Іво́льск (, ) — вёска ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Крыўскага сельсавета.

Назва Івольск на рэчцы Іволька.

Геаграфія У 25 км на поўдзень ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Буда-Кашалёўская (на лініі Жлобін — Гомель), 25 км ад Гомеля.

Рака Іволька (прыток ракі Уза).

Паблізу аўтадарога Жлобін — Гомель.

Планіроўка складаецца з доўгай, ледзь выгнутай мерыдыянальнай вуліцы, якая ў цэнтры перасякаецца просталінейнай вуліцай, а з поўдня да яе далучаюцца дзве просталінейныя кароткія вуліцы. Забудова двухбаковая, драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. У 1987 годзе пабудаваны цагляныя дамы на 50 кватэр, у якіх змесцаваліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў пасля Чарнобыльскай катастрофы.

Гісторыя Выяўленыя археолагамі два гарадзішчы (1 км на захад ад вёскі, на левым беразе ракі) сведчаць пра засяленне гэтай тэрыторыі ў далёкім мінулым. Па пісьмовых крыніцах вядома з пачатку XIX стагоддзя. З 1818 года знаходзілася драўляная Праабражэнская царква. Побач з вёскай быў фальварак, гаспадар якога дваранін Баркоўскі валодаў у 1879 годзе 330 дзесяцінамі зямлі, вятраком і піцейным домам. У 1883 годзе працавалі млын, цагельня, хлебазапасны магазін. Па перапісу 1897 года размяшчаліся царква, вінная крама, школа граматы. У фальварку — карчма. Дзейнічала народнае вучылішча (адкрыта ў 1902 годзе; у 1907 годзе 51 вучань). У 1909 годзе 918 дзесяцін зямлі, царква, школа, казённая вінная крама, млын, у Чабатовіцкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні.

З 8 снежня 1926 года цэнтр Івольскага сельсавета Уваравіцкага, з 17 красавіка 1962 года Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці.

Дзейнічалі пачатковая школа, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства. У 1929 годзе арганізаваны калгас імя М. І. Калініна, працавалі нафтавы млын, вятрак, гамарня, цыркулярная піла.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў баях каля вёскі загінулі 8 савецкіх салдатаў і 6 партызан (пахаваны ў брацкай магіле на паўднёва-ўсходняй ускраіне). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 263 чалавека з вёсак сельсавета, памяць пра загінуўшых увекавечвае збудаваная ў 1973 годзе стэла з барэльефнай шматфігурнай кампазіцыяй, дошка з прысвячэннем і 2 пліты з імёнамі загінуўшых.

У 1959 годзе цэнтр калгаса імя М. І. Калініна. Размяшчаліся пільня, млын, камбінат бытавога абслугоўвання, механічная майстэрня, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад. У 1996 годзе адкрыта царква.

У склад Івольскага сельсавета ўваходзілі: да 1936 года пасёлак Крывізна, Свашын; да 1938 года пасёлак Галыда, да 1968 года пасёлак Пашкаўскі, да 1997 года пасёлак Букалоў. Усе яны ў наш час не існуюць.

1 снежня 2009 года Івольскі сельсавет быў скасаваны, і Івольск увойшоў у склад Крыўскага сельсавета«Об изменении административно-территориального устройства Буда-Кошелевского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 277 .

Насельніцтва 1848 год — 50 двароў. 1883 год — 91 двор, 587 жыхароў. 1897 год — 134 двары, 798 жыхароў, у фальварку 2 двары, 12 жыхароў (паводле перапісу). 1909 год — 163 двары, 934 жыхара. 1926 год — 230 двароў, 1202 жыхара. 1940 год — 504 жыхара. 1997 год — 184 двары, 491 жыхар. 2004 год — 167 гаспадарак, 486 жыхароў.

Вядомыя асобы Павел Сцяпанавіч Малчанаў (нар. 1(14).3.1902) — савецкі акцёр, народны артыст СССР (1949), народны артыст БССР, лаўрэат Сталінскай прэміі СССР (1946). Узнагароджаны 3 ордэнамі. А. А. Маркаў — генерал-лейтэнант.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Населеныя пункты Буда-Кашалёўскага раёна Катэгорыя:Крыўскі сельсавет