Крыж Змага́ння Тадэ́вуша Касцю́шкі — вайсковая ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, распрацаванай Геральдычнай радай «Пагоня». Прызначана для адзначэння камандзіраў беларускіх вайсковых фармаванняў і саюзных армій за ўмелае кіраўніцтва баявымі аперацыямі і выключную асабістую мужнасць. Заснавана 8 жніўня 2024 года пастановай Часовай вайсковай камісіі Беларускай вызвольнай арміі (БВА).

Статут і парадак узнагароджання Крыж з'яўляецца выключна вайсковай адзнакай. Згодна са статутам, ім узнагароджваюцца камандзіры падраздзяленняў Збройных сіл Беларусі і нацыянальных вайсковых фармаванняў у складзе саюзных войскаў, напрыклад, беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Узнагарода надаецца за ўмелую арганізацыю і правядзенне баявых дзеянняў, якія дазволілі выканаць пастаўленыя задачы нягледзячы на ўпарты супраціў праціўніка і яго колькасную перавагу; за паспяховыя мерапрыемствы па недапушчэнні агрэсіі супраць Беларускай дзяржавы, а таксама за неаднаразовыя праявы асабістай мужнасці і храбрасці ў баі.

У выключных выпадках за выдатныя заслугі ў абароне суверэнітэту Крыжам могуць узнагароджвацца цэлыя вайсковыя падраздзяленні. Замежныя грамадзяне (камандзіры саюзных войскаў) таксама могуць быць адзначаны гэтым крыжам за паспяховыя кааліцыйныя аперацыі. Прадугледжана магчымасць пасмяротнага ўзнагароджання.

Крыж носіцца на левым баку грудзей на парадным вайсковым мундзіры або цывільнай вопратцы. У агульнай іерархіі ён размяшчаецца пасля ордэнаў, але перад іншымі цывільнымі крыжамі. Крыж выдаецца бясплатна разам з адпаведным сертыфікатам, аднак можа быць адабраны, калі ўзнагароджаны скампраметуе сябе крымінальным злачынствам.

Апісанне і семантыка Візуальна ўзнагарода ўяўляе сабой чатырохканцовы залацісты лапчаты крыж (памер 37×37 мм) з невялікімі шарыкамі на заканчэннях. Крыж пакрыты белай эмаллю з водступам ад краю. У цэнтры знаходзіцца чырвоны эмалевы круг, апраўлены залатым лаўровым вянком. Унутры круга размешчаны залацісты рэльефны партрэт Тадэвуша Касцюшкі, павернуты ў правы бок. На адваротным гладкім баку выбіта абрэвіятура «В. В. Н.», пад якой размяшчаецца парадкавы нумар.

Крыж мацуецца праз вушка да вертыкальнай шасцікутнай калодкі з трапецападобным залацістым нізам (памер калодкі 50×28 мм). Стужка на калодцы мае цёмна-сіні колер з падвойнай аблямоўкай з цёмна-сіняй і белай палосак (па 2 мм кожная).

Семантыка ўзнагароды абапіраецца на традыцыйны для беларускай геральдыкі рыцарскі крыж. Яго знешні выгляд наўмысна набліжаны да гістарычнага вайсковага ордэна Virtuti Militari, які быў уведзены каралём польскім і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім у 1792 годзе — Тадэвуш Касцюшка быў адным з першых яго кавалераў. Цёмна-сіні колер стужкі падкрэслівае пераемнасць з традыцыйнымі колерамі гэтага гістарычнага ордэна. Белы колер крыжа і палосак у спалучэнні з чырвоным фонам цэнтральнага круга ўтвараюць беларускія нацыянальныя колеры. Золата сімвалізуе перамогу, моц і славу.

Абрэвіятура «В. В. Н.» на рэверсе расшыфроўваецца як «Вернасць. Вольнасць. Незалежнасць». Гэты дэвіз быў прапанаваны беларускім пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым у якасці сучаснага айчыннага адпаведніка арыгінальнага польскамоўнага лозунга паўстання Касцюшкі «Вольнасць, Цэласнасць, Незалежнасць» (). Сам крыж вырабляецца з латуні і пакрываецца золатам 999-й пробы.

Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:Крыжы (ўзнагароды) Катэгорыя:З’явіліся ў 2024 годзе