Дом-камуна, таксама пяты камунальны дом — будынак у Віцебску, размешчаны па адрасе вуліца Максіма Горкага, 36/25. Пабудаваны ў 1927—1929 гг. па праекце архітэктара А. Вышалескага. Першы ў БССР будынак падобнага тыпу, пабудаваны для забеспячэння рабочых зручным жыллём. Прыклад савецкай архітэктуры 1920-х гадоў.

Архітэктура

Дом уяўляе сабой 4-павярховы будынак са складанай планіроўкай. Складаецца з цэнтральнага аб’ёму і бакавых крылаў. На фоне сцяны фасада вылучаюцца 2 вынесеныя наперад закругленыя аб’ёмы лесвічных клетак. Дом быў разлічаны на пражыванне 280—300 чалавек. Прадугледжваліся пакоі для несямейных (24 м² на 4 чалавек), для маласямейных (12—15 м² на 2—3 чалавек).

Кожная група пакояў на 18—24 чалавек аб’ядноўвалася холам для адпачынку і заняткаў, мела кухню і прыбіральні. У тарцах бакавых крылаў дома, па адной на кожным паверсе, размяшчаліся 8 двухпакаёвых кватэр. На першым паверсе ў цэнтральнай частцы размяшчаліся грамадскія памяшканні — зала, хол, чытальная зала, крамы. У цокальным паверсе — камунальна-бытавыя (душ, пральня, сушылка). У канцы 1930-х і пачатку 1950-х гадоў (будынак згарэў у часы Вялікай Айчыннай вайны) дом-камуна рэканструяваўся. Пасля рэканструкцыі стаў секцыйным з ізаляванымі 2—3-пакаёвымі кватэрамі і невялікімі дапаможнымі памяшканнямі.

Літаратура

Белорусская ССР: Краткая энциклопедия. В 5-ти т. Т. 4 / Редкол. П. У. Бровка (гл. редактор) и др. — Мн.: Гл. ред. БелСЭ, 1981. — Т. 4. — 712 с. — 50 000 экз.

Спасылкі

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Віцебска Катэгорыя:З’явіліся ў 1929 годзе Катэгорыя:1929 год у Віцебску Катэгорыя:Славутасці Віцебска Катэгорыя:Збудаванні Віцебска ў стылі канструктывізм Катэгорыя:Вуліца Максіма Горкага (Віцебск)