Луі́ II Кандэ́ (; ; 8 верасня 1621, Парыж — 11 снежня 1686, Фантэнбло; поўнае імя — Луі́ II дэ Бурбо́н-Кандэ́), вядомы як Вялі́кі Кандэ́ (), — французскі дзяржаўны і ваенны дзеяч з дынастыі Бурбонаў, чацвёрты прынц Кандэ, адзін з найбольш вядомых французскіх палкаводцаў XVII стагоддзя. Удзельнік Трыццацігадовай вайны, Фронды і Галандскай вайны. Да смерці бацькі ў 1646 годзе насіў тытул герцага Энгіенскага.
Паходжанне і пачатак службы Луі быў старэйшым сынам прынца Генрыха II дэ Бурбон-Кандэ і Шарлоты Маргарыты дэ Манмарансі. У 1641 годзе ажаніўся з Кларай Клеменцыяй дэ Мае-Брэзэ, пляменніцай кардынала Рышэльё.
Ваенную службу пачаў у час кіравання Людовіка XIII. У 1643 годзе атрымаў камандаванне французскай арміяй, якая дзейнічала супраць іспанскіх войск. 19 мая 1643 года перамог у бітве пры Ракруа, што прынесла маладому герцагу Энгіенскаму славу выдатнага палкаводца.
У 1644—1645 гадах разам з Анры Цюрэнам ваяваў супраць імперскіх і баварскіх войск. Удзельнічаў у баях каля Фрайбурга і Нёрдлінгена, а пазней перамог каля Дзюнкерка ў 1646 годзе і Ланса ў 1648 годзе. Гэтыя перамогі ўзмацнілі пазіцыі Францыі ў заключны перыяд Трыццацігадовай вайны.
Пасля смерці бацькі ў 1646 годзе атрымаў тытул прынца Кандэ.
Удзел у Фрондзе На пачатку Фронды Кандэ падтрымліваў каралеўскі ўрад і кардынала Мазарыні. У 1649 годзе яго войскі блакіравалі Парыж і прымусілі ўдзельнікаў парламенцкай Фронды пайсці на пагадненне з урадам.
Рост палітычнага ўплыву Кандэ і яго прэтэнзіі на ўдзел у кіраванні дзяржавай прывялі да канфлікту з Мазарыні. У студзені 1650 года Кандэ, яго брат Арман дэ Бурбон-Канці і герцаг Лангвіль былі арыштаваны. Пасля вызвалення ў 1651 годзе Кандэ ўзначаліў выступленне арыстакратычнай апазіцыі, вядомае як Фронда прынцаў.
Пасля паражэння Фронды ён пакінуў Францыю і перайшоў на службу да іспанскага караля Філіпа IV. У складзе іспанскай арміі ваяваў супраць французскіх войск у Іспанскіх Нідэрландах.
Паводле ўмоў Пірэнейскага міру 1659 года Кандэ быў памілаваны і атрымаў магчымасць вярнуцца ў Францыю. Яму вярнулі тытулы і ўладанні.
Апошнія паходы У 1668 годзе, у час Дэвалюцыйнай вайны, войскі пад камандаваннем Кандэ за кароткі час занялі Франш-Кантэ. У 1672—1675 гадах ён удзельнічаў у вайне Францыі з Галандыяй. У бітве пры Сенефе ў 1674 годзе камандаваў французскай арміяй супраць войск антыфранцузскай кааліцыі.
Праз пагаршэнне здароўя Кандэ паступова адышоў ад непасрэднага камандавання войскамі. Апошнія гады жыцця правёў пераважна ў сваёй рэзідэнцыі ў Шанціі.
Кандыдатура на трон Рэчы Паспалітай Луі II і яго сын Генрых Жуль неаднаразова прэтэндавалі на трон Рэчы Паспалітай. Іх падтрымлівала частка магнатаў і шляхты, арыентаваная на хаўрус з Францыяй.
Магчымасць вылучэння замежных кандыдатаў была абумоўлена дзяржаўным ладам Рэчы Паспалітай, дзе манарха выбірала шляхта на элекцыйным сойме. Абраны кароль адначасова станавіўся вялікім князем літоўскім і павінен быў прыняць умовы, зафіксаваныя ў «Пакта канвента» і Генрыкавых артыкулах.
Абранне прадстаўніка дома Кандэ павінна было ўзмацніць французскі ўплыў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, аднак ні Луі II, ні яго сын трона не атрымалі.
Шанціі і мецэнацтва
Пасля вяртання ў Францыю Кандэ ператварыў Шанціі ў адзін з цэнтраў арыстакратычнага і культурнага жыцця краіны. Парк сядзібы быў перабудаваны паводле праекта Андрэ Ленотра. У Шанціі бывалі Жан дэ Лафантэн, Жан дэ Лабруер, Мары Мадлен дэ Лафает, Мальер. У сядзібе ладзіліся тэатральныя пастаноўкі, балі і феерверкі.
Кандэ збіраў творы мастацтва і кнігі. Яго бібліятэка налічвала каля 10 тысяч тамоў. Кнігі, якія належалі прынцу, можна пазнаць па яго гербе, нанесеным на пераплёты.
Луі II Кандэ памёр 11 снежня 1686 года ў Фантэнбло.
Літаратура
Mongrédien, Georges. Le Grand Condé. — Paris : Hachette, 1959. — 255 p. Deldicque, Mathieu; Prévôt, Dominique. Le Grand Condé : le rival du Roi-Soleil? — Gand : Snoeck, 2016. Rodríguez Hernández, Antonio José. La otra imagen del héroe. El Grand Condé como aliado del rey de España (1651—1659) // Investigaciones Históricas. Época Moderna y Contemporánea. — 2018. — № 38. — P. 143—194.
Катэгорыя:Прынцы Кандэ Катэгорыя:Бурбоны Катэгорыя:Французскія дзяржаўныя дзеячы XVII стагоддзя Катэгорыя:Французскія палкаводцы Катэгорыя:Удзельнікі Трыццацігадовай вайны Катэгорыя:Удзельнікі Фронды Катэгорыя:Кандыдаты на трон Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Французскія мецэнаты Катэгорыя:Кнігазборцы