Беларусазна́ўства — абагульняльная назва комплексу навук пра Беларусь і беларускі народ, яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы жыцця, матэрыяльную і духоўную культуру, мову, літаратуру і іншыя бакі развіцця ў гістарычным і сучасным вымярэннях.Шакун Л. М. Беларусазнаўства // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. — Мінск: БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 389. Мае міждысцыплінарны характар і ў шырокім разуменні ахоплівае гісторыю, геаграфію, этнаграфію, фалькларыстыку, мовазнаўства, літаратуразнаўства, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства, гісторыю культуры і рэлігіі, эканоміку і іншыя дысцыпліны, звязаныя з даследаваннем Беларусі.

Тэрмін беларусістыка ужываецца як сінонім беларусазнаўства, але таксама мае больш вузкае значэнне — комплекс філалагічных дысцыплін, прысвечаных беларускай мове, літаратуры і фальклору, а часам толькі вывучэнне беларускай мовы. У замежнай навуковай традыцыі ўжываліся таксама назвы беларусіка, альбарусіка, беларосіка, альбаросіка, беларутэніка, альбарутэніка, радзей — беларусаведа.

Прадмет і тэрміналогія

Беларусазнаўства складвалася ў выніку развіцця і ўзаемадзеяння асобных навук пра Беларусь. На ранніх этапах яно было цесна звязана з краязнаўствам, зборам гістарычных крыніц, этнаграфічных, фальклорных і моўных матэрыялаў. Да канца XIX стагоддзя сфарміраваўся комплекс асноўных традыцыйных кірункаў беларусазнаўства.

У сучаснай акадэмічнай практыцы беларусазнаўства часта разглядаецца як форма міждысцыплінарных рэгіянальных даследаванняў (), у якіх разам з гуманітарнымі дысцыплінамі прадстаўлены паліталогія, сацыялогія, міжнародныя адносіны і іншыя грамадскія навукі.Call for papers for the 12th International Congress of Belarusian Studies // International Congress of Belarusian Studies. — 2025. Навукоўцаў, для якіх Беларусь і беларуская праблематыка з'яўляюцца прадметам спецыяльнага даследавання, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі або беларусістамі.

Гісторыя

Перадумовы і станаўленне ў XIX стагоддзі

Звесткі пра насельніцтва, гаспадарку, культуру і грамадскі лад зямель сучаснай Беларусі змяшчаліся ўжо ў сярэдневяковых летапісах і хроніках, прававых, мемуарных і рэлігійных помніках Вялікага Княства Літоўскага. У граматыках, слоўніках і букварах XVI—XVII стагоддзяў фіксаваліся з'явы беларускай мовы, аднак да XIX стагоддзя вывучэнне гэтых матэрыялаў не мела сістэматычнага характару.

Адным з першых значных цэнтраў навуковага вывучэння беларускіх зямель стаў Віленскі ўніверсітэт (1803—1832). З ім былі звязаны даследаванні Міхаіла Баброўскага, Ігната Даніловіча, Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, Яна Чачота, Тэадора і Юзафа Нарбутаў і іншых даследчыкаў гісторыі, этнаграфіі, мовы і пісьменства Беларусі.

У XIX стагоддзі збору і публікацыі беларускіх гістарычных крыніц спрыялі Расійская акадэмія навук, універсітэты Санкт-Пецярбурга, Масквы і Кіева, археаграфічныя камісіі, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства і іншыя навуковыя ўстановы. Былі выдадзены зборнікі актаў і летапісаў, сабраны значныя этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы.

Сярод даследчыкаў XIX стагоддзя значнае месца займалі Іван Насовіч, Павел Шэйн, Еўдакім Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі, Міхал Федароўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі і іншыя. У 1870 годзе выйшаў «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча — найбуйнейшы лексікаграфічны збор беларускай мовы дарэвалюцыйнага часу.Беларуская мова // Беларуская энцыклапедыя.

Вынікі папярэдняга вывучэння Беларусі сістэматызаваў Яўхім Карскі. У першым томе шматтомнай манаграфіі «Беларусы», выдадзеным у Варшаве ў 1903 годзе, ён абагульніў асноўную праблематыку беларусазнаўства, разгледзеў тагачасныя погляды на паходжанне беларусаў і беларускай мовы, указаў недастаткова даследаваныя праблемы і акрэсліў перспектывы далейшай працы. Працы Карскага паклалі пачатак сістэматычнаму навуковаму вывучэнню беларускай мовы.Беларуская мова // Беларуская энцыклапедыя.

Пачатак XX стагоддзя

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя развіццё беларусазнаўства ўсё больш звязвалася з фарміраваннем беларускага нацыянальнага руху. Пытанні самастойнасці беларускага народа і мовы закраналіся ў публіцыстыцы Кастуся Каліноўскага, творчасці Францішка Багушэвіча, дзейнасці беларускіх народнікаў і іншых культурных і грамадскіх асяродкаў.

Адмена ў 1905 годзе абмежаванняў на беларускі друк дала новы штуршок развіццю беларускай прэсы і даследаванняў. Значную ролю ў пашырэнні гістарычных, этнаграфічных, літаратуразнаўчых і моўных ведаў адыгрывала газета «Наша ніва». У 1910 годзе ў Вільні Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі», якую «Беларуская энцыклапедыя» характарызуе як першую навуковую працу на беларускай мове.

У Санкт-Пецярбургу дзейнічаў Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Пры ўдзеле Яўхіма Карскага, Еўдакіма Раманава, Аляксея Шахматава, Браніслава Эпімах-Шыпілы і іншых даследчыкаў у яго асяроддзі выпрацоўвалася праграма вывучэння беларускай мовы, фальклору, этнаграфіі і народнага мастацтва.Шыбека З. В. Беларусазнаўства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мінск: БелЭн, 1993. — Т. 1. — С. 346—348. — ISBN 5-85700-074-2.

1917—1920-я гады: інстытуцыяналізацыя

У 1918 годзе ў Маскве ў Беларускім народным універсітэце быў упершыню прачытаны сістэматызаваны курс беларусазнаўства. У яго падрыхтоўцы ўдзельнічалі Уладзімір Пічэта, Дзмітрый Анучын, Мітрафан Янчук, Павел Растаргуеў і Зміцер Жылуновіч; частка лекцый была выдадзена ў 1918—1920 гадах пад назвай «Курс беларусазнаўства».

Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а затым утварэння БССР у развіцці беларусазнаўства ўпершыню пачалі ўдзельнічаць беларускія дзяржаўныя структуры. Асноўнымі навуковымі цэнтрамі ў БССР сталі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, адкрыты ў 1921 годзе, і Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), заснаваны ў 1922 годзе.

Інбелкульт меў комплексны характар: у ім праводзіліся даследаванні беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, этнаграфіі, фальклору, мастацтва, прыроды і гаспадаркі, распрацоўвалася беларуская навуковая тэрміналогія, арганізоўваліся экспедыцыі, бібліяграфічная і выдавецкая праца. На базе Інбелкульта ў 1929 годзе была створана Беларуская акадэмія навук, у структуры якой сфарміравалася сетка спецыялізаваных даследчых устаноў.

Важнай міжнароднай падзеяй стала Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі, якая прайшла ў Мінску 14—21 лістапада 1926 года. Яна сабрала беларускіх і замежных мовазнаўцаў, пісьменнікаў і прадстаўнікоў навуковых устаноў і стала адным з першых буйных міжнародных навуковых форумаў, прысвечаных беларускай мове.Запрудскі С. М. Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі 1926 г.. — 2004.

Асветнае беларусазнаўства ў 1920-я гады

Беларусазнаўства мела таксама адукацыйны кірунак. У 1920/1921 навучальным годзе яго пачалі ўводзіць як вучэбны прадмет у школах, гуртках і на курсах; стваралася сістэма падрыхтоўкі настаўнікаў і лектараў.

У 1923—1924 гадах Аляксей Сапуноў выкладаў беларусазнаўства ў Віцебскім педагагічным інстытуце. У 1924—1927 гадах у Мінску дзейнічалі Вышэйшыя курсы беларусазнаўства, прызначаныя для падрыхтоўкі педагагічных і асветных кадраў.

Развіццё беларусазнаўчай адукацыі было часткай шырэйшай палітыкі беларусізацыі. Пры Народным камісарыяце асветы БССР дзейнічалі курсы беларусазнаўства, пашыралася сетка беларускамоўных навучальных устаноў, асаблівая ўвага надавалася даследаванню беларускай мовы, унармаванню тэрміналогіі, гісторыі, мастацтва, літаратуры, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі.Беларусізацыя // Беларуская энцыклапедыя. — Т. 2. — С. 391.

Заходняя Беларусь і замежжа ў міжваенны перыяд

Беларусазнаўства развівалася таксама ў Заходняй Беларусі, якая ў міжваенны перыяд знаходзілася ў складзе Польшчы. У Вільні дзейнічалі Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, Таварыства беларускай школы і іншыя культурна-асветныя арганізацыі; беларусазнаўчыя даследаванні вяліся таксама ва Універсітэце Стэфана Баторыя.

Пасля Першай сусветнай вайны беларусазнаўчы асяродак склаўся ў Празе, дзе дзейнічала Навуковае таварыства імя Францыска Скарыны і вучыліся беларускія студэнты Карлава ўніверсітэта. Навуковыя і асветныя беларускія арганізацыі існавалі таксама ў Рызе і Чыкага.

1930-я — 1980-я гады

Паварот ад палітыкі беларусізацыі ў канцы 1920-х гадоў і палітычныя рэпрэсіі 1930-х нанеслі беларусазнаўству значныя кадравыя і інстытуцыянальныя страты. Многія навукоўцы былі рэпрэсаваны, а шэраг даследчых кірункаў фактычна перапыніўся.

Пасля Другой сусветнай вайны беларусазнаўчыя даследаванні ў БССР аднавіліся. Былі падрыхтаваны фундаментальныя працы па беларускім мовазнаўстве, літаратуры, гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і фальклоры, слоўнікі, граматыкі, дыялекталагічныя атласы, зборы крыніц і шматтомныя акадэмічныя выданні; адначасова гуманітарныя і грамадскія навукі заставаліся залежнымі ад афіцыйнай савецкай ідэалогіі.

У пасляваенны перыяд сфарміравалася таксама беларусазнаўства беларускай эміграцыі. У ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і іншых краінах дзейнічалі навуковыя і культурныя арганізацыі, ствараліся бібліятэчныя і архіўныя зборы, выдаваліся «Запісы» Беларускага інстытута навукі і мастацтва, The Journal of Byelorussian Studies і іншыя беларусазнаўчыя выданні.

З канца 1980-х гадоў

З другой паловы 1980-х гадоў пашырыліся магчымасці даследавання раней абмежаваных тэм беларускай гісторыі і культуры, сталі перавыдавацца і ўводзіцца ў навуковы ўжытак працы рэпрэсаваных і эміграцыйных аўтараў. Узніклі новыя навуковыя выданні, грамадска-культурныя і даследчыя арганізацыі.

У 1991 годзе быў створаны Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Францыска Скарыны, адным з кірункаў дзейнасці якога было беларусазнаўства. У 2001 годзе ён быў зарэгістраваны як дзяржаўная ўстанова, а ў студзені 2004 года ліквідаваны; яго база і функцыі былі перададзены Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту імя Максіма Танка.Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны // Даведнік па фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

26 мая 1991 года была заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, якая аб'яднала даследчыкаў Беларусі з розных краін і пачала праводзіць міжнародныя кангрэсы беларусістаў, займацца выдавецкай і інфармацыйнай дзейнасцю.

Пасля 2020 года

Пасля палітычнага крызісу 2020 года частка беларускіх навукоўцаў, у тым ліку гісторыкаў і іншых гуманітарыяў, працягнула працу за межамі Беларусі. У выніку разам з індывідуальнай акадэмічнай міграцыяй пачалося стварэнне і развіццё новых даследчых, адукацыйных і выдавецкіх структур у Польшчы, Літве, Чэхіі, Германіі і іншых краінах.Skepyan N. From emergency to institution-building: Belarusian historical scholarship in exile after 2020 // International Centre for Ethnic and Linguistic Diversity Studies. — 21.06.2026.

Гэты працэс узмацніў транснацыянальны характар сучаснага беларусазнаўства: даследаванні, выкладанне, навуковая камунікацыя, выдавецкая дзейнасць і праца з архівамі ажыццяўляюцца сеткай устаноў у розных краінах. Адначасова беларусазнаўчыя даследаванні працягваюцца ў дзяржаўных навуковых і адукацыйных установах Беларусі.

Сучасныя цэнтры

Беларусь

Вядучай акадэмічнай установай у сферы даследавання беларускай мовы, літаратуры, этнаграфіі, фальклору і мастацтва з'яўляецца Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, створаны ў 2012 годзе шляхам аб'яднання Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы.Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі // Этнаўсё. У яго складзе дзейнічаюць спецыялізаваныя інстытуты, працягваецца выданне навуковых серый, слоўнікаў, фальклорных збораў і літаратурных выданняў.Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: выданні.

Значны аб'ём беларусазнаўчых даследаванняў праводзяць таксама Інстытут гісторыі НАН Беларусі, універсітэты, музеі, архівы, бібліятэкі і іншыя навуковыя і культурныя ўстановы краіны.

Польшча