Стара́я Дубро́ва () — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Акцябрскага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца за 1 км на поўнач ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 204 км ад Гомеля, 5 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор, размешчанай на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Транспартныя сувязі па аўтадарогах, якія праходзяць праз гарадскі пасёлак Акцябрскі.
Планіроўка складаецца з дзвюх паралельных паміж сабой вуліц, блізкіх да мерыдыянальнай арыентацыі, да якіх на поўначы далучаецца кароткая, выгінастая, шыротная вуліца. Забудова драўляная, двухбаковая, сядзібнага тыпу.
Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя, калі вёска Дуброва ўваходзіла ў склад маёнтка Рудабелка, што належаў Лапам, з 1867 года ў валоданні барона А. Я. Урангеля, з 1874 года — генерал-маёра О. Ф. Ліліенфельда. Пазначана на карце 1866 года, якая выкарыстоўвалася Заходняй меліярацыйнай экспедыцыяй, што працавала ў гэтым раёне ў 1890-я гады. У канцы 60-х — пачатку 70-х гадоў XVIII стагоддзя ў вёсцы жыло 86 асоб мужчынскага полу і 88 — жаночага. На 1908 год вёска Дуброва Старая — у Рудабельскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. Побач знаходзілася вёска з назвай Дуброва Новая.
У 1921 годзе ў вёсцы адкрыта школа. У 1929 годзе арганізаваны калгас. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў красавіку 1942 года нямецкія карнікі спалілі 24 двары і забілі 100 жыхароў. 29 жыхароў загінулі на фронце.
Насельніцтва 1897 год — 43 двары, 239 жыхароў (паводле перапісу). 1917 год — 377 жыхароў. 1924 год — 54 двары, 430 жыхароў. 1940 год — 85 двароў, 350 жыхароў. 1959 год — 233 жыхары (паводле перапісу). 1997 год — 151 двор, 400 жыхароў. 2004 год — 165 гаспадарак, 426 жыхароў. 2011 год — 148 гаспадарак, 392 жыхары. 2019 год — 351 чал.
Інфраструктура У складзе КСУП «Саўгас „Акцябрскі“» з цэнтрам у Акцябрскім, жывёлагадоўчая ферма. Крама.
Вядомыя асобы Рыгор Прохаравіч Жулега (1921—1973) — поўны кавалер ордэна Славы. Таццяна Генадзеўна Алісевіч (нар. 1969) — беларуская спартсменка (лёгкая атлетыка, сямібор’е).
Крыніцы
Літаратура
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Акцябрскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1997.
Спасылкі
Катэгорыя:Акцябрскі сельсавет (Акцябрскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Акцябрскага раёна