Вы́ганашчы (, ) — вёска ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Целяханскага сельсавета.

Геаграфія Размешчана на ўсходнім беразе Агінскага канала, на тэрыторыі гідралагічнага заказніка «Выганашчанскае». За 57 км на ўсход ад горада Івацэвічы і чыгуначнай станцыі Івацэвічы на лініі Брэст—Баранавічы.

Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц вядома з XVI стагоддзя як шляхецкая ўласнасць у Новагародскім павеце Вялікага Княства Літоўскага. У 1558 годзе належала Кішкам.

Пазней уласнасць гетмана Міхала Казіміра Агінскага, які быў фундатарам будаўніцтва царквы ў 1775 годзе. Святыня мела 3 валокі зямлі, каля 100 парафіян. З 1795 года ў складзе Расійскай імперыі. У пачатку XIX стагоддзя ў Мінскай губерні. Да 1861 года ўласнасць Пуслоўскіх. Пры размеркаванні зямель згодна з угоддзямі памешчыка Пуслоўскага ў 1861 годзе ў вёсцы пачалося выступленне сялян; 10 зачыншчыкаў былі пасаджаны ў турму. У 1870 годзе вёска ў Целяханскай воласці Пінскага павета Мінскай губерні, 150 рэвізскіх душ, якія былі аб'яднаны ў Крывіцкім сельскім таварыстве. У 1890 годзе 97 двароў.

Паводле перапісу 1897 года — сяло, паселішча на казённай зямлі ва ўладанні Франца Пуслоўскага і аднайменная лясная ахова ў яго ўладанні. У сяле налічваліся 222 будынкі, млын, царква, царкоўна-прыходская школа, хлебазапасны магазін, малочная лаўка; у паселішчы і лясной ахове 3 будынкі. У 1909 годзе ў сяле 277 двароў. У Першую сусветную вайну з набліжэннем фронту жыхароў адправілі ў бежанства ўглыб Расіі. У 1915 годзе лінія фронту ўстанавілася ўздоўж Агінскага канала. Фронт праходзіў праз Вульку-Целяханскую, Выганашчы, Вульку-Выганашчанскую. З восені 1915 года ў Выганашчах прыбывалі войскі кайзераўскай Германіі. Новая ўлада пабудавала лінію абароны на беразе Агінскага канала, якая была разлічана на працяглы час як частка лініі Пінск—Баранавічы. На лініі абароны былі ўзведзены сотні жалезабетонных бліндажоў (рэшткі многіх захаваліся да сённяшняга дня). На ўчастку Выганашчы—Целяханы іх было больш за 50 — штабныя, баявыя, гаспадарчыя. Лінія абароны рускай арміі праходзіла паралельна Агінскаму каналу на адлегласці прыкладна 1 км. Між першымі лініямі абароны праціўнікі былі загароды з калючага дроту. Немцы праклалі вузкакалейкі ад чыгуначнай станцыі Івацэвічы, якія працягнуліся — адна да Выганашчаў, другая да Целяхан, трэцяя — у бок Баранавіч да Выганашчанскага возера. На затоцы Выганашчанскага возера былі забіты палі. Працавала электрастанцыя, былі ўстаноўлены цыркулярныя пілы, пабудаваны баракі. Тут немцы наладжвалі перапрацоўку драўніны для вывазу ў Германію. На выганашчанскім полі на ўрочышчы Таня была арганізавана падсобная гаспадарка — вырошчвалася жыта, гадавалася жывёла. Ва ўрочышчы Нога вёўся нарыхтоўка сена. Першыя бежанцы вярнуліся ў Выганашчы восенню 1918 года, жылі ў бліндажах і рускіх зямлянках. Вёска была спалена, першыя рубленыя хаты пачалі будавацца толькі пасля 1922 года.

З лютага 1919 года вёска акупіравана польскімі войскамі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам з 1921 года ў складзе Польшчы, у Косаўскім павеце Палескага ваяводства. У 1924 годзе ў Быценскай гміне Слонімскага павета, 81 будынак. З 1939 года ў складзе БССР. З 12 кастрычніка 1940 года вёска — цэнтр Выганашчанскага сельсавета Івацэвіцкага раёна Пінскай вобласці. Былі арганізаваны школа, бібліятэка, рыбалавецкая арцель з 44 жыхарамі.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Загінула больш за 1300 жыхароў вёскі і наваколля. З фронту не вярнуліся 33 вяскоўцы, у партызанскай вайне загінулі 43. У Выганашчах пастаўлены помнік ахвярам фашысцкага тэрору. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў, якія загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у Вялікую Айчынную вайну, на вяршыні кургана Славы пастаўлены абеліск. У 1951—1952 гадах створаны калгас «30 гадоў ВЛКСМ». З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці. Дзейнічалі торфа- і лесанарыхтоўкі, дзейнічалі кузня і хата-чытальня. У 1958 годзе побач з вёскай знаходзіўся рабочы пасёлак Выганашчы. З 8 жніўня 1959 года ў складзе Лагішынскага раёна, з 25 снежня 1962 года ў Пінскім раёне, з 6 студзеня 1965 года ў Івацэвіцкім раёне.

Да 26 чэрвеня 2013 года вёска ўваходзіла ў склад і з’яўлялася цэнтрам Выганашчанскага сельсавета«Об изменениях в административно-территориальном устройстве Ивацевичского района Брестской области». Решение Брестского областного Совета депутатов от 26 июня 2013 г. № 288 .

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1870 — 150 рэвізскіх душ (мужчын); 1897 — 1491 жыхар. XX стагоддзе: 1909 — 2283 жыхары; 1924 — 447 жыхароў, з іх 426 беларусаў; 1940 — 1608 жыхароў; 1951—1952 — 1710 жыхароў; 1958 — 1645 жыхароў; 1979 — 1361 жыхар; 1997 — 927 жыхароў. XXI стагоддзе: 2005 — 823 жыхары.

Інфраструктура Размешчаны лясніцтва, філіял запаведніка «Белавежская пушча», сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, магазіны.

Славутасці

Фартыфікацыйны ансамбль франтавых умацаванняў Першай сусветнай вайны (у складзе 9 аб'ектаў) (1915—1918) — Помнікі савецкім грамадзянам, загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну, і партызанам, якія загінулі ў баі з карнікамі на 10-м шлюзе Агінскага канала ў верасні 1942 года. Свята-Пакроўская царква (2000—2009)

Вядомыя асобы Міхаіл Клімаў — беларускі мастак.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты Івацэвіцкага раёна