Уэйн Марк Руні (; нар. , , Англія) — англійскі футбаліст (нападнік) і трэнер. Ігрок нацыянальнай зборнай Англіі (2003—2018). У цяперашні час працуе галоўным трэнерам клуба «Бірмінгем Сіці».
Раннія гады Уэйн вырас у Крокстэце, у адным з раёнаў Ліверпула, у сям’і пралетарыяў. З 1997 па 2002 гады навучаўся ў Дэласальскім гуманітарным каледжы, дзе пазней таксама навучаліся два яго малодшыя браты Грэм і Джон. З дзяцінства Руні быў заўзятарам клуба «Эвертан», а яго кумірам быў шатландскі нападнік Данкан Фергюсан.
Клубная кар’ера У малодшым школьным узросце Уэйн гуляў за клубы «Ліверпул Скулбойз» і «Дынама Браўнінгз». На сваё адзінаццацігоддзе перайшоў у футбольную акадэмію «Эвертана». Усеагульная вядомасць прыйшла да Руні 19 кастрычніка 2002 года, калі ён ва ўзросце 16 гадоў і 360 дзён забіў гол у браму дзейнага чэмпіёна «Арсенала», стаўшы на той момант самым маладым галеадорам Англіі. З 2004 года на працягу доўгага часу выступаў за клуб «Манчэстэр Юнайтэд», дзе пазней стаў капітанам, а таксама найлепшым бамбардзірам клуба ў гісторыі.
У ліпені 2017 года вярнуўся ў «Эвертан», падпісаўшы двухгадовы кантракт. У чэрвені 2018 года перайшоў у амерыканскі клуб «Дзі Сі Юнайтэд».
У студзені 2020 года вярнуўся ў Англію, афіцыйна стаўшы іграком «Дэрбі Каўнці», дзе таксама ўвайшоў у трэнерскі штаб. У лістападзе 2020 года пасля звальнення Філіпа Каку ўвайшоў у часовы трэнерскі штаб клуба, а ў студзені 2021 года афіцыйна завяршыў гульнявую кар’еру і ўзначаліў каманду.
Міжнародная кар’ера Выступаў за юнацкія зборныя Англіі, а 12 лютага 2003 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай у таварыскім матчы супраць Аўстраліі. Прымаў удзел у чэмпіянатах Еўропы 2004, 2012 і 2016, чэмпіянатах свету 2006, 2010 і 2014. У жніўні 2014 года быў прызначаны капітанам зборнай пасля таго, як Стывен Джэрард завяршыў міжнародную кар’еру. Пасля лістапада 2016 года не гуляў за нацыянальную каманду, і ў жніўні 2017 года вырашыў завяршыць кар’еру ў зборнай. 15 лістапада 2018 года правёў развітальны матч за зборную Англіі, выйшаўшы на замену ў другім тайме ў таварыскім матчы супраць ЗША.
Трэнерская кар’ера Пасля завяршэння кар’еры ў студзені 2021 года стаў галоўным трэнерам «Дэрбі Каўнці». Пакінуў каманду ў чэрвені 2022 года пасля таго, як яна страціла месца ў Чэмпіёншыпе.
У ліпені 2022 года ўзначаліў амерыканскі «Дзі Сі Юнайтэд». У кастрычніку 2023 года па пагадненні бакоў пакінуў клуб і неўзабаве стаў галоўным трэнерам «Бірмінгем Сіці».
Дасягненні Чэмпіён Англіі (5): 2007, 2008, 2009, 2011, 2013 Уладальнік Кубка Англіі: 2016 Уладальнік Кубка Футбольнай лігі (3): 2006, 2010, 2017 Уладальнік Суперкубка Англіі (4): 2007, 2010, 2011, 2016 Пераможца Лігі чэмпіёнаў: 2008 Пераможца Лігі Еўропы: 2017 Пераможца клубнага чэмпіянату свету: 2008
Крыніцы
Спасылкі
Статыстыка выступленняў за зборную Англіі на сайце EnglandStats.com
Катэгорыя:Футбалісты Англіі Катэгорыя:Ігракі зборнай Англіі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Эвертан Катэгорыя:Ігракі ФК Манчэстэр Юнайтэд Катэгорыя:Ігракі ФК Дзі Сі Юнайтэд Катэгорыя:Ігракі ФК Дэрбі Каўнці Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Англіі Катэгорыя:Трэнеры ФК Дэрбі Каўнці Катэгорыя:Трэнеры ФК Дзі Сі Юнайтэд Катэгорыя:Трэнеры ФК Бірмінгем Сіці