Будаўнічыя матэрыялы — прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арганічныя і мінеральныя вяжучыя, металічныя, кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і іншыя матэрыялы.

Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для будаўніцтва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытворчасці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на будаўніцтва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для будаўніцтва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння санітарна-тэхнічных, дрэнажавальных, электраахоўных і іншых сістэм (будаўнічая кераміка). Пашыраны ў будаўніцтве вяжучыя матэрыялы — арганічныя (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінеральныя (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінеральных запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і іншых матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінеральныя тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы будаўнічых канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Літаратура

Катэгорыя:Будаўнічыя матэрыялы