Луі дэ Бафрон (; меў таксама імя Луі Эжэн Альберт Шэврэ, маркіз дэ Бафрон, ; 3 кастрычніка 1855, Парыж — 8 студзеня 1935, Тэзі-Глімон, на поўдзень ад Ам’ена) — французскі настаўнік эсперанта, адзін са стваральнікаў іда.

Імя яго маці было Луіза Арманда Шэврэ, імя бацькі было невядома. Маці памерла, калі хлопчыку было 12 гадоў, і ён жыў разам з родзічамі. Наяўнасць тытула маркіза выклікала сумненні.

Аб часах, калі дэ Бафрон быў студэнтам, вядома мала. Расказ пра яго юнацтва з Энцыклапедыі эсперанта быў заснаваны на артыкуле з выдаваўшагася на іда часопіса Progreso, яго напісаў сам де Бафрон, і расказ утрымлівае шэраг неверагодных фактаў. Пасля цяжкай хваробы на тыф ён робіцца хатнім настаўнікам. Дэ Бафрон пасля гаварыў, што ў той час ён спрабаваў ажыццявіць праект штучнай мовы пад назвай ад’юванта, але рукапіс, аддадзены на захаванне ў натарыят, потым знік (па чутках, з-за знішчэння ці з-за крадзяжу).

Прозвішчам дэ Бафрон ён стаў карыстацца незадоўга да таго, як стаў эсперантыстам.

Дзейнасць на карысць эсперанта Бафрон стаў эсперантыстам вясною 1888 года і адразу пачаў прапагандаваць мову ў рэгіёне Тулузы і Альбі. У 1892 годзе ён выдаў першую сваю эсперантамоўную кнігу — падручнік для французаў.

Бафрон выдаваў эсперантысцкую газету L’Esperantiste і да 1908 года кіраваў арганізацыяй французскіх эсперантыстаў.

Ён быў першым чалавекам, які выпрацаваў поўную граматыку эсперанта, раз’ясняючы, як лепш выражаць на гэтай мове нацыянальныя моўныя асаблівасці і такім чынам пазбягаць небяспекі з’яўлення дыялектаў у самім эсперанта.

На працягу некалькіх гадоў ён выдаў цэлую серыю падручнікаў, зборнікаў практыкаванняў, слоўнікаў. Бафрон прыцягнуў да эсперанта шматлікіх уплывовых і вядомых асоб. За сваю працу ён быў названы «Другі бацька эсперанта».

Цягам доўгіх гадоў Бафрон разглядаўся эсперантыстамі як адзін з самых вялікіх кансерватараў, які за 20 гадоў не сказаў аніводнага слова на карысць рэформаў мовы. Ён нават атрымаў мянушку «вялікі інквізітар» з-за сваёй кансерватыўнасці. У 1894 Бафрон быў супраць тагачасных рэформ эсперанта, таму шмат хто не зразумеў яго зварот да рэформ, якія потым сталі мовай, вядомай пад назвай іда.

Рознагалоссі паміж Заменгофам і Бафронам тычыліся не мовы, а ідэалогіі, між іншым гамаранізма. Таксама, як каталіку, Бафрону не падабаліся рэлігійныя ідэі Заменгофа. Бафрон хацеў, каб эсперанта заставалася, галоўным чынам, мовай камерцыі. Ён прапанаваў Булонскую дэкларацыю, і многім здавалася, што Бафрон з’яўляецца адвакатам нейтральнасці і розуму супраць мар Заменгофа.

Адэпт іда Луі Куцюра, як суддзя Дэлегацыі за выдвіжэнне міжнароднай мовы, не меў права прадстаўляць свой уласны праект; таму ён быў выдадзены пад псеўданімам «Іда». Так як аўтар не мог сам зняць маску, Бафрон згадзіўся стаць падстаўной асобай і аб’явіў: «Іда — гэта я». Праўда аб гэтай справе стала вядома толькі пасля Першай сусветнай вайны.

Бафрон з’яўляўся кіраўніком руху ідыстаў да студзеня 1917 года.

Бафрон памёр у 1935 годзе, амаль забыты, і пра яго смерць стала выпадкова вядома толькі прыхільнікам акцыдэнталя, калі яны атрымалі назад адасланы Бафрону экзэмпляр часопіса Kosmoglott з надпісам, што адрасат памёр, і каму трэба перадаць часопіс — невядома. Яго магіла, без пазначэння імя, знаходзіцца на могілках вёскі Марэсманцье, на поўдзень ад Ам’ена.

Крыніцы

Літаратура Amouroux, J., «Kiu estas la unua franca esperantisto?», Heroldo de Esperanto 2073 (9), junio/julio 2005 Amouroux, J., «Iom pli pri Chevreux/ (de) Beaufront, „Heroldo de Esperanto“», La Gazeto 134, januaro 2008 Amouroux, J., «Kelkaj notoj dum legado de „Historio de Esperanto“», La Gazeto 134, januaro 2008 Amouroux, J,. «Rememore pri Lemaire kaj Jossinet», Heroldo de Esperanto 2128 (13), septembro/oktobro 2008 Jossinet, R., La franca savinto de Esperanto:Louis de Beaufront , «Franca Esperantisto» n-ro 498, junio 1998, pp. 42–48. (speciala numero 1898—1998) — Centjara asocia Esperanta-movado en francio — Unua Kajero 1898—1926).

Катэгорыя:Стваральнікі і прапагандысты моў Катэгорыя:Эсперантысты Катэгорыя:Аўтары падручнікаў