Аляксандра Мікалаеўна Ханевіч () — беларуская блогерка, грамадская і палітычная дзеячка, былая работніца гродзенскага прадпрыемства «Хімвалакно». Удзельніца пратэстаў 2020 года, пасля палітычнага пераследу пераехала ў Польшчу. Дэлегатка Каардынацыйнай рады Беларусі трэцяга і чацвёртага скліканняў.

Біяграфія

Раннія гады і працоўная дзейнасць Нарадзілася 27 сакавіка 1952 года ў вёсцы Калбасіно, якая пазней увайшла ў межы Гродна. Першы клас скончыла ў Казахстане, куды яе бацькі выехалі на асваенне цалінных земляў. Пасля хваробы маці сям’я вярнулася ў Калбасіно. Калі Ханевіч вучылася ў трэцім класе, загінуў яе бацька, пасля чаго яна з дзевяцігадовага ўзросту працавала ўлетку на сельскагаспадарчых работах.

Пасля школы працавала на абутковай фабрыцы ў Гродне. У 1977 годзе перайшла на новапабудаваны завод «Хімвалакно». Падчас дэкрэтнага адпачынку скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча хімікаў, атрымаўшы спецыяльнасць апаратчыцы шырокага профілю. Пазней скончыла хіміка-тэхналагічны тэхнікум па спецыяльнасці «абсталяванне хімічных заводаў» і атрымала кваліфікацыю тэхніка-механіка.

На «Хімвалакне» працавала апаратчыцай прыгатавання хімічных раствораў, а затым аператаркай дыстанцыйнага пульта кіравання. Усяго на прадпрыемстве адпрацавала каля сарака гадоў. Пасля выхаду на пенсію далучылася да ветэранскай арганізацыі прадпрыемства. Праз два месяцы была абраная намесніцай старшыні арганізацыі, а ў 2018 годзе стала яе старшынёй.

Пратэсты і пераезд у Польшчу Паводле Ханевіч, яе стаўленне да беларускай палітычнай сістэмы пачало змяняцца пасля рэферэндуму 1996 года. Яе сын, які ў той час служыў ва ўнутраных войсках, паведаміў, што вайскоўцаў рыхтавалі да разгону дэманстрацый у Мінску. На яе погляды таксама паўплывалі знікненні беларускіх апазіцыйных дзеячаў у канцы 1990-х гадоў.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, як старшыня ветэранскай арганізацыі, атрымала распараджэнне збіраць подпісы за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі. Разам з тым яна наведвала сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, на якіх задавала пытанні пра затрыманне Сяргея Ціханоўскага, а таксама стаяла ў чарзе, каб падпісацца за вылучэнне Святланы Ціханоўскай.

Увечары 9 жніўня 2020 года Ханевіч стала сведкай затрыманняў у цэнтры Гродна. Яна паспрабавала перашкодзіць сілавікам затрымаць маладога чалавека, якога прыняла за свайго сына, пасля чаго яе саму змясцілі ў аўтазак. У зняволенні яна правяла каля 15 гадзін, пасля чаго была аштрафаваная на 20 базавых велічынь.

13 верасня 2020 года Ханевіч затрымалі другі раз. Пасля складання пратакола яе адпусцілі, аднак ёй давялося зафіксаваць атрыманыя падчас затрымання цялесныя пашкоджанні. Пераследу і допытам падвяргаўся таксама яе сын. У снежні 2020 года знаёмы з органаў мясцовай улады папярэдзіў Ханевіч пра магчымы арышт, пасля чаго яна разам з сынам выехала ў Польшчу.

У Польшчы пасялілася ў Беластоку. У першыя гады эміграцыі прыбірала дамы і кватэры, а таксама даглядала дзяцей. Пазней адмовілася ад большай часткі гэтай працы і засяродзілася на вядзенні блога.

Блогерская і грамадская дзейнасць У студзені 2022 года Ханевіч знялася ў фільме расійскага журналіста Юрыя Дудзя «Як жыць, калі пазбаўляюць радзімы», прысвечаным беларусам у вымушанай эміграцыі. Пасля выхаду фільма ўзрасла колькасць падпісчыкаў яе старонак у сацыяльных сетках.

У сакавіку 2023 года пачала весці ўласны канал на YouTube, у якім расказвае пра пераезд, жыццё ў Польшчы, падарожжы і асабісты досвед. У стварэнні канала ёй дапамагалі супрацоўнікі медыя «Мост». Пазней Ханевіч таксама пачала супрацоўнічаць з гэтым выданнем.

У кастрычніку 2023 года, падчас паездкі ў Ізраіль, апынулася ў краіне ў момант нападу ХАМАС. У вяртанні ў Польшчу ёй дапамагалі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў ЗША і структуры беларускай дэмакратычнай апазіцыі.

У 2025 годзе знялася ў музычным кліпе «Psyhofan» польскага блогера і музыканта Kolorek, дзе выканала ролю вядзьмаркі-шаптухі. Гэта стала яе першым досведам здымак у музычным відэа.

Каардынацыйная рада На выбарах у Каардынацыйную раду ў 2024 годзе балатавалася ад спіса «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“». Спіс атрымаў 28 мандатаў, а Ханевіч была абраная дэлегаткай рады трэцяга склікання. У 2026 годзе ўвайшла ў склад Каардынацыйнай рады чацвёртага склікання.

Пераслед у Беларусі 3 мая 2024 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнаў кааліцыю «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“» экстрэмісцкім фарміраваннем. Ханевіч была названая сярод асоб, якія, паводле беларускіх уладаў, маюць да яе дачыненне.

У лютым 2025 года суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў старонку Ханевіч у Instagram «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

У маі 2025 года, паводле рашэння суда Ленінскага раёна Гродна, ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі яе асабісты YouTube-канал і старонку ў Facebook.

Крыніцы

Катэгорыя:Жанчыны-палітыкі Беларусі Катэгорыя:Блогеры Беларусі