Павел Іванавіч Кернажыцкі (, Стаўбун, Гомельскі павет, Магілёўская губерня — ) — праваслаўны святар, протаіерэй. У 1907—1922 гадах — настаяцель царквы Усіх Святых у Пірэвічах, пазней — благачынны Гомельскай гарадской акругі. Неаднаразова рэпрэсаваны савецкімі ўладамі, расстраляны ў 1938 годзе.

Біяграфія Нарадзіўся 30 жніўня 1882 года ў сяле Стаўбун Гомельскага павета Магілёўскай губерні, цяпер Веткаўскі раён Гомельскай вобласці. Паходзіў з сям’і псаломшчыка Івана Кернажыцкага, які памёр у 1908 годзе.

У 1904 годзе скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. У верасні таго ж года быў прызначаны наглядчыкам-эканомам Гомельскага духоўнага вучылішча. У 1904 годзе рукапаложаны ў святара і накіраваны ў Свята-Мікалаеўскую царкву вёскі Скепня Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні.

У 1907 годзе Павел Кернажыцкі стаў настаяцелем царквы Усіх Святых у Пірэвічах Рагачоўскага павета. Служыў у Пірэвічах да 1922 года.

У 1922—1927 гадах служыў у Гомельскім Петрапаўлаўскім саборы. Пазней быў узведзены ў сан протаіерэя і прызначаны благачынным Гомельскай гарадской акругі.

З 1922 года знаходзіўся ў абнаўленчым расколе і ўваходзіў у склад Гомельскага абнаўленчага епархіяльнага ўпраўлення. У 1924 годзе ўз’яднаўся з Патрыяршай Царквой.

Арышты і рэпрэсіі 11 мая 1927 года Павел Кернажыцкі быў арыштаваны па абвінавачанні ў «антысавецкай агітацыі» і атрыманні «контррэвалюцыйных пасланняў» ад епіскапа Гомельскага Ціхана Шарапава, які знаходзіўся ў ссылцы.

16 верасня 1927 года Асобая нарада пры Калегіі АДПУ прысудзіла святара да трох гадоў высылкі ў Сібір. Пакаранне адбываў у Слаўгарадскай акрузе Сібірскага краю, цяпер тэрыторыя Алтайскага краю.

У 1930-я гады быў настаяцелем Свята-Пакроўскага храма ў Магілёве. 21 кастрычніка 1935 года паўторна арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да «контррэвалюцыйнай групы архіепіскапа Паўліна Крошачкіна» і «антысавецкай агітацыі».

21 красавіка 1936 года выязная сесія Спецыяльнай судовай калегіі Вярхоўнага суда БССР прысудзіла яго да пяці гадоў папраўча-працоўных лагераў.

19 снежня 1937 года Кернажыцкі быў арыштаваны ў Нова-Іванаўскім аддзяленні Сіблага № 206. Яго абвінавацілі ў прыналежнасці да «Расійскага агульнавоінскага саюза». 25 снежня 1937 года тройка пры УНКУС па Новасібірскай вобласці прысудзіла святара да вышэйшай меры пакарання.

Павел Кернажыцкі быў расстраляны 13 студзеня 1938 года.

Рэабілітацыя Паводле звестак Гомельскай епархіі, па адной з крымінальных спраў Павел Кернажыцкі быў рэабілітаваны 27 лютага 1969 года, па другой — 8 жніўня 1988 года.

Крыніцы

Літаратура Слесарев А. В. Мартиролог Гомельской епархии (1917—1953): биографический справочник. — Минск: Издательство Минской духовной академии, 2017. — С. 93—94.

Спасылкі Павел Кернажыцкі, протаіерэй // Гомельская епархія. Павел Іванавіч Кернажыцкі // «Православное духовенство Русской Церкви».

Катэгорыя:Нарадзіліся 30 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1882 годзе Катэгорыя:Памерлі 13 студзеня Катэгорыя:Памерлі ў 1938 годзе Катэгорыя:Праваслаўныя святары Беларусі Катэгорыя:Праваслаўе ў Беларусі Катэгорыя:Жлобінскі раён Катэгорыя:Гісторыя Жлобінскага раёна Катэгорыя:Постаці Жлобінскага раёна