Але́сь Некрашэ́віч (сапраўднае імя — Алякса́ндр Я. Некрашэ́віч;  — 1937?) — беларускі партыйны і грамадскі дзеяч, дзеяч культуры.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1899 годзе. У 1921 годзе ўступіў у Камуністычную партыю (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б).

У 1923—1925 гадах знаходзіўся на партыйнай працы ў Бабруйску і кароткі час у Парычах. У 1925 годзе займаў пасаду загадчыка агітацыйна-прапагандысцкага аддзела (АПА) у Мазырскім акруговым камітэце КП(б)Б. У 1925—1927 гадах працаваў загадчыкам савецка-партыйнай школы 2-й ступені ў Віцебску. 14 студзеня 1927 года быў прызначаны загадчыкам АПА ў Віцебскім акруговым камітэце КП(б)Б.

5 сакавіка 1928 года ЦК КП(б)Б адклікаў яго для працы ў рэдакцыі газеты «Звязда», аднак ужо 23 сакавіка таго ж года ён быў прызначаны на пасаду дырэктара 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-2) у Віцебску.

У 1930—1933 гадах займаў пасаду дырэктара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва (ДВБ) у Мінску. На гэтай пасадзе выступаў адным з рэдактараў першай, так і не выдадзенай, версіі вялікага руска-беларускага слоўніка разам з прэзідэнтам БАН П. Горыным, П. Шастаковым і П. Юргелевічам.

У сакавіку 1933 года трапіў пад хвалю крытыкі ў ходзе ідэалагічнай кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму». Згодна з пастановай бюро ЦК КП(б)Б ад 12 сакавіка 1933 года быў зняты са сваёй пасады дырэктара выдавецтва за «дапушчэнне выпуску выдавецтвам яўна варожых выданняў».

Далейшы лёс дакладна невядомы. Па здагадцы даследчыка А. Сідарэвіча, Алесь Некрашэвіч, верагодна, падзяліў лёс іншых кіраўнікоў выдавецтва таго перыяду і быў рэпрэсаваны і расстраляны.

Творчасць З'яўляецца аўтарам кнігі, прысвечанай дзесяцігоддзю Першага беларускага дзяржаўнага тэатра (БДТ-1). Апублікаваў брашуру «Беларускі нацыянал-фашызм і нацыянал-дэмакратызм», у якой з партыйна-ідэалагічных пазіцый крытыкаваў дзеячаў беларускага нацыянальнага руху, у прыватнасці прысвяціўшы шмат увагі Антону Луцкевічу. Выступіў складальнікам «Хрэстаматыі па літаратуры» для трэцяга класа пачатковай школы (1934).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1899 годзе Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Дырэктары выдавецтва «Беларусь» Катэгорыя:Дырэктары Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа