Значэ́нне сло́ва — адлюстраванне ў слове той ці іншай з’явы рэчаіснасці (прадмета, якасці, дзеяння, стану, адносін).

Адрозніваюць граматычнае і лексічнае значэнні слова.

Граматычнае значэнне Граматычнае значэнне абумоўлівае прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы. У беларускай мове граматычнымі з’яўляюцца значэнні роду, ліку, склону, асобы, ладу, часу, стану, трывання і іншыя.

Гэтыя значэнні выражаюцца пераважна формамі слова, што ўтвараюцца праз афіксацыю, чаргаванне гукаў, націск, суплетывізм, а таксама спалучэннем паўназначнага слова са службовым. Слова можа мець адно або некалькі граматычных значэнняў. Яны выступаюць як абстрактныя, уласцівыя цэлым групам і класам слоў. Напрыклад, слова «дом» мае граматычныя значэнні назоўніка, мужчынскага роду, адзіночнага ліку, назоўнага склону; гэтыя ж значэнні агульныя для назоўнікаў «сад», «лес», «мост» і іншых.

Лексічнае значэнне Лексічнае значэнне ствараецца суаднесенасцю слова з адпаведным паняццем, што і складае ядро лексічнага значэння. Носьбітам яго з’яўляецца аснова слова. Лексічнае значэнне слова — індывідуальнае, уласцівае толькі дадзенай лексічнай адзінцы.

Словы могуць мець некалькі лексічных значэнняў (полісемія), у такім выпадку адрозніваюць прамыя і пераносныя значэнні. Лексічныя значэнні слоў фіксуюцца ў тлумачальных слоўніках.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Семантыка Катэгорыя:Лексікалогія Катэгорыя:Граматыка