Джордж Оруэл, сапр. Эрык Артур Блэр (, в. Маціхары паблізу мяжы з Непалам, Індыя, Брытанская імперыя — ) — англійскі пісьменнік і публіцыст. Найбольш вядомы як аўтар антыўтапічнага рамана «1984» і аповесці «Ферма».
Жыццяпіс Бацька, Рычард Блэр, служыў у адным з дэпартаментаў брытанскай індыйскай адміністрацыі. Маці была дачкой французскага гандляра. За шмат гадоў службы, да выхаду на пенсію ў 1912 г., Рычард Блэр не нажыў дастатку, 8-гадовага Эрыка з цяжкасцю ўладкавалі ў прыватную падрыхтоўчую школу ў графстве Сусэкс. Паказаўшы здольнасць да вучобы, праз колькі часу хлопчык на конкурснай аснове атрымаў стыпендыю для навучання ў Ітане, самай прывілеяванай прыватнай школе Вялікабрытаніі, якая давала дарогу ў Оксфард ці Кембрыдж. Пазней у нарысе «Чаму я пішу» Оруэл успамінаў, што ўжо ў 5—6 гадоў ён цвёрда ведаў, што будзе пісьменнікам, а ў Ітане вызначылася кола яго літаратурных прыхільнасцей — Свіфт, Стэрн, Джэк Лондан. Магчыма, што менавіта дух прыгод і авантурызму ў творах гэтых пісьменнікаў паўплываў на рашэнне Э. Блэра збочыць са звыклага шляху выпускніка Ітана і паступіць на службу ў імперскую паліцыю, спачатку ў Індыі, а тады ў Бірме. У 1927 г., расчараваўшыся ў ідэалах і сістэме, якой ён служыў, Э. Блэр пайшоў у адстаўку і пасяліўся ў Партабела Роўд, квартале лонданскай галоты, пасля пераязджае ў Парыж — цэнтр еўрапейскай багемы. Аднак Э. Блэр жыў зусім не багемна, у рабочым квартале, зарабляў мыццём посуду, збіраючы досвед і ўражанні, якія пазней Дж. Оруэл пераплавіць у раманы і шматлікія эсэ.
Сацыялістычныя сімпатыі пісьменніка прывялі яго ў рады іспанскіх рэспубліканцаў, калі там пачалася Грамадзянская вайна. Дж. Оруэл адпраўляецца ў Іспанію ў канцы 1936 г. як карэспандэнт Бі-бі-сі і лонданскай газеты «Абсэрвэр». Дж. Оруэл быў уражаны атмасферай роўнасці і баявога брацтва, якую ён адчуў па прыбыцці ў Барселону. Сацыялізм уяўляўся рэальнасцю, і, прайшоўшы пачатковую вайсковую падрыхтоўку, пісьменнік адпраўляецца на фронт, дзе дастае сур'ёзную рану горла. Оруэл апісаў тыя дні ў дакументальнай кнізе Homage to Catalonia (1938), дзе апеў сяброў па зброі, дух брацтва, дзе не было «сляпога падпарадкавання», дзе існавала «амаль поўная роўнасць афіцэраў і салдатаў». Знаходзячыся пасля ранення ў шпіталі, Оруэл напіша сябру: «Я быў сведкам дзіўных рэчаў і, нарэшце, сапраўды паверыў у Сацыялізм, — чаго не было раней».
Газета La Batalla, орган іспанскай Аб'яднанай марксісцкай працоўнай партыі, у радах якой ваяваў Дж. Оруэл, яшчэ ў 1936 г. асудзіла палітычныя судовыя працэсы ў Маскве і сталінскую расправу над старымі бальшавікамі. Зрэшты, яшчэ да ад'езду ў Іспанію Оруэлу было вядома пра масавыя працэсы, якія ён зваў «палітычнымі забойствамі», але ў адрозненне ад большасці англійскіх левых лічыў, што гэтыя падзеі ў Расіі з'яўляюцца не «наступам капіталізму», а «агідным скрыўленнем Сацыялізму».
Оруэл горача адстойваў першапачатковыя «маральныя паняцці сацыялізму» — «свабода, роўнасць, брацтва і справядлівасць», працэс дэфармацыі якіх ён адлюстраваў у сатырычнай алегорыі «Двор для жывёлы» (або «Ферма»). Дзеянні некаторых рэспубліканцаў у Іспаніі і жорсткая практыка сталінскіх рэпрэсій пахіснулі яго веру ў ідэалы сацыялізму. Оруэл зразумеў утапічнасць пабудовы бяскласавага грамадства і нізасць чалавечай прыроды, якой уласцівы жорсткасць, канфліктнасць, імкненне панаваць над людзьмі. Трывогі і сумневы пісьменніка адбіліся ў яго найболей вядомых і часта цытаваных аповесці «Двор для жывёлы» («Ферма») і рамане «1984».
Хоць у творах Оруэла прагледжваецца сатыра на таталітарны лад, самога пісьменніка ўлады працяглы час падазравалі ў шчыльных сувязях з камуністамі. Як высветліла рассакрэчанае ў 2007 годзе дасье на пісьменніка, брытанскія спецслужбы з 1929 года і амаль до самай яго смерці ў 1950 годзе сачылі за ім, прычым меркаванне пра пісьменніка ў прадстаўнікоў розных спецслужбаў не супадала. Напрыклад, у адной з нататак дасье, датаванай 20 студзеня 1942 года, агент Скотлэнд-Ярда сержант Юінг () апісвае Оруэла наступным чынам:
У гэтага чалавека шырокія камуністычные перакананні, і некаторыя з яго індыйскіх сяброў кажуць, што часта бачылі яго на сходах камуністаў. Ён багемна адзяецца як на рабоце, так і ў вольны час.
Згодна з дакументам, пісьменнік сапраўды браў удзел у такіх сходах, і ў характарыстыцы ён праходзіў як чалавек, што «сімпатызуе камуністам»Big Brother: How MI5 kept watch on Orwell The Independent . Аднак, афіцэр MI5 Огілві () азнаёміўшыся з паведамленнем сяржанта Юінга, з пэўнай іроніяй адзначаў:
Я прыйшоў да высновы, што спадар сяржант быў вельмі разгублены, як яму апісаць гэты вельмі асобны выпадак, адсюль выраз «шырокія камуністычныя перакананні». Гэта супадае з выявай Блэр@Оруэл [sic], што маецца ў нас. З яго нядаўніх лістоў вынікае, што ні яго лінія не супадае з лініяй кампартыі, ні партыя з ім.
У 1949 годзе Оруэл падрыхтаваў і перадаў у Дэпартамэнт інфармацыйных даследванняў МЗЗ Вялікабрытаніі спіс 38 брытанцаў, якіх ён лічыў «прыхільнікамі» камунізму. У нататніку, які Оруэл вёў на працягу некалькіх год, налічвалася 135 англамоўных дзеячаў культуры, палітыкі і навукі, у тым ліку Бэрнард Шоу, Джон Стэйнбек, Джон Бойнтан Прыстлі, Чарлз Чаплін і іншыя. Пра гэта стала вядома ў 1998 годзе.
Творчасць Друкаваўся з 1914 года.
Першая кніга Дж. Оруэла «Дні ў Бірме» (Burmese Days, 1934) апавядае пра гады, праведзеных на службе ў калоніях Брытанскай імперыі. Затым быў раман «Дачка святара» (A Clergyman’s Daughter, 1935). Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэалістычных, сацыяльна-крытычных раманаў «Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакументальных нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «3 Каталоніяй у сэрцы» (1938).
Дж. Оруэл заўсёды быў палітычна ангажаваным пісьменнікам, падзяляў рамантызм «чырвоных 30-х», быў заклапочаны нялюдскімі ўмовамі працы англійскіх шахцёраў, падкрэсліваў класавую няроўнасць у англійскім грамадстве. Таксама ён з недаверам і іроніяй ставіўся да ідэі англійскага сацыялізму і «пралетарскай салідарнасці», паколькі сацыялістычныя погляды былі папулярныя хутчэй у асяроддзі інтэлектуалаў і тых, хто належаў да сярэдняга класа, далёка не самаму бяздольнаму. Дж. Оруэл сур’ёзна сумняваўся ў іх шчырасці і рэвалюцыйнасці.
Сусветную вядомасць прынеслі творы ў жанры антыўтопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж. Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы мастацкі вобраз таталітарнай дзяржавы.
Аўтар зборнікаў эсэ і публіцыстыкі па самых разнастайных пытаннях — палітыцы, мастацтве, літаратуры.
Беларускія пераклады На беларускую «Ферму» і «1984» (абодва 1992) пераклаў С. Шупа. Ферма: аповесць ; 1984: раман / Джордж Оруэл. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. — 409, c. — (Бібліятэка замежнай прозы) Ферма [Гуказапіс]: [аповесць] ; 1984: раман: аўдыёкніга / Джордж Оруэл. - Мінск : БелТонМедыа, . - 1 гук. дыск (19 гадзін) 1984: [раман] / Джордж Оруэл. - Мінск : А. М. Янушкевіч, 2020. - 334, с. 1984: раман / Джордж Оруэл. - Мінск : А. М. Янушкевіч, 2021. - 334, с. Ліст пра ўзмацненне таталітарызму На дне ў Парыжы і Лондане (урывак)
Літаратура Баршчэўскі Л. Оруэл //
Катэгорыя:Памерлі ад туберкулёзу Катэгорыя:Пісьменнікі Вялікабрытаніі Катэгорыя:Англамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі-фантасты Вялікабрытаніі Катэгорыя:Сацыялісты Вялікабрытаніі Катэгорыя:Публіцысты Вялікабрытаніі Катэгорыя:Эсэісты Вялікабрытаніі Катэгорыя:Антыкамуністы Катэгорыя:Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі Х’юга Катэгорыя:Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Іспаніі Катэгорыя:Пісьменнікі-франтавікі