Унутраная Манголія ( ; ) — аўтаномны рэгіён на поўначы Кітая, заснаваны 1 мая 1947 года, першым з усіх аўтаномных раёнаў КНР. Сталіца — Хух-Хота, найбуйнейшы горад — Баатоў. Насельніцтва 23,84 млн чалавек (2004; 23-е месца сярод правінцый, аўтаномных раёнаў і гарадоў цэнтральнага падпарадкавання КНР).
Гісторыя У 1636 мангольскія ханствы і княствы, размешчаныя на поўдзень ад пустыні Гобі, былі заваяваны маньчжурскай дынастыяй Цын і ўключаны ў склад Кітая пад назвай «Унутраная Манголія». Да 2-й пал. XIX ст. Цын выкарыстоўвала яе войскі ў заваёўных паходах і пры падаўленні антыманьчжурскіх паўстанняў у Кітаі. Крызіс Цынскай імперыі ў сярэдзіне XIX ст. прывёў да рэзкай змены палітыкі ў адносінах да Унутранай Манголіі: пачаліся арганізаванае перасяленне кітайцаў на мангольскую тэрыторыю, каланізацыя і ўзворванне зямель.
Супраціўленне мясцовага насельніцтва першапачаткова насіла мірны характар (Дугуйланскі рух), але да пачатку XX ст. перарасло ва ўзброеныя выступленні. У 1911—1916 усе 49 хашунаў былі ахоплены хваляваннямі, а насельніцтва 35 хашунаў выступіла за далучэнне да Манголіі Знешняй, якая абвясціла сваю незалежнасць і пасылала войскі ў дапамогу паўстанцам. Заключаны ў 1915 у Кяхце дагавор паміж Расіяй, Знешняй Манголіяй і Кітаем, па якім тэрыторыя Унутраная Манголія ў складзе 4 аймакоў Халхі і Кабдоскай акругі прызнавалася часткай Кітая на правах шырокай аўтаноміі, вымусіў урад Знешняй Манголіі адклікаць войскі.
Аднак барацьба за нацыянальнае вызваленне працягвалася. У кастрычніку 1925 г. ва Унутранай Манголіі была арганізавана Народна-рэвалюцыйная партыя (НРП), якая абапіралася на дапамогу Мангольскай Народнай Рэспублікі (МНР) і Камуністычнай партыі Кітая (КПК). У 1939-42 група патрыятычна настроеных князёў на чале з Дэмчыг Донравам, абапіраючыся на дапамогу Японіі, стварыла на частцы тэрыторыі «Мангольскую аўтаномную дзяржаву» — Мэнцзян. У 1945-46 пасля вызвалення войскамі СССР і МНР Унутранай Манголіі ад японцаў там узніклі розныя палітычныя рухі, якія выступалі за поўную незалежнасць, далучэнне да МНР або за шырокую аўтаномію ў складзе Кітая.
Кіраўніцтва КПК на чале з Маа Цзэдунам у сакавіку 1946 распусціла НРП і 23 красавіка 1947 склікала аб’яднаўчы з’езд народных прадстаўнікоў заходняй і ўсходняй частак Унутранай Манголіі, які 1 мая 1947 абвясціў стварэнне аўтаномнага раёна Унутраная Манголія.
Гл. таксама
Іньшань
Літаратура
Спасылкі
Southern Mongolian Human Rights Information Center Large map of Inner Mongolia Музей Чынгісхана Southern Mongolian Human Rights Information Center