Алюмінію аксід, гліназём — хімічнае злучэнне алюмінію з кіслародам, Al2O3. Існуе ў крышталічных мадыфікацыях, з якіх устойлівыя α-форма (tпл 2053 °C) і γ-форма (вышэй за 900 °C неабарачальна ператвараецца ў α-форму), і ў аморфным стане (алюмагель). У прыродзе α-Al2O3 — мінерал карунд і яго афарбаваныя разнавіднасці рубін, сапфір і інш. У вадзе нерастваральны, амфатэрны. α-форма хімічна больш актыўная, гіграскапічная. Атрымліваюць: α-Al2O3 перапрацоўкай баксітаў, штучны карунд (алунд) плаўкай баксітаў з вугалем, монакрышталі зоннай плаўкай; γ-Al2O3 награваннем гідраксіду ці соляў алюмінію да 600—900 °C. Выкарыстоўваюць:α-Al2O3 у вытворчасці алюмінію; алунд у электратэхнічнай кераміцы, вогнетрывалых матэрыялах для металургічных і элетрычных печаў; карунд — абразіўны матэрыял; монакрышталі — рабочыя целы для лазераў, апорныя камяні дакладных і гадзіннікавых механізмаў, ювелірныя камяні; ніткападобныя крышталі — для арміравання металаў (Al, Ag); γ-Al2O3 — адсарбент у храматаграфіі, каталізатар, носьбіт каталізатараў.

Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Аксіды Катэгорыя:Злучэнні алюмінію