Табо́льск () — горад (з 1590 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Табольскага раёна Цюменскай вобласці. Знаходзіцца за 247 (254) км на паўночны ўсход ад Цюмені ў месцы ўпадзення ракі Табол у Іртыш, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Табольск. Па ўсходняй ускраіне горада пралягае аўтамабільная дарога Цюмень—Ханты-Мансійск. Дзейнічаюць аэрапорт і рачны порт.
Гісторыя
Табольск заснаваны ў 1587 годзе атрадам казакоў Д. Чулкова на Траецкім мысе як Табольскі астрог. Да 1590 года быў адміністрацыйна падпарадкаваны гораду Цюмень. У 1600 годзе перанесены з Траецкага мыса на мыс Чукман. У 1606—1609 гадах быў пабудаваны драўляны горад, які быў знішчаны пажарамі 1643, 1677 і 1680 гадоў. У XVII—XVIII стагоддзях Табольск быў ваенна-адміністрацыйным, палітычным і культурным цэнтрам Сібіры. Тут пісаліся летапісы, адкрыліся першыя ў Сібіры школы, драматычны тэатр (заснаваны ў 1705 годзе), друкарня, збройны завод, гасціны двор, шклозавод (заснаваны ў 1751 годзе), палатняная і шаўкаткацкая мануфактуры. Выдаваўся часопіс «Тобольск, превращающийся в Ипокрену». З 1620 года цэнтр Сібірскай епархіі. У канцы 1680-х — 1720-х гадах на Траецкім мысе узведзены адзіны ў Сібіры каменны крэмль. З 1708 года горад Табольск, адміністрацыйны цэнтр Сібірскай губерні, з 1782 года — Табольскага намесніцтва, у 1796—1917 — Табольскай губерні (у 1822—1839 гадах — Заходне-Сібірскага генерал-губернатарства). У 1773—1774 гадах горад быў апорным пунктам урада пры задушэнні сялянскай вайны Емяльяна Пугачова.
Савецкая ўлада ў Табольску ўсталявана 9 красавіка 1918 года. У чэрвені 1918 — кастрычніку 1919 года горад быў пад кантролем белых войскаў. 21 кастрычніка 1919 года заняты часткамі Чырвонай Арміі і чырвонымі партызанамі. У 1919—1920 гадах павятовы горад Табольскай губерні, у 1920—1923 гадах — Цюменскай губерні. З 21 лютага па 8 красавіка 1921 года Табольск пад кантролем удзельнікаў Заходнесібірскага паўстання. Адміністрацыйны цэнт акругі (1923—1932, 1935—1944) і раёна (з 1924) Уральскай, Обска-Іртышскай (1934), Омскай (1934—1944), Цюменскай (з 1944 года) абласцей.
Насельніцтва
Гарады-пабрацімы
Вядомыя ураджэнцы і жыхары Аляксандр Гаўрылавіч Абдулаў (1953—2008) — савецкі і расійскі акцёр тэатра і кіно. Мікалай Іназемцаў (1889—1948) — беларускі мітрапаліт. Карусь Каганец (1868—1918) — беларускі паэт, драматург, мовазнавец, мастак, скульптар, грамадскі дзеяч. Дзмітрый Іванавіч Мендзялееў (1834—1907) — рускі вучоны. Васіль Рыгоравіч Пяроў (1834—1882) — рускі жывапісец і графік. Пётр Паўлавіч Яршоў (1815—1869) — рускі пісьменнік.
Зноскі
Літаратура
Спасылкі Информационный портал города Тобольска История города Тобольска // Тюменскаяобласть.рф Диана Тесленко Культурный гид по Тобольбску // Культура. РФ Город радости и боли: почему непременно нужно поехать в Тобольск // «Известия»
Катэгорыя:Гарады Цюменскай вобласці Катэгорыя:Населеныя пункты, заснаваныя ў 1587 годзе