Microsoft Teams — гэта праграма для сумеснай працы, створаная Microsoft як частка пакета Microsoft 365. Яна мае функцыі месэнджара, відэаканферэнцый, перадачы файлаў і інтэграцыі з іншымі праграмамі ад Microsoft або іншых распрацоўшчыкаў. Teams паступова замяніла ранейшыя платформы Microsoft для абмену паведамленнямі і сумеснай працы, у тым ліку Skype for Business, Skype, Flip і Microsoft Classroom.
Значны рост папулярнасці праграмы адбыўся падчас пандэміі COVID-19, аналагічна з такімі канкурэнтамі як Zoom, Slack і Google Meet, бо многія кампаніі перайшлі на дыстанцыйную працу і сустрэчы анлайн.
У студзені 2023 года Microsoft паведаміла, што Teams мае прыблізна 280 мільёнаў актыўных карыстальнікаў штомесяц.
Гісторыя У сакавіку 2016 года Microsoft разглядала магчымасць набыцця Slack за 8 мільярдаў долараў. Паведамлялася, што супраць гэтай прапановы выступіў Біл Гейтс і прапанаваў засяродзіцца на ўдасканаленні існуючай праграмы Skype for Business. Microsoft абвясціла аб планах стварыць Microsoft Teams 2 лістапада 2016 года і пазіцыянавала новую праграму як прамога канкурэнта Slack. Першы выпуск праграмы адбыўся 14 сакавіка 2017 года.
Бясплатная версія Teams была выпушчана 12 ліпеня 2018 года і мела большасць асноўных функцый платнай праграмы з абмежаваннямі на колькасць карыстальнікаў і месца для захоўвання.
У верасні 2019 года Microsoft абвясціла, што спыніць падтрымку Skype for Business на карысць Teams; падтрымка Skype for Business была спынена 31 ліпеня 2021 года.
28 лютага 2025 года Microsoft абвясціла, што Skype перастане працаваць 5 мая 2025 года, карыстальнікам была прапанавана магчымасць экспартаваць свае даныя або перайсці на Microsoft Teams.
Крыніцы
Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне для Windows Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне для Android Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне для iOS Катэгорыя:Прыкладное праграмнае забеспячэнне Катэгорыя:Microsoft Office Катэгорыя:Праграмнае забеспячэнне Microsoft