекта ксяндза Артура Ляшнеўскага SDB, які тады быў яшчэ семінарыстам). У выніку мастацкі твор Т. Фурдыны быў фактычна знішчаны: унікальныя роспісы на купале былі зафарбаваны, бакавыя алтары і купель — выкінутыя, а амбон і алтарны стол вывезены ў Бялынічы. З усяго мадэрнісцкага комплексу ў смаргонскім храме ацалелі толькі вітражы.
Узнагароды У сакавіку 2013 года ў Гарадской галерэі мастацтва ў Лодзі прайшла выстава, прысвечаная 50-годдзю творчай дзейнасці майстра. Ён з'яўляецца лаўрэатам мастацкай прэміі імя святога брата Альберта за выдатныя дасягненні ў галіне сакральнага мастацтва. У 2022 годзе за выдатныя заслугі і шматгадовую мастацкую дзейнасць узнагароджаны Залатым медалём «За заслугі ў культуры Gloria Artis».
Крыніцы
Літаратура Pasja – grafiki ks. Tadeusza Furdyna, autor: Sławomir Krajewski W ciszy pracowni malarstwo ks. Tadeusza Furdyny SDB, autor Jan Dominikowski (2007) Słowo i obraz: rzecz o sztuce sakralnej księdza Tadeusza Furdyny, autor Jan Dominikowski (2006) Przestrzeń słowa... O wnętrzach sakralnych ks. Tadeusza Furdyny, autor Jan Dominikowski (2001) Grób Pański w sztuce ks. Tadeusza Furdyny, autor Jan Dominikowski (2000)
Катэгорыя:Нарадзіліся 20 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1930 годзе Катэгорыя:Каталіцкія святары Польшчы Катэгорыя:Салезіянцы Катэгорыя:Выпускнікі Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні Катэгорыя:Мастакі Польшчы Катэгорыя:Мастакі-вітражысты Беларусі Катэгорыя:Узнагароджаныя Залатым медалём «За заслугі ў культуры Gloria Artis»