Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі (Рыпінскі — Радван, ; , в. Кукавячына, Віцебскага павета, цяпер  — , в. Страганы, цяпер Лёзненскі раён) — беларускі і польскі паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, графік, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў і прадстаўнік Вялікай эміграцыі.

Рыпінскі быў звязаны з выданнем беларускамоўных тэкстаў у Лондане і зрабіў унёсак у фармаванне ранняй традыцыі беларускага друку за мяжой у сярэдзіне XIX ст.

Біяграфія

Паходзіў са шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў дзедавым маёнтку Стайкі каля Віцебска. Скончыў Віцебскую гімназію, у 1829—1830 вучыўся ў Дынабургскай школе прапаршчыкаў. У гэты час пазнаёміўся з В. Кюхельбекерам, які адбываў пакаранне ў Дынабургскай крэпасці, што сам А. Рыпінскі лічыў значнай падзеяй.

Паўстанне 1830—1831 гадоў і эміграцыя Удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў. Пасля падаўлення паўстання, разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй.

Паводле даследавання М. Хаўстовіча, у час кампаніі 1831 г. Рыпінскі дзейнічаў у атрадах паўстанцаў на тэрыторыі Віцебшчыны і сумежных рэгіёнаў; у ходзе адступлення на захад прайшоў праз Курляндыю і сустракаўся з Эміліяй Плятэр. У 1831 г. ён служыў у злучэннях паўстанцаў (у тым ліку ў складзе войска генерала ) і пасля паражэння быў вымушаны адступаць да прускай мяжы; 13 ліпеня 1831 г. (паводле цытаваных матэрыялаў) перайшоў мяжу і склаў зброю. Расійскія ўлады патрабавалі выдачы ўдзельнікаў паўстання; у дакументах, цытаваных М. Хаўстовічам, Рыпінскі быў аднесены да адной з катэгорый «злачынцаў» з пагрозай цяжкага пакарання, аднак прускія ўлады ў выніку дазволілі эмігрантам выезд у Францыю.

Парыж У 1832—1846 жыў у Парыжы. Быў абраны членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Разам з Ф. Ходзькам адкрыў мастацкі магазін. У Парыжы пазнаёміўся з А. Міцкевічам, іх звязвала адзінства грамадскіх і эстэтычных ідэалаў.

Лондан і друкарня ў Тотэнхэме У 1846 годзе А. Рыпінскі пераехаў у Лондан. Разам з І. Яцкоўскім у 1852 заснаваў у прыгарадзе Лондана друкарню. Між іншага, з кастрычніка 1852 выдаваў эмігранцкую газету «Польскі дэмакрат». Паводле М. Хаўстовіча, у 1850-я гады гэтая друкарня стала адным з цэнтраў выдання польскай і беларускамоўнай літаратуры ў Вялікабрытаніі; у Лондане (і яго прадмесцях) у гэты перыяд выйшла значная колькасць кніг і брашур, частка з якіх звязана з імёнамі І. Яцкоўскага і А. Рыпінскага.

Вяртанне на Радзіму У 1859 годзе, пасля амністыі ў Расіі, А. Рыпінскі вярнуўся на Радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у Кукавячыне, маёнтку свайго брата, адстаўнога штабс-капітана артылерыі В. Ф. Рыпінскага, пазней — у сваячкі Ксаверыі Аляксандраўны Рыпінскай у маёнтку Страганы (цяпер Лёзненскі раён).

У пасляэмігранцкі перыяд Рыпінскі працягваў цікавіцца літаратурным жыццём у Расійскай імперыі, сачыў за публікацыямі ў прэсе і ўступаў у ліставанне з рэдактарамі, імкнучыся ўдакладняць факты і імёны (у тым ліку выпадкі памылковага напісання свайго прозвішча).

Памёр 8 (20) лістапада 1886 года. Быў пахаваны на сямейных могілках роду Заблоцкіх у маёнтку Саланец.

Дзейнасць і творчасць Ужо ў раннім юнацтве А. Рыпінскі вёў фальклорныя запісы, пазней захоўваў іх у ваенным ранцы, які згубіў у час паўстання 1830—1831 гадоў. У школьныя гады захапіўся паэзіяй і перакладамі. Лічыцца, што самы ранні верш А. Рыпінскага, на польскай мове, запісаны на тытульным аркушы рукапіснага зборніка школьнага сябра Гайкі з Пнёва. У 1827 пераклаў на польскую мову «Русалку» А. Пушкіна.

На пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, 21.11.1839 прачытаў першы даклад пра беларускую этнаграфію і фальклор. У 1840 на аснове гэтага дакладу выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь»Białoruś : kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc. Paryż, 1840., дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі.

Паводле М. Хаўстовіча, у працы «Białoruś…» аўтар апісваў не толькі песенную традыцыю, але і шэраг іншых відаў вуснай творчасці, імкнучыся паказаць культурны кантэкст і «паэтычнасць» народнага жыцця; асобныя матэрыялы падаваліся ў сувязі з абрадамі, святамі і побытавымі практыкамі.

Магчыма, па парадзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часоў паўстання — «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў» (фрагменты выдадзены ананімна ў Парыжы, 1836). Працаваў над рукапісам «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, згаданых у творы Нарбута „Гісторыя старажытнай Літвы“».

У Лондане заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, таксама выкладаў розныя мовы, матэматыку і маляванне. У сваёй, супольнай І. Яцкоўскім, друкарні выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У 1853 выдаў беларускамоўную рамантычную баладу «Нячысцік»Асобнае выданне «Нячысціка» (1853) на polona.pl, адну з першых у беларускай літаратуры, у аснову яе пакладзены фальклорныя ўзоры.

Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў свае кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва.

Па вяртанні ў Расію, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, быў першым біёграфам шэрагу пісьменнікаў. У прыватнасці, А. Рыпінскім напісаны біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага, але гэтыя працы не захаваліся. Перапісваўся з пісьменнікам і публіцыстам А. Плугам. Дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы, між іншым, віленскаму мастаку К. Рыпінскаму.

Паводле М. Хаўстовіча, у пасляэмігранцкіх нататках Рыпінскі спрабаваў акрэсліць гісторыю літаратурнага працэсу на беларускіх землях і пакінуў уласны спіс аўтараў (каля 55 імёнаў), ад XVI да канца XIX ст., што адлюстроўвае ягонае імкненне да сістэматызацыі і біяграфічнага апісання літаратуры.

Асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на факталагічныя звесткі пра беларускую культуру 18-19 ст., не захаваўся. Некалькі сшыткаў А. Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча. Некаторыя запісы па копіях Піятуховіча апублікаваў В. Скалабан у 1990 (Зборнік «Шляхам гадоў», 1-ы вып.).

Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. А. Рыпінскі адзін са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры. У гісторыю беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі.

Рыпінскі быў адным з першых аўтараў і выдаўцоў, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім алфавіце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.

Выбраныя выданні і публікацыі Białoruś : kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc. — Парыж, 1840. Niaczyscik. Ballada białoruska. — Лондан, 1853. «Польскі дэмакрат» (эмігранцкая газета; выдавалася з кастрычніка 1852 г.).

Погляды У класічнай працы «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc.», якая на польскай мове выйшла друкам у 1840 годзе ў Парыжы і заклала пачаткі беларускай этнаграфіі, а таксама спрычынілася да навуковага вывучэння беларускага фальклору, Аляксандр Рыпінскі заклікаў беларускіх жанчын-маці лічыць сваім першым абавязкам «навучыць дзіця вымаўляць святое імя Польшчы, калі яно яшчэ не гаворыць „мама“, не даваць дзіцяці патрэбнай ежы „да таго часу, пакуль яно не папросіць па-польску“…»Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1964. — С. 55.. У самой назве твора было азначана, што Беларусь — гэта частка («правінцыя») Польшчы. Гэта, аднак, магло быць вымушанымі агаворкамі з улікам атачэння Рыпінскага — польскіх эмігрантаў на ўтрыманні французскага ўрада.

Крыніцы

Літаратура

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т., Т. 4. Накцюрн — Скальскі / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ им. Петруся Бровки, 1986. — Т. 4. — 742 с. — 9500 экз.

Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава і інш. Уклад. М. В. Півавар. — Мн., 2008. — С. 175—176. Рыпінскі Аляксандр Феліксавіч // Памяць: Віцебскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. У. І. Мезенцаў; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — С. 86. Мархель У. Кукавячын — Парыж — Лондан — Строганы // Краязнаўчая газета. — 2007. — № 39 (кастр.). — С. 6-7; Піятуховіч М. Рукапісы А. Рыпінскага / Публ. В. Скалабана // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Мн., 1990. Русецкий А. В. Александр Рыпинский: долгий путь к родным истокам // Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. — 2006. — № 4. — С. 90—102.

Хмяльніцкая, Л. Лёс інсургента : дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе / Л. Хмяльніцкая. — Мінск : Лімарыус, 2019. — 288 с. — (Бібліятэка «Наша XIX стагоддзе»). Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Вып. 13. Мн., 1985. Хаўстовіч М. Айчына здалёку і зблізку (Ігнацы Яцкоўскі і Аляксандар Рыпінскі). — Мінск: Універсітэцкае выдавецтва «Універсітэт», 2006.

Гл. таксама Вялікая эміграцыя Паўстанне 1830—1831 гадоў Беларускі лацінскі алфавіт

Спасылкі

Матэрыялы на Wikimedia Commons (катэгорыя)

Катэгорыя:Мастакі Польшчы Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі паводле алфавіта Катэгорыя:Фалькларысты Беларусі Катэгорыя:Фалькларысты Польшчы Катэгорыя:Графікі Беларусі Катэгорыя:Графікі Польшчы Катэгорыя:Графікі паводле алфавіта Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў Катэгорыя:Паэты Польшчы Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Польскамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Памерлі ў Лёзненскім раёне Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1809 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1886 годзе Катэгорыя:Беларускія фалькларысты Катэгорыя:Беларускія паэты XIX стагоддзя Катэгорыя:Польскія паэты XIX стагоддзя Катэгорыя:Беларуская эміграцыя