Кампазітны матэрыял (таксама кампазіцыйны матэрыял, кампазіт) — матэрыял, які мэтанакіравана ўтвораны з некалькіх кампанентаў і мае уласцівасці, што перасягаюць уласцівасці кампанентаў, узятых паасобку. У агульным выпадку кампазіты складаюцца з матрыцы (з металаў, палімераў, вугляродных і керамічных матэрыялаў) і арміруючай фазы (больш трывалай, чым матрыца).
У кампазітах выкарыстоўваюцца толькі лепшыя якасці кампанентаў, таму пры стварэнні кампазіцыі падбіраюць кампаненты з рэзка адметнымі і дапаўняльнымі ўласцівасцямі. У палімерных кампазітах арміруючай фазай з’яўляюцца вугляродныя, баваўняныя, поліэфірныя валокны, вугле- і шклотканіна. У металічных кампазіцыях спалучаецца пластычная матрыца з высокамодульнымі стальнымі, борнымі, графітавымі валокнамі, гарачаўстойлівая матрыца з гарачатрывалымі валокнамі. Кампазіты з металічнай матрыцай падзяляюцца на біметалы, дысперснаўмацаваныя, валакністыя і эўтэктычныя матэрыялы. Атрымліваюць кампазіты метадамі парашковай металургіі, вакуумнай пракаткай ці насычэннем порыстых каркасаў расплаўленымі металамі, выбухам, ліццём пад ціскам, электралітычным асаджэннем, накіраванай крышталізацыяй сплаваў і інш.
Зноскі
Літаратура
Катэгорыя:Кампазіты Катэгорыя:Матэрыялы