Се́таўскае возера, Сеты — возера ў Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці ў басейне ракі Дабрылаўка, за 11 км на поўнач ад горада Глыбокае, на ўсход вёскі Вераб’і, на паўднёвы ўсход ад вёскі Загор’е.

Плошча паверхні 0,49 км². Даўжыня возера 1,7 км, найбольшая шырыня 0,41 км. Даўжыня берагавой лініі 4,93 км. Найбольшая глыбіня 19,8 м, сярэдняя 8 м. Аб’ём вады 3,93 млн м³. Плошча вадазбору 4,72 км². Катлавіна возера лагчыннага тыпу. Схілы катлавіны вышынёй 2—5 м (на захадзе і поўдні 10—27 м), разараныя, часткова пад хмызняком, на паўднёвым захадзе пад лесам. Берагавая лінія звілістая. Берагі нізкія, задзернаваныя, вышынёй да 0,3 м. На захадзе, паўночным усходзе і паўночным захадзе пойма шырынёй 3—50 м. Падводная частка катлавіны складаецца з двух плёсаў. Зона мелкаводдзя мае шырыню 5—10 м і займае каля 13 % плошчы дна. Дно выслана глеем, у зоне мелкаводдзя пясчанае. Возера эўтрофнае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці да 50 м, месцамі адсутнічае. Злучана канавай з возерам Загорскае (Мурамшчына).

У возеры водзяцца шчупак, лешч, акунь, плотка і іншыя рыбы.

Літаратура

Блакітны скарб Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2007.

Ліст карты N-35-32. выданне 1980 года.

Спасылкі Общая характеристика озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Морфометрические параметры озёр Витебской области // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»

Катэгорыя:Азёры Глыбоцкага раёна Катэгорыя:Басейн Дзісны