Яніна (; іншыя назвы — «Шчыт у Шчыце», «Поле ў Полі», «Тарча», , ) — герб польскай і вялікалітоўскай шляхты. Належыць да ліку 47 гербаў, перанесеных на баярства Вялікага Княства Літоўскага паводле Гарадзельскай уніі 1413 года . Паводле «Гербоўніка польскага» Тадэвуша Гайля, права на герб мелі каля 275 прозвішчаў . Найбольш вядомым носьбітам быў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян III Сабескі.

Апісанне Найстарэйшае захаванае апісанне змешчана ў гербоўніку Insignia seu clenodia Regis et Regni Poloniae, складзеным Янам Длугашам у 1464—1480 гадах:  — «Яніна ў чырвоным полі шчыт носіць» . Каспар Нясецкі, спасылаючыся на Бартоша Папроцкага і Шымана Акольскага, апісвае герб як брунатны шчыт у чырвоным полі, з паўлінавымі пёрамі ў кляйноце .

Сучасны блазон: у чырвоным полі меншы шчыт (у розных крыніцах — брунатны, сталёвы або фіялетавы). Кляйнот — сем паўлінавых пёраў. Намёт чырвоны, падбіты срэбрам. Герб ужываўся ў значна розных колерах і прапорцыях у розных родаў, аднак ва ўсіх выпадках захоўваў асноўны матыў — шчыт у полі шчыта, што і адлюстравана ў яго альтэрнатыўных назвах.

Гісторыя

Найранейшыя згадкі Найстарэйшая вядомая выява герба паходзіць з пячаткі Пэлкі з Чыжова, суддзі сандамірскай зямлі, 1376 года; шэраг крыніц падае датай першай згадкі 1379 год . Радавое паданне адносіць з’яўленне герба да 1246 года і звязвае яго з Пятром Выджгам, уладальнікам замкаў у Чорштыне і Рытры, які нібыта загінуў у Прусіі, ваюючы з крыжакамі; дакументальнага пацвярджэння гэтыя звесткі не маюць.

Назва герба паходзіць ад назвы вёскі Яніна ў Бускім (раней Стапніцкім) павеце Малапольшчы, якая ў XII ст. належала ордэну іаанітаў і ад яго атрымала сваю назву. Адам Банецкі ўжывае для роду вызначэнне «з Яніны», лічачы гэтую вёску родавым гняздом . Герб быў пашыраны найперш сярод родаў, аселых у Кракаўскай, Сандамірскай, Ленчыцкай і Серадзкай землях.

Пашырэнне ў Вялікім Княстве Літоўскім Паводле актаў Гарадзельскай уніі 1413 года герб быў перанесены на шляхту Вялікага Княства Літоўскага. Ад польскага боку род Янінаў прадстаўлялі Мацей, біскуп пярэмышльскі, Пётр Тур, суддзя ленчыцкі, і Мікалай з Суходала, суддзя люблінскі; герб прыняў баярын Войсым (Войшым) Данейковіч, звестак пра якога ў сучасных яму крыніцах не захавалася.

Легенды Каспар Нясецкі прыводзіць два паданні пра паходжанне герба. Паводле першага, герб каля 1000 года надаў Баляслаў I Харобры рыцару Яніку, які ў бітве хутка вырабіў для абстрэльванага стрэламі войска некалькі шчытоў і з імі павёў людзей на праціўніка. Паводле другога, вядомага таксама з твораў Марціна Кромера, герб надаў Лешак I аднаму з тых, хто дапамагаў яму ў ваеннай хітрасці, калі кусты і хмызняк былі прыбраныя пад шаломы і тарчы.

Роды Беларусі і ВКЛ

Сярод найбольш вядомых родаў, што карысталіся гербам, — Сабескія, Пясецкія і частка Патоцкіх. Апрача Яна III Сабескага, герб ужывалі яго сын каралевіч Якуб Людвік Сабескі і дачка Тэрэза Кунегунда Сабеская, курфюрстка баварская.

Адмены Вядомыя адмены герба: Яніна II, Зграя, Хуноўскі, а таксама арыстакратычныя адмены Сабескі і Суходольскі. Асобныя геральдысты, у прыватнасці Альфрэд Знамяроўскі, залічаюць да адменаў «Яніны» таксама сілезскі герб Axt.

Сузор’е Шчыт «Яніна» — адзіны шляхецкі герб, які лёг у аснову назвы сузор’я. У 1684 годзе гданьскі астраном Ян Гевелій вылучыў новае сузор’е і назваў яго («Шчыт Сабескага») у гонар перамогі войскаў пад камандаваннем Яна III Сабескага ў бітве пад Венай 1683 года. Сузор’е было змешчана ў яго зорным атласе Uranographia (1690). Пазней назва скарацілася да Шчыт ().

У тэрытарыяльнай геральдыцы У гарадской геральдыцы XVIII—XIX стст. «Яніна» выступае як аснова або элемент гербаў гарадоў, што былі ўладаннямі Сабескіх, — Жоўквы, Зборава, Золачава і Маркаполя (цяпер Украіна). Герб пакладзены таксама ў аснову сучаснага герба варшаўскага раёна Вілянаў.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Гербоўнік беларускай шляхты на сайце Ю. Лычкоўскага

Катэгорыя:Гербы паводле алфавіта Катэгорыя:Прыватнаўласніцкія гербы Катэгорыя:Гербы Гарадзельскай уніі