Банкі́ўскі певень (Gallus gallus) — птушка сямейства фазанавых. Адзін з 4-х відаў дзікіх курэй.
Пашыраны ў Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі. У прыручаным стане завезены на Яву, Філіпінскія астравы, Новую Гвінею і астравы Палінезіі, дзе месцамі здзічэў. Жыве ў лясных і кустовых джунглях у гарах і на раўнінах.
Даўжыня цела да 66 см, маса самцоў 0,9—1,25 кг, самак 0,5—0,75 кг. Афарбоўка самца чырвона-залацістая на спінным баку і чарнавата-бурая на брушным, самкі бураватыя. У самца высокі мясісты грэбень на галаве, голыя шчокі і 1 або 2 вушныя лопасці, або «завушніцы».
Гняздо будуе на зямлі ў паглыбленнях, начуе на дрэвах. Корміцца насеннем, зернем, часткамі раслін і насякомымі.
Ад банкіўскіх курэй паходзяць шматлікія пароды свойскіх курэй.
Літаратура
Катэгорыя:Фазанавыя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе