Ан-2 (па кадыфікацыі НАТА: Colt — «Жарабя», разм. — «Кукурузнік») — савецкі лёгкі транспартны самалёт, поршневы аднарухавіковы біплан з расчалачным крылом. Самы вялікі ў свеце аднаматорны біплан за ўсю гісторыю авіяцыі (да з’яўлення самалёта Ан-3).

Абсталяваны рухавіком АШ-62ІР Швяцова магутнасцю 1000 к. с. і вінтом АВ-2. Намінальная палётная вага самалёта — 5250 кг.

Гісторыя стварэння Спроба рэалізацыі ідэі лёгкага самалёта для сельскагаспадарчых патрэбаў была прадпрынята яшчэ ў 1937 годзе, калі першы палёт здзейсніў біплан СХ-1 (ён жа ЛІГ-10) канструкцыі Анатоля Бедунковіча.

СХ-1 расшыфроўвалася як «самалёт сельскагаспадарчы, першая мадэль» (), машына першапачаткова меркавалася да выкарыстання ў якасці апыляльніка палёў.

Але СХ-1 у серыйную вытворчасць не пайшоў, па адной версіі, з-за таго, што многія сельскагаспадарчыя работы, якія павінен быў рабіць СХ-1, можна было зрабіць больш танным біпланам У-2.

Прыкладна ў той жа час група Алега Антонава, вядучага інжынера ВКБ ім. Аляксандра Якаўлева, прапануе стварыць самалёт, які б стаў далейшым развіццём ідэй СХ-1, пад індэксам «самалёт № 4». Аднак вайна адклала перспектыву выпуску новага сельскагаспадарчага біплана.

У 1944 годзе тагачасны кіраўнік Украінскай ССР Мікіта Хрушчоў загаварыў аб тым, што гаспадарка рэспублікі, якая аднаўляецца пасля разбурэнняў вайны, мае патрэбу ў спецыялізаваных самалётах. Успомнілі пра «Самалёт № 4», які патрэбна было перапраектаваць з чыста сельскагаспадарчага ў шматмэтавы.

6 сакавіка 1946 года ў Новасібірску на Новасібірскім авіяцыйным заводзе імя Чкалава было створана ВКБ-153 па грамадзянскіх і транспартных самалётах. Яго галоўным канструктарам стаў Алег Канстанцінавіч Антонаў. Першым заданнем ВКБ і стаў сельскагаспадарчы самалёт СХА-1, пазней пераназваны ў Ан-2.

Вельмі хутка Міністэрства авіяпрамысловасці СССР выпусціла загад, у якім фармуляваліся патрабаванні да новай машыны.

31 жніўня 1947 года лётчык-выпрабавальнік П. Валодзін на аэрадроме Яльцоўка (Новасібірск) упершыню падняў у неба першы прататып Ан-2. Самалёт выканаў два вялікія кругі на вышыні 1200 метраў і пасля 30 хвілін палёту здзейсніў пасадку.

Паступленне ў эксплуатацыю

У снежні 1947 у НДІ ВПС пачаліся дзяржаўныя выпрабаванні, якія працягваліся да сакавіка 1948 года.

23 жніўня 1948 года самалёт пад пазначэннем Ан-2 быў прыняты на ўзбраенне ВПС і для патрэб грамадзянскай авіяцыі. Серыйная вытворчасць была арганізавана на заводзе № 473 у Кіеве.

Першыя серыйныя самалёты Ан-2 паступілі ў распараджэнне Міністэрства геалогіі СССР. Пасля імі сталі камплектаваць лётныя атрады грамадзянскага паветранага флоту. З чэрвеня 1950 года Ан-2 пачаў паступаць у МУС і авіяцыю памежных войск, з чэрвеня 1951 года — у ДТСААФ (першыя пяць самалётаў атрымаў Цэнтральны аэраклуб ім. Чкалава ў Маскве).

У 1952 годзе першыя самалёты атрымалі штабныя эскадрыллі ВПС і ВМФ. У лютым 1959 года Ан-2 сталі ўжываць для лётнай і парашутнай падрыхтоўкі курсантаў.

Эксплуатацыя

У СССР самалёт вельмі шырока эксплуатаваўся на мясцовых паветраных лініях для перавозкі пасажыраў і грузаў (часта на лініях, якія злучалі абласныя цэнтры з раённымі, а таксама з сёламі і пасёлкамі), выканання розных народнагаспадарчых (напрыклад, калі трэба было аператыўна перавезці невялікі груз і некалькі чалавек), у прыватнасці, авіяцыйных хімічных работ. Прымяняўся таксама ў ДТСААФ, для дэсантавання парашутыстаў-аматараў.

Далейшая эксплуатацыя і замена З-за састарэння канструкцыі, імкнення да павышэння бяспекі і эканамічнасці, на пачатак 1990-х гадоў у Расіі ўзнікла патрэба знайсці замену для Ан-2. Аднак знайсці добрую замену аказалася вельмі цяжка. Так на авіясалоне МАКС-1997 дэманстраваўся лёгкі шматмэтавы самалёт Т-101 «Грак» (), аднак з-за шэрагу праблем было пабудавана толькі некалькі адзінак.

Да 1998 года быў адроджаны мелкасерыйны выпуск самалётаў Ан-3, які прадстаўляў сабой перароблены пад турбавінтавы рухавік і дапрацаваны Ан-2. Але ў 2012 годзе выпуск Ан-3 быў спынены.

У 2017 годзе на авіясалоне МАКС-2017 быў прадстаўлены самалёт ЛМС-9. Аднак па стане на 2019 Міністэрства прамысловасці Расіі адмовілася ад вытворчасці вуглепластыкавага ЛМС-9 з-за вялікай колькасці камплектуючых не расійскай вытворчасці.

У 2019 годзе стала вядома, што быў распачаты праект самалёта ЛМС-901 «Байкал». Ён быў прадстаўлены на авіясалоне МАКС-2021. Першы палёт адбыўся ў 2022 годзе (аднак для масавай вытворчасці патрабавалася замяніць рухавік General Electric H80-100 расійскім аналагам). У лютым 2025 года з’явілася інфармацыя, што ў самалёта выяўленыя канструктыўныя праблемы, на ліквідацыю якіх можа спатрэбіцца некалькі гадоў.

Помнікі ці экспанаты

Беларусь

Лінія Сталіна (гісторыка-культурны комплекс) — Ан-2Т серыйны № 160-08 (1961 года пабудовы) Музей авіяцыйнай тэхнікі (Мінск) — Ан-2Т серыйны № 160-54 (1975 года пабудовы, завод PZL-Mielec) Нацыянальны аэрапорт Мінск — Ан-2Р серыйны № 214-16 (1985 года пабудовы, завод PZL-Mielec)

Рэчыца — усталяваны ў парке Перамогі (2025)

Спасылкі

Сайт пра самалёт Ан-2, лётныя інструкцыі, чарцяжы самалёта Ан-2 Спіс страчаных самалётаў Ан-2 (з 1958 года) Фотаальбом пра выпрабаванні Ан-2В на пластыкавых паплаўках Ан-2 на сайце «Сэрвіс і Тэхналогіі»

Катэгорыя:Самалёты Антонава Катэгорыя:Самалёты СССР Катэгорыя:Пасажырскія самалёты Катэгорыя:Самалёты Карэйскай вайны Катэгорыя:Самалёты В’етнамскай вайны