Арха́н Паму́к (; нарадзіўся 7 чэрвеня 1952 у Стамбуле) — турэцкі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры (2006).
Папулярны як у Турцыі, так і за яе межамі, лаўрэат шэрагу турэцкіх літаратурных прэмій. Яго творы перакладзены больш чым на сорак моў.
Біяграфія Памук нарадзіўся ў заможнай сям’і, бацька яго быў інжынерам. Ён навучаўся ў амерыканскім коледжы Robert College, які месціцца ў Стамбуле. Па сканчэнні коледжа пад уплывам сям’і паступіў у тэхнічны ўніверсітэт Стамбула (бацькі жадалі, каб ён стаў інжынерам-будаўніком), аднак праз тры гады ён кінуў гэтую навучальную ўстанову, каб зрабіцца прафесійным пісьменнікам.
У 1977 закончыў інстытут журналістыкі стамбульскага ўніверсітэта. Паміж 1985 і 1988 гадамі ён жыў ЗША, працуючы ў Калумбійскім універсітэце, але пасля вярнуўся ў Турцыю. З 1982 па 2001 год быў жанаты (зараз у разводзе), ёсць дачка. Жыве ў Стамбуле.
Пісьменнік не тоіць сваёй грамадзянскай пазіцыі, публічна выказваў свае меркаванні па «балючых пытаннях» (генацыд армян, дыскрымінацыя курдаў), за што турэцкі ўрад скардзіўся на яго ў суд. Але па працэдурных прычынах абвінавачанні былі адхілены (студзень 2006).
Творчасць У сваіх творах Памук спрабуе спалучыць традыцыі еўрапейскай літаратуры і турэцкага прыгожага пісьменства. Асноўныя тэмы творчасці пісьменніка — канфлікт і процістаянне паміж Усходам і Захадам, ісламам і хрысціянствам, традыцыямі і сучаснасцю. Напрыклад, разыходжанні паміж заходніцтвам і ісламізмам у сучаснай Турцыі складаюць галоўную тэму кнігі «Снег» (2002).
А адна з самых знакавых кніг — «Стамбул. Горад і ўспаміны». Пісьменнік стварыў нязвыклую кнігу: раман-аўтабіяграфія, сямейная сага, энцыклапедыя горада, альбом з цудоўнымі здымкамі і гравюрамі. Аўтар вядзе чытача па сваіх любімых вулках, напоўненых гукамі і пахамі роднага горада, не бачнага турыстам, схаванага ад мімалётных разявак. У 2006 Архан Памук атрымаў Нобелеўскую прэмію, як пісьменнік, які «ў пошуках меланхалічнай душы свайго роднага гораду адкрыў новыя сімвалы сутыкненьня і перапляцення культураў»nashaniva.by.
Апублікаваны ў 2008 годзе раман «Музей нявіннасці» прысвечаны рэчам як адлюстраванню рэальнасці мінулага. Па словах Памука, ён фармуе калекцыю для музея старых рэчаў, падобнага таму, які апісаны ў кнізе. 28 красавіка 2012 года Музей нявіннасці адкрыў свае дзверы.
Бібліяграфія «Cevdet Bey ve Oğulları» (1982, «Джэўдэт бэй і яго сыны») «Sessiz Ev» (1983, «Ціхі дом») «Beyaz Kale» (1985, «Белая цвярдыня») «Kara Kitap» (1990, «Чорная кніга») «Yeni Hayat» (1995, «Новае жыццё») «Benim adım Kırmızı» (1998, «Мяне клічуць Чырвоны») «Öteki Renkler» (1999, «Іншыя колеры») «Kar» (2002, «Снег») «İstanbul: Hatıralar ve Şehir» (2003, «Стамбул. Горад і ўспаміны») «Masumiyet Müzesi» (2008, «Музей нявіннасці») «Manzaradan Parçalar: Hayat, Sokaklar, Edebiyat » (2010, «Выявы ландшафтаў: жыццё, вуліцы, літаратура») «Saf ve Düşünceli Romancı » (2011, «Наіўны і сентыментальны раманіст») «Kafamda Bir Tuhaflık» (2014, «Мае дзіўныя думкі») «Kırmızı Saçlı Kadın» (2016, «Рудавалосая жанчына»)
Беларускія пераклады Стамбул. Горад і ўспаміны / Архан Памук; пер. з тур. Т. І. Урублеўскай-Токер. — Мінск: А. М. Янушкевіч, 2018. — 500 с.: іл. — (Серыя «Noblesse Oblige»). ISBN 978-985-7165-92-6
Спасылкі
Сайт Архана Памука
Катэгорыя:Пісьменнікі Турцыі Катэгорыя:Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі па літаратуры