Анатоль Васільевіч Міхнавец () — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, адзін з заснавальнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Край», кіраўнік ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» і руху «Воля». Сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, у мінулым — член яе Нацыянальнай рады. З 1 ліпеня 2026 года — першы віцэ-спікер Каардынацыйнай рады Беларусі чацвёртага склікання.
Біяграфія
Раннія гады і дзейнасць у Беларусі Нарадзіўся 7 ліпеня 1975 года ў Мінску. Паводле словаў Міхнаўца, грамадска-палітычнай дзейнасцю пачаў займацца ў школьным узросце. Пасля школы скончыў прафесійна-тэхнічнае вучылішча і тэхнікум, затым без экзаменаў быў прыняты ў Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію. Вучобу ў акадэміі не скончыў, быў адлічаны за палітычную дзейнасць.
У 1998 годзе разам з Вадзімам Кабанчуком заснаваў спартыўна-патрыятычную арганізацыю «Край». Яе ўдзельнікі займаліся фізічнай падрыхтоўкай і гістарычнай асветай, ладзілі акцыі ў абарону незалежнасці Беларусі і працавалі з моладдзю. Арганізацыя дзейнічала да 2001 года.
У пачатку 2000-х гадоў Міхнавец і Кабанчук некаторы час знаходзіліся ў Бельгіі, дзе стварылі Беларускае еўрапейскае аб’яднанне і ўдзельнічалі ў арганізацыі акцый беларускай палітычнай эміграцыі. Пазней яны вярнуліся ў Беларусь, але ў краіне Міхнавец пражыў толькі да 2006 года.
У сярэдзіне 2000-х гадоў далучыўся да аргкамітэта партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», пазней уваходзіў у яе Нацыянальную раду. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года быў членам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага і збіраў подпісы за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Пасля разгону пратэсту 19 снежня 2010 года вярнуўся ў Польшчу.
Дзейнасць у Польшчы Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і разгону намётавага лагера на Кастрычніцкай плошчы пераехаў у Польшчу і стаў удзельнікам стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага. У варшаўскім універсітэце Collegium Civitas атрымаў ступені бакалаўра і магістра па спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны».
Падчас вучобы заснаваў ініцыятыву «Беларуская нацыянальная памяць», якая займалася пошукам і ўшанаваннем звязаных з беларускай гісторыяй месцаў, магіл і помнікаў, а таксама арганізацыяй памятных мерапрыемстваў. Сярод асноўных кірункаў дзейнасці ініцыятывы было ўшанаванне памяці Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў. Пасля выяўлення ў 2016 годзе ў Вільні парэшткаў кіраўнікоў паўстання ўдзельнічаў у кантактах беларускай грамадскасці з літоўскім бокам наконт іх перапахавання.
Узначальваў таварыства «Звяз за дэмакратыю ў Беларусі» ().
У маі 2013 года падчас матча чэмпіянату свету па хакеі паміж зборнымі Беларусі і Чэхіі ў Швецыі разгарнуў на трыбуне вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Ахова вывела яго са стадыёна. Інцыдэнт атрымаў асвятленне ў польскіх і беларускіх медыя.
Пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны ў 2014 годзе займаўся арганізацыйнай працай у беларускім добраахвотніцкім руху. Спачатку — у Тактычнай групе «Беларусь», пасля 2022 года — у структурах, звязаных з палком імя Кастуся Каліноўскага. У палку кіраваў харунжай службай. Пазней разам з Кабанчуком удзельнічаў у стварэнні грамадскага руху «Каліноўцы».
Жыве ў Варшаве, працуе архівістам. Захоўвае беларускае грамадзянства.
Каардынацыйная рада На выбарах у Каардынацыйную раду ў 2026 годзе балатаваўся ў складзе спіса «Воля» і быў абраны дэлегатам рады чацвёртага склікання. 1 ліпеня 2026 года быў абраны першым віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады. За яго кандыдатуру прагаласавалі 55 з 75 дэлегатаў.
Узнагароды Медаль да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі (2019).
Крыніцы