Валянціна Пятроўна Лемцюгова (, вёска Новая Алакюль Ленінградскай вобласці — ) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1987), прафесар.

Біяграфічныя звесткі Нарадзілася ў Паргалаўскім раёне Ленінградскай вобласці, куды бацькі ў 1933 годзе прыехалі па вярбоўцы, каб уступіць ва «ўзорна-паказальны» калгас на мяжы з Фінляндыяй. У 1940 годзе, калі пачалася савецка-фінляндская вайна, бацька-франтавік загінуў, сям’я вярнулася на Магілёўшчыну.

Скончыла БДУ. Працавала выкладчыцай беларускай, рускай і нямецкай моў у школах Валожынскага раёна.

З 1961 года працавала ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі.

Даследавала сучасную беларускую мову, анамастыку. Мела больш за 200 навуковых прац, прысвечаных пытанням станаўлення і функцыянавання ўсходнеславянскай айканіміі. Узначальвала анамастычную школу ў Рэспубліцы Беларусь, заснаваную ў 1960-я гады Мікалаем Бірылам.

Памерла 3 сакавіка 2018 года.

Даследчыцкая і навуковая дзейнасць Аўтар манаграфіі «Беларуская айканімія» (1970), у якой даследавала працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця беларускіх назваў населеных пунктаў. Манаграфія належыць да рэгіянальнага тыпу даследаванняў (напісана на матэрыяле сучаснай айканіміі Мінскай вобласці). У ёй высвятляецца паходжанне 4 тысяч айконімаў, прааналізаваны іх семантычны склад і словаўтваральныя сродкі (тапафарманты). Дыферэнцыравана разглядаюцца айконімы, утвораныя ад агульных слоў (апелятываў), ад назваў рэк і азёр (гідронімаў), ад асабовых імён (антрапонімаў), паказваюцца працэсы заражэння і эвалюцыі беларускіх айконімаў, раскрываецца сутнасць закладзенай у іх інфармацыі. Аналіз вядзецца ў дыяхранічным аспекце, што дае магчымасць высветліць час узнікнення айконімаў, тэндэнцыі айканімічнай намінацыі папярэдніх эпох, паказаць іх эвалюцыю і гістарычныя змены.

Наступнае буйное даследаванне — манаграфія «Усходнеславянская айканімія апелятыўнага паходжання» (1983), якая потым стане базай для доктарскай дысертацыі, прысвечана вывучэнню рускіх, беларускіх і ўкраінскіх назваў населеных пунктаў (айконімаў). Асноўнай крыніцай фактычнага матэрыялу даследчыцы паслужыла айканімія «Спісаў населеных месцаў Расійскай імперыі» (44 тамы, 2-я палова 19 — 1-я палова 20 ст.) і аналагічныя спісы, выдадзеныя ў Гродне, Вільні, Кіеве і іншых гарадах. Шырока выкарыстаны сведчанні старажытнага і сярэдневяковага пісьменства, летапісаў, актаў, метрык, пісцовых і памятных кніг. Працы выкананы ў рэчышчы гісторыка-генетычных даследаванняў, маюць тыпалагічны кірунак. У іх вырашаецца адно з цэнтральных пытанняў гістарычнай анамастыкі — пытанне семантычнай матывацыі, робіцца спроба асэнсаваць айконімаўтваральны працэс у шырокім лінгва-гістарычным і арэальным аспектах.

У 1980 годзе Валянціна Лемцюгова апублікавала першы ў беларускай і славянскай лексікаграфіі «Украінска-беларускі слоўнік», рэестр якога змяшчае больш за 30 тысяч слоў. Гэта быў трэці іншаславянска-беларускі слоўнік пасля «Руска-беларускага» (М, 1953 і двухтомнага «Руска-беларускага». Мн, 1982) і «Польска-беларускага» (Варшава, 1962). Слоўнік дыферэнцыйны: яго рэестр змяшчае асноўную, найбольш ужывальную лексіку сучаснай украінскай літаратурнай мовы, якая чым-небудзь адрозніваецца ад сваіх беларускіх адпаведнікаў — значэннем (адным або некалькімі), месцам націску, словаўтварэннем, граматычным родам. Акрамя літаратурнай лексікі ў ім таксама шмат слоў украінскай жывой народнай мовы, а таксама словы, неабходныя для разумення ўкраінскай класічнай літаратуры.

Суаўтар спецыялізаваных слоўнікаў. Пры яе ўдзеле створаны фундаментальныя працы па філалогіі: «Беларуская граматыка», «Лексікалогія сучаснай беларускай мовы», «Агульнаславянскі лінгвістычны атлас», «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» і інш. Суаўтар нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у 6 кнігах, «Слоўніка мовы „Нашай Нівы“» ў 5 тамах (першы з іх выйшаў у 2003 годзе).

Займалася навукова-арганізацыйнай, педагагічнай і грамадскай дзейнасцю, у тым ліку ў складзе Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Беларусі і анамастычнай камісіі пры Міжнародным камітэце славістаў. Выступала з артыкуламі ў прэсе аб стане і перспектывах развіцця мовазнаўства.

Пры яе непасрэдным удзеле быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, у якім юрыдычна замацавана практыка першаснага прысваення назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку, а таксама на іншыя мовы.

Прозвішча Прозвішча Лемцюгоў мовазнавец Павел Сцяцко звязваў з беларускім лямец «тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны», лямцюга «зробленае з лямцу»Павел Сцяцко. Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей (паводле матэрыялаў «Нашага слова») // Наша слова. № 26 (1177), 25 чэрвеня 2014 г. С. 3.. У сучасным літоўскім іменніку фіксуецца таксама літоўскае (з Клайпеды) прозвішча Lemtys.

Выбраная бібліяграфія Беларуская айканімія (1970) Украінска-беларускі слоўнік (1980) Восточнославянская ойконимия апеллятивного происхождения (1983) Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы (1987, 2005; у суаўтарстве) Кіраванне ў беларускай і рускай мовах (1991) Кароткі слоўнік беларускай мовы (1994) Беларуская граматыка (т. 1, 1985; у суаўтарстве) Лексічны атлас беларускіх народных гаворак (у 5 т.; т. 1, 1995; у суаўтарстве) Слоўнік мовы «Нашай нівы» (1906—1915) (у 5 т.; т. 1, 2003; т. 2, 2007; у суаўтарстве) Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь (у 6 кн., 2003—2010; рэдакцыя) Тапонімы распавядаюць (2008)

Літаратура Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994.

Спасылкі

Вялікі знаўца мовы роднай зямлі — nlb.by

Катэгорыя:Мовазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Лексікографы Беларусі Катэгорыя:Дактары філалагічных навук Катэгорыя:Папулярызатары навукі