Дры́сенскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Пскоўскай і Полацкай губерняў, Полацкага намесніцтва, Беларускай і Віцебскай губерняў, якая існавала ў 1772—1923 гадах. Цэнтр — горад Дрыса. Плошча павета складала 2568,9 квадратных вёрст (каля 2,9 тыс. км²).
Гісторыя Утвораны 24 жніўня (4 верасня) 1776 г. у складзе Полацкай губерні Расійскай імперыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. 12 (23) снежня 1796 г. скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў склад Беларускай губерні. 27 лютага (11 сакавіка) 1802 г. павет быў адноўлены ў складзе Віцебскай губерні.
У студзені 1919 года Клясціцкая воласць павета была перададзена ў склад суседняга Полацкага павета. Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны і абвяшчэння незалежнасці Латвіі тэрыторыя павета стала прадметам размежавання. У маі 1920 года РСФСР і Латвія пачалі мірныя перагаворы, на якіх латвійскі бок патрабаваў перадачы Дрысенскага павета ў склад сваёй дзяржавы. Савецкая дэлегацыя на чале з Адольфам Іофэ адхіляла гэтае патрабаванне, спасылаючыся на тое, што латышы складаюць там меншасць. У сваю чаргу, прадстаўнікі Латвіі аргументавалі сваю пазіцыю стратэгічнымі інтарэсамі бяспекі.
Паводле мірнага дагавора паміж РСФСР і Латвіяй ад 11 жніўня 1920 года частка Дрысенскага павета (Прыдруйская і Пустынская воласці) усё ж адышла да Латвіі. У гэтых, а таксама іншых перададзеных Латвіі паветах пражывала каля 150 тысяч беларусаў. Пры гэтым урад БНР (на той час ужо ў эміграцыі) паставіўся да гэтага рашэння без моцнага супраціўлення, лічачы Латвію больш спрыяльным суседам у пытанні беларускай незалежнасці.
15 лютага 1923 года Дрысенскі павет быў канчаткова скасаваны, а яго тэрыторыя далучана да Полацкага павета.
Насельніцтва Паводле даных перапісу 1897 года, у павеце пражывала 97 083 чалавекі. Нацыянальны склад размяркоўваўся наступным чынам: беларусы — 86,2 %, яўрэі — 9,1 %, палякі — 2,4 %, рускія — 1,6 %. У працэнтных адносінах па долі беларусаў Дрысенскі павет перавышаў усе іншыя паветы Віцебскай губерні.
У павятовым горадзе Дрысе пражывала 4238 чалавек.
Адміністрацыйны падзел У 1906 годзе ў склад павета ўваходзілі 17 валасцей: Воласць Валасны цэнтр Асвейская мястэчка Асвея Дзернавіцкая мястэчка Дзёрнавічы Замашанская маёнтак Савейкі Зябкаўская вёска Зябкі Ігналінская вёска Царкоўна Каменская засценак Перасыпы Каханавіцкая маёнтак Каханавічы Клясціцкая слабада Клясціцы Прыдруйская вёска Белае Пустынская пагост Пустынь Сар’янская пагост Дзегцярова Ніжняе Стрыжанская вёска Семянова Сушкоўская вёска Сушкі Таболкаўская вёска Жоўніна Філіпаўская вёска Прудзінкі Юстыянаўская вёска Цясты Юхавіцкая мястэчка Юхавічы
Мястэчкі Дрысенскага павета: Асвея, Валынцы, Дзісенка (Мікалаеўская Слабодка), Каханавічы, Прыдруйск, Росіца, Юхавічы.
Павет меў 811 паселішчаў сельскага тыпу, 24 царквы, 11 касцёлаў, некалькі сінагог і яўрэйскіх школ. У 1886 годзе дзейнічала 9, а ў 1897 годзе — 59 школ усіх тыпаў.
Вядомыя асобы Ісаак Аскназій (1856—1902) — рускі і яўрэйскі жывапісец-біблеіст. Казімір Бердыган (1894—1972) — беларускі хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар. Мікалай Накоўнік (1895—1975) — геолаг і петрограф, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Тарас Хадкевіч (1912—1975) — беларускі пісьменнік, паэт, перакладчык, публіцыст. Ігнат Храпавіцкі (1817—1893) — беларуска-польскі паэт, перакладчык, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Ян Чэрскі (1845—1892) — геолаг і географ, даследчык Сібіры.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі Старыя карты Дрысенскага павета на сайце "Литера Ру" Дрысенскі павет на сайце Radzima.net Праваслаўныя цэрквы Дрысенскага павета на сайце Згуртавання беларускай шляхты Рымска-Каталіцкія касцёлы Дрысенскага павета на сайце Згуртавання беларускай шляхты
Катэгорыя:Паветы Віцебскай губерні Катэгорыя:Паветы Полацкай губерні
Катэгорыя:Гісторыя Верхнядзвінска