«Гісто́рыя белару́скай літарату́ры» (арыгінальнае напісанне ) — першая грунтоўная манаграфія і падручнік па гісторыі беларускай літаратуры, напісаная літаратуразнаўцам і пісьменнікам Максімам Гарэцкім. Першае выданне пабачыла свет у 1920 годзе ў Вільні. Твор заклаў падмурак беларускага тэарэтычнага літаратуразнаўства і стаў адным з галоўных фактараў нацыянальнага ўсведамлення моладзі ў 1920-я гады.
Гісторыя выдання Першае выданне кнігі выйшла ў 1920 годзе ў Вільні ў друкарні кааператыўнага таварыства «Друк». Выдадзена коштам беларускіх дзеячаў У. Знамяроўскага і Э. Будзькі. Кніга налічвала 208 старонак і стваралася аўтарам пераважна як падручнік для беларускіх сярэдніх школ.
Нягледзячы на цяжкі ваенны час, кніга мела багатае афармленне. Яна была надрукавана кірыліцай на мелаванай паперы, змяшчала шматлікія партрэты беларускіх пісьменнікаў, здымкі са старых грамат, кніг і «Статута Вялікага Княства Літоўскага». Як адзначалі сучаснікі, для свайго часу гэта было «люксавае» выданне.
Пазней кніга неаднаразова перавыдавалася ў дапоўненых і перапрацаваных аўтарам версіях, у прыватнасці, у Менску ў 1924 і 1926 гадах.
Структура і перыядызацыя Максім Гарэцкі ўпершыню ў беларускай навуцы ажыццявіў сістэмную перыядызацыю гісторыі айчыннай літаратуры. Ён абапіраўся на гісторыка-храналагічны і ідэйна-тэматычны падыходы, што адпавядала перадавым літаратуразнаўчым канцэпцыям таго часу, у прыватнасці, поглядам расійскага акадэміка А. Пыпіна. Аўтар падзяліў усю літаратуру на «старую» (да канца XVIII стагоддзя) і «новую» (ад пачатку XIX стагоддзя).
Старую літаратуру М. Гарэцкі падзяліў на чатыры важнейшыя перыяды: X-XII стагоддзі — перыяд, калі пераважалі царкоўныя творы на балгарскай (царкоўнаславянскай) мове з нязначным уплывам мясцовай мовы (дзейнасць Ефрасінні Полацкай); XIII-XIV стагоддзі — перыяд, калі беларуская мова зрабілася дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім і ўвайшла ў шырокі літаратурны ўжытак; XV-XVI стагоддзі — «залатая пара» беларускай літаратуры, калі яна дасягнула свайго найвышэйшага росквіту (дзейнасць Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага); XVII-XVIII стагоддзі — час рэлігійнай і нацыянальнай барацьбы, які прывёў да ўпадку і заняпаду старой беларускай літаратуры.
У аналізе новай літаратуры М. Гарэцкі разглядаў «панскае» (шляхецкае) адраджэнне пачатку XIX стагоддзя, дзейнасць народнікаў канца XIX стагоддзя і «найнавейшую літаратуру» пачатку ХХ стагоддзя. Гэты апошні раздзел быў найбольш аб’ёмным і яркім, ён адлюстроўваў прабуджэнне беларускага народа да новага жыцця. Для аналізу літаратурнага працэсу ХІХ і ХХ стагоддзяў, калі на першы план выйшла індывідуальна-аўтарская творчасць, М. Гарэцкі выкарыстаў мадэль апісання праз персаналіі вядучых пісьменнікаў, напрыклад, Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, разглядаючы іх у кантэксце грамадска-палітычных і культурных змяненняў.
Пачынаючы з выдання 1924 года, М. Гарэцкі дапоўніў кнігу вялікім раздзелам (звыш 80 старонак), прысвечаным вуснай народнай паэзіі і фальклору. Услед за сусветнымі тэндэнцыямі, як, напрыклад, у расійскага навукоўца Ю. Сакалова, даследчык разглядаў фальклор як паўнавартаснае мастацтва слова і багаты эстэтычны вопыт народа, падкрэсліваючы, што менавіта ў ім закладзены фундаментальныя прыкметы нацыянальнай літаратуры.
Тэарэтычнае значэнне Кніга Максіма Гарэцкага стала не проста пералікам біяграфій і твораў, але і першай спробай станаўлення беларускага тэарэтычнага літаратуразнаўства. Аўтар упісваў беларускае мастацтва слова ў шырокі еўрапейскі кантэкст, разглядаючы ўплыў заходнееўрапейскіх антычных і сярэдневяковых твораў на ўзлёт айчыннай літаратуры ў XVI стагоддзі. Асабліва каштоўным быў яго параўнальна-гістарычны падыход, які дазваляў бачыць развіццё беларускай літаратуры ў цеснай сувязі з суседнімі літаратурамі.
Гарэцкі дэталёва даследаваў жанравую спецыфіку твораў. Старажытную літаратуру ён ацэньваў праз прызму «летапіснага» і «жыційнага» стыляў, разглядаў тэхнічныя прыёмы сілабічнага вершаскладання. Вызначаючы літаратурныя жанры, вучоны ўлічваў як іх структурна-фармальныя, так і змястоўныя характарыстыкі (напрыклад, вылучаў асаблівы жанр «малюнкі быту»). Нягледзячы на ўласцівы для 1920-х гадоў сацыялагізатарскі (класавы) падыход у літаратуразнаўстве, М. Гарэцкі імкнуўся захоўваць аб’ектыўнасць. Для яго літаратурны твор заставаўся найперш з’явай мастацтва, а не простай ілюстрацыяй ідэалогіі. Ён адзначаў, што мастацкасць праяўляецца ў выбары формы, стылю і ў «змацненні вобразнасці й пачуццёвасці».
Ацэнкі і крытыка Выхад кнігі стаў значнай падзеяй у грамадскім і культурным жыцці Беларусі. У лістападзе 1920 года ў газеце «Наша Ніва» выйшла рэцэнзія Антона Луцкевіча (А. Навіны). Крытык горача вітаў з’яўленне манаграфіі, адзначыўшы, што яна запоўніла пустуючае месца ў беларускай навуцы, бо папярэднія працы — «Нашы песняры» (1918) А. Навіны, «Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства» (1919) Л. Леуша або «Беларусь у песнях» (1920) Я. Фарботкі — былі не поўнымі і ахоплівалі толькі асобныя бакі літаратурнага працэсу. А. Луцкевіч пісаў пра кнігуТэкст цытаты адаптаваны да сучаснай беларускай арфаграфіі.:
Разам з тым, сучасныя даследчыкі адзначаюць некаторыя незвычайныя аўтарскія рашэнні М. Гарэцкага. Так, нягледзячы на велізарную папулярнасць і ўплыў на беларускі нацыянальны рух польскамоўнага паэта Уладзіслава Сыракомлі, вершы якога М. Гарэцкі ўключаў у сваю «Хрэстаматыю беларускае літаратуры», у «Гісторыі беларускае літаратуры» для яго не знайшлося месца. Гэты парадокс захоўваўся ва ўсіх наступных перавыданнях кнігі. Даследчык І. Саверчанка таксама звяртаў увагу на пэўныя хібы ў падыходзе М. Гарэцкага да вывучэння палемічнай літаратуры XVI—XVII стагоддзяў: гісторык разглядаў тэалагічныя дыскусіі праз прызму ХХ стагоддзя і часам не ўлічваў, што для тагачаснага чалавека рэлігійныя пытанні былі жыццёва важнымі.
Нягледзячы на пэўныя недахопы, абумоўленыя часам, праца М. Гарэцкага ўпершыню сістэматызавала велізарны масіў беларускай літаратуры і паклала пачатак яе прафесійнаму навуковаму даследаванню. Як адзначае Т. Тарасава, М. Гарэцкі стварыў «навукова-сістэматызаваны помнік», які стаў маштабнай канцэптуальнай навуковай платформай для ўсіх наступных даследчыкаў айчыннага пісьменства.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Кнігі Максіма Гарэцкага Катэгорыя:Кнігі 1920 года Катэгорыя:Манаграфіі Катэгорыя:Беларусазнаўства Катэгорыя:Кнігі па літаратуразнаўстве