Во́ўчын (, ) — вёска ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці, на рацэ Пульва. Адміністрацыйны цэнтр Воўчынскага сельсавета. Размешчаны за 55 км на паўднёвы захад ад Каменца, за 10 км на паўднёвы захад ад чыгуначнай станцыі Высока-Літоўск.

Гісторыя Упершыню Воўчын згадваецца ў XVI ст. як мястэчка Берасцейскага павета, уладанне Солтанаў. Першым вядомым гаспадаром Воўчынскага ключа быў Аляксандр Солтан, па смерці якога ў 1554 годзе мястэчка паводле спадчыны перайшло да яго сына Івана. У 1586 годзе Яраслаў Солтан, сын Івана, разам з жонкай Марыяй збудавалі тут праваслаўную царкву ў гонар Святога Мікалая.

У пачатку XVII ст. Воўчынскі ключ перайшоў да роду Гасеўскіх. Паводле фундацыі Аляксандра Гасеўскага ў мястэчку ў 1639 годзе ўзвялі першы драўляны касцёл. А. Гасеўскі і яго жонка Ева з Пацаў падзялілі маёнтак паміж сынамі наступным чынам: старэйшы сын, Крыштаф атрымаў у спадчыну Стары Воўчын і фальварак Грымяча, а малодшы, Вінцэнт — Новы Воўчын. Неўзабаве ўсе фальваркі аказаліся зноў у адных руках.

У 1708 годзе Тэрэза Гасеўская выйшла замуж за Казіміра Яна Сапегу і тэстаментам запісала Воўчын разам з фальваркамі Шчытнікі, Грымяча, Люта і іншыя мужу. У 1710 годзе Казімір Сапега прадаў Воўчын і Радванічы Якубу Генрыку Флемінгу і яго першай жонцы Францішцы Ізабеле з Сапегаў. 3 атрыманых сродкаў Казімір Сапега фундаваў узвядзенне ў Воўчыне палаца і адбудову знішчаных шведамі фальваркаў, сядзібаў і гаспадарак для мясцовых сялян. Наступным гаспадаром Воўчынскіх маёнткаў быў князь Казімір Чартарыйскі. яго дачка Канстанцыя выйшла замуж за Станіслава Панятоўскага, які збудаваў тут палац і касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1733). Каля 1738 года ад С. Панятоўскага маёнтак выкупіў Фрыдэрык Міхал Чартарыйскі. Чартарыйскія ўзвялі пышны 36-пакаёвы палац, пры ім тэатр і аранжарэю. У 1769 годзе барскія канфедэраты забралі з мястэчка 7 гармат і шмат амуніцыіWołczyn // S. 867..

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Воўчын апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Берасцейскага павета Гродзенскай губерні. У 1828 годзе мястэчка перайшло да Пуслоўскіх, пазней Марчэўскіх. У 1880-я тут было 102 двары, касцёл, царква, яўрэйскі малітоўны дом, народная школа, 24 крамы, вадзяны млын, рэгулярна праводзіліся 3 кірмашы.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Воўчын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі. У 1938 годзе ў воўчынскім касцёле адбылося пахаванне рэшткаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага, перавезеных сюды з Санкт-Пецярбургу (у 1995 годзе перададзены Варшаўскай кафедры)Wołczyn (w:) Internetowa encyklopedia PWN.

У 1939 годзе Воўчын увайшоў у БССР, дзе стаў цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Перад вайной у вёсцы жыло 1180 чалавек у 196 дварахВолчин , у Воўчыне пражывала 402 прадстаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці. Адразу пасля акупацыі Воўчына нямецкімі войскамі большая частка яўрэяў (больш за 100 чалавек) былі адпраўленыя ў гета ў Высокім, прыкладна праз два месяцы пасля акупацыі сагналі мясцовых яўрэяў у гета ў Воўчыне. У ліпені 1942 года гітлераўцамі было спалена 6 дамоў, забіта 395 чалавек.

Станам на 1970 год тут было 162 двары, на 1992 год — 193 двары.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1830 год — 539 муж., з іх духоўнага саслоўя 2, мяшчан-іўдзеяў 463, мяшчан-хрысціян і сялян 72, жабракоў 2 С. 412.; 1885 год — 804 чал. XX стагоддзе: 1970 год — 162 двары, 460 жыхароў; 1992 год — 193 двары,502 чал.В. Міронаў, В. Шаблюк. Воўчын // С. 364.

Інфраструктура У Воўчыне працуюць сярэдняя школа, бальніца, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Славутасці

Капліца Святога Уладзіміра (XIX ст.) Каплічка прыдарожная (1-я пал. XX ст.) Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1729—1733) Могілкі: яўрэйскія; старыя хрысціянскія Сінагога (XIX ст.) Царква Святога Мікалая (XVIII ст.; колішняя грэка-каталіцкая, цяпер ва ўладанні БЭМП) Млын (XIX ст.)

Страчаная спадчына Палацава-паркавы комплекс Чартарыйскіх (1750-я)

Галерэя

Вядомыя асобы Вінцэнт Корвін-Гасеўскі (каля 1620—1662) — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Барыс Міхайлавіч Малчанаў (нар. 1950) — беларускі архітэктар. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732—1798) — апошні кароль і вялікі князь Зыгмунд Фогель (1764—1826) — мастак часоў падзелаў Рэчы Паспалітай

Крыніцы

Літаратура

Wołczyn // S. 865—867.

Спасылкі

Воўчын на Радзіма.орг Прагноз надвор’я ў в. Воўчын Курукин Игорь, ВЕЛИКАЯ ЛИТВА ИЛИ «АЛЬТЕРНАТИВНАЯ» РУСЬ?, 1 января 2007

Катэгорыя:Воўчынскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Камянецкага раёна Катэгорыя:Пуслоўскія

Катэгорыя:Мястэчкі Берасцейскага ваяводства