Марына Валер’еўна Вежнавец () — беларуская балерына, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Заслужаная артыстка Беларусі (2014).
Біяграфія У дзяцінстве займалася мастацкай гімнастыкай, мае званне кандыдата ў майстра спорту. Пазней захапілася балетам і паступіла ў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны каледж. Да 8 класа сумяшчала заняткі ў абедзвюх сферах, пасля зрабіла выбар у карысць балета.
У 1997 годзе скончыла каледж (клас народнай артысткі Беларусі Ірыны Савельевай) і была прынята ў трупу Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Танцавала на яго сцэне ў 1997—2008 гадах. Першай партыяй Марыны стала партыя Кітры ў спектаклі «Дон Кіхот». Рэпетытытарам Марыны Вежновец стала народная артыстка Беларусі Людміла Бржазоўская.
У 2008—2009 гадах з’яўлялася салісткай трупы Санкт-Пецярбургскага тэатра балета Канстанціна (SPBT) і выступала з ім у Парыжы на прэстыжнай сцэне Тэатра Елисейских Палей, у Лондане (Лонданскі Калізей), у Іспаніі. Падчас працы ў тэатры яе яе рэпетытарам была народная артыстка Расіі Любоў Кунакова (у мінулым зорка Марыінскага тэатра).
З 2009 года зноў у трупе Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Адначасова вучыцца ў Ваганаўскай акадэміі балета Санкт-Пецярбурга на аддзяленні педагогікі харэаграфіі.
У красавіку 2011 года ў тэатры прайшоў творчы вечар Марыны Вежнавец і яе партнёра Юрыя Кавалёва.
Рэпертуар Марыны Вежнавец «Бахчысарайскі фантан» (Зарэма), «Баядэрка» (Нікія і Гамзаці), «Балеро» (Дзяўчына), «Дон Кіхот» (Кітры, Дульцынэя і Мэрсэдэс), «Жызель» (Жызель і Мірта), «Кармэн-сюіта» (Кармэн), «Карміна Бурана» (Блудніца), «Карсар» (Медора), «Лебядзінае возера» (Адэта — Адылія), «Макбет» (Лэдзі Макбет), «Спячая прыгажуня» (Аўрора і Фея бэзу), «Рагнеда» (Рагнеда і Ганна Багранародная), «Шехеразада» (Забеіда), «Шчаўкунок» (персідскі танец), «Эсмеральда» (Эсмеральда).
Вобраз у мастацтве У 2013 годзе мастачка Аксана Аракчэева напісала партэт Марыны Вежнавец да юбілейнага сезону Вялікага тэатра, у рамках цыклу партрэтаў вядучых салістаў беларускага балета. Партрэтныя накіды Марыны Вежновец мастачка рабіла ў Нясвіжы, дзе ў той час танчыла балерына. Балерына прадстаўлена ў вобразе дзяўчыны з балета «Балеро».
Літаратура
Марціновіч Д. Праз экспрэсію пластыкі // Маладосць. 2011. № 4. С. 98-103. Марціновіч Д. Марына + Юра = балет// Мастацтва. 2011. № 6. Савицкая О. Танец вдвоем // Партер. 2011. № 3. С. 56-59. Яроміна К. І ўсё гэта—частка яе…// Літаратура і мастацтва. 2007. 28 верасня. № 39. С. 10 Яроміна К. Інфернальная і летуценная// Мастацтва. 2008. № 5. С. 14-15. Яроміна К. Дуэт: колькі ў гэтым слове!// Літаратура і мастацтва. 2010. 24 верасня. № 38. С. 10. Яроміна К. На сцэне—дуэт…// Настаўніцкая газета. 2011. 19 красавіка.
Катэгорыя:Артысты балета Беларусі