Манумент Перамогі — манумент-абеліск на плошчы Перамогі ў сталіцы Беларусі горадзе Мінску ў гонар воінаў Савецкай Арміі, партызанаў і падпольшчыкаў, якія здзейснілі гераічны подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гісторыя Спачатку размясціць велічны помнік Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Мінску планавалася ў іншым месцы. Манумент, згодна з зацверджанымі афіцыйна ўмовамі конкурсу, абвешчанага ў 1946 годзе, павінны былі збудаваць «на Галоўнай плошчы цэнтральнага ансамбля горада». А вакол гэтай плошчы павінны былі паўстаць адміністрацыйныя будынкі. Ужо існуючыя аб’екты (будынак Цэнтральнага камітэта КП(б)Б, акруговы Дом афіцэраў і сквер) уключаліся да зноў створанага ансамбля. Такім чынам, спачатку манумент павінен быў быць збудаваным прыкладна ў раёне Кастрычніцкай плошчы. Аднак, першапачатковая задума была зменена — планаваную вышыню помніка 48 метраў паменшылі аж на 10 метраў, а плануемы матэрыял абеліска белы мармур быў зменены на шэры гранітПлошча Перамогі (Мінск) на www.minsk-old-new.com («Мінск стары і новы. Мінск на фотаздымках.», + інфо) .
У 1950 годзе Упраўленне па справах архітэктуры пры СМ БССР абвясціла конкурс на стварэнне праекта помніка-манумента воінам і партызанам. Удзел у конкурсе прынялі 70 архітэктараў і скульптараў Масквы, Ленінграда, Мінска, Рыгі і іншых гарадоў. Першая прэмія была прысуджана праекту пад дэвізам «Беларусь» архітэктараў-мастакоў з Мінска Г. У. Заборскага і У. А. Караля.
Па словах Г. Заборскага, ідэя помніка ўзнікла яшчэ ў 1942 годзе, паколькі яго стваральнік цвёрда быў упэўнены ў перамозе СССР у вайне. Непасрэдна да ўсталявання манумента на плошчы знаходзіўся сімвалічны камень, абгароджаны вісячымі ланцугамі на 4 невялікіх слупах.
Скульптарамі сталі Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Сяргей Селіханаў. Граніт на абліцоўку Манумента Перамогі быў дастаўлены з-пад Днепрапятроўска і Жытоміра (Украіна), мазаіку для Ордэна Перамогі даслалі з Акадэміі мастацтваў Ленінграда, а разьбу на граніце выканалі ўкраінскія муляры; бронзавыя ж гарэльефы, меч і вянкі адлівалі ленінградскія майстры заводу «Манументскульптура».
Урачыстае адкрыццё помніка ў гонар перамогі савецкага народа над фашысцкай Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Савецкай Арміі і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, было прымеркавана да 10-й гадавіны вызвалення Беларусі і адбылося ў 1954 годзе. З тых часоў манумент з’яўляецца упрыгажэннем сталіцы Беларусі, а таксама месцам правядзення розных мерапрыемстваў у гонар подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, у прыватнасці ў чарговыя гадавіны Дня Перамогі.
У дзень 17-годдзя з дня вызвалення Мінска 3 ліпеня 1961 года ў падножжа манумента Перамогі быў запалены Вечны агонь.
9 мая 1992 года праваахоўныя органы, падпарадкаваныя старшыні Савета міністраў Вячаславу Кебічу, не прапусцілі ўскласці кветкі да манумента ў час афіцыйнай цырымоніі калону БНФ, на чале якой ішлі дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі Сяргей Навумчык і Зянон Пазняк, а таксама пісьменнік-франтавік Васіль Быкаў. 3 ліпеня, у дзень 50-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі, сітуацыя паўтарылася. Сярод тых ветэранаў, каго не прапусцілі да помніка апынуўся і яго аўтар — архітэктар Георгій Заборскі, пра што ён пазней выказаўся такЯк Быкава не пускалі на плошчу Перамогі:
Апошнія аднаўленчыя работы на плошчы Перамогі, у тым ліку і звязаныя з манументам Перамогі, здзяйсняліся ў сярэдзіне 2000-х гадоў. Зараз (канец 2000-х) плошча і помнік добра ўпарадкаваны, працуе асвятленне і падсвятленне манумента.
Архітэктура
На перакрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Захарава. Кампазіцыйна завяршае ансамбль плошчы Перамогі і з’яўляецца яе вышыннай дамінантай, замыкае перспектыву вуліц, якія праменнямі сыходзяцца да яго. Паўкружныя фасады дамоў, што агінаюць плошчу з паўночна-ўсходняга боку, утвараюць своеасаблівае абрамленне помніка. Манумент добра праглядаецца з многіх кропак прылеглага раёна і паркаў каля ракі СвіслачМинск. Монумент Победы // у кн. Белоруссия, Литва, Латвия, Эстония. Справочник-пуеводитель. (серия: «Памятники искусства Советского Союза»), М.: Искусство, Эдицион Лейпциг, стар. 356 .
Вырашаны ў форме велічнага, абліцаванага шэрым гранітам абеліска вышынёй каля 40 м, увенчанага выявай ордэна «Перамога» з бронзы і смальты. Грані абеліска рытмічна расчлянёны вузкімі і завершаны шырокай палосамі, якія нагадваюць беларускі арнамент. 4 грані пастамента аформлены бронзавымі гарэльефамі: «9 мая 1945 г.» (скульптар А. Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (С. Селіханаў). «Слава загінуўшым героям» (З. Азгур), «Партызаны Беларусі» (А. Глебаў). Паслядоўным чаргаваннем рэльефаў, лаканічнымі пластычнымі сродкамі эмацыянальна перададзены кульмінацыйныя моманты барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, горыч страт, радасць перамогі. Шматфігурныя кампазіцыі выкананы ў рэалістычнай манеры, з дэталёвай прапрацоўкай рэльефных выяў.
Абеліск пастаўлены па гранёны расшыраны ўнізе стылабат (чорны лабрадарыт), на якім выява бронзавага мяча, абвітага лаўровай галінкай (скульптар С. Салтыкоў). Уся кампазіцыя размешчана на шырокім васьмігранным ступеньчатым подыуме, 4 грані якога прарэзаны кубічнымі стылабатамі (чорны лабрадарыт) з 4 бронзавымі лаўровымі вянкамі на іх (скульптар С. Адашкевіч), якія сімвалізуюць чатыры франты, байцы якіх прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі. Перад манументам 3 ліпеня 1961 г. запалены Вечны агонь, неслі ганаровую варту піянеры і камсамольцы.
Першапачаткова манумент быў размешчаны на круглай у плане плошчы. У 1984 годзе, у сувязі з увядзеннем у дзеянне Мінскага метрапалітэна, плошча перад помнікам пераплапавана (вырашана ў 2 узроўнях; архітэктары Б. Ларчанка, Б. Школьнікаў, К. Вязгін). Пад зямлёю аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую мемарыялыіую залу, прысвечаную памяці герояў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з мастацкага шкла з падсветкай знутры (мастак В. Позняк), — сімвал Вечнага агню памяці. На сцяне бронзавыя выява Зоркі Героя Савецкага Саюза і пласціны з імёнамі 566 ураджэнцаў Беларускай ССР і інш. саюзных рэспублік, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Гранітныя лесвіцы вядуць з залы на плошчу. Сіметрычныя лесвічныя выхады аформлены масіўнымі гранітнымі блокамі. На іх верхніх пакатых гранях — выкананыя ў бронзе выявы прыспушчаных сцягоў (скульптар М. Рыжанкоў).
Ад выхадаў да манумента вядуць ланцужкі невялікіх гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям Маскве, Ленінграду, Валгаграду, Адэсе, Севастопалю, Кіеву, Наварасійску, Керчы, Туле, Брэсцкай крэпасці-герою, Смаленску, Мурманску і выявамі ўзнагарод. Пляцоўка, на якой размешчаны помнік, упрыгожана кветкамі і пасадкамі елкі.
Літаратура
Минск. Монумент Победы // у кн. Белоруссия, Литва, Латвия, Эстония. Справочник-пуеводитель. (серия: «Памятники искусства Советского Союза»), М.: Искусство, Эдицион Лейпциг, стор. 356
Спасылкі
Плошча Перамогі (Мінск) на www.minsk-old-new.com («Мінск стары і новы. Мінск у фотаздымках.»
Катэгорыя:Плошча Перамогі (Мінск) Катэгорыя:Помнікі Мінска Катэгорыя:Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі Катэгорыя:Абеліскі Беларусі Катэгорыя:1954 год у Мінску Катэгорыя:Творы Заіра Азгура Катэгорыя:Творы Андрэя Бембеля Катэгорыя:Творы Аляксея Глебава Катэгорыя:Творы Сяргея Селіханава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Георгія Заборскага Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Уладзіміра Караля