Уладзімір (каля 1140-х — , Полацк) — князь полацкі (да 1184—1216).
Праблемы атаяснення Полацкі князь Уладзімір (Woldemaro de Ploceke) з тытулам magnus rex вядомы толькі з «Хронікі Лівоніі» Генрыха Латвійскага, летапісы яго не згадваюць, але гістарычнасць асобы пэўная.
Думку пра Уладзіміра як сына менскага князя Валадара Глебавіча бадай першым выказаў Мікалай Карамзін, але адначасова атаясняў яго з Васількам Валадаравічам, згаданым пад 1186 годам. Абгрунтаваў гэту гіпотэзу Петэр Андрэас Мунк у 1850 годзе, ён супаставіў «братоў каралевы Сафіі [Валадараўны]», якія «са славай трымаюць стырно ўлады каралеўства і да сёння» з «» канца XII ст. са звесткамі «Хронікі Лівоніі» і выказаў здагадку, што Уладзімір — адзін з братоў дацкай каралевы. Таксама ў 1850 годзе і Карл Рафн выказаў думку, што Уладзімір сын Валадара і, «магчыма», брат Васількі Валадаравіча. Міхаіл Таўбэ далучаўся да такога атаяснення, але ў пярэчанне «Хронікі Лівоніі» адносіў княжанне Уладзіміра Валадаравіча да пазнейшага часу. З сучасных даследчыкаў аналагічную Карамзіну-Мунку-Рафну версію выказаў Аляксандр Назарэнка з такой самай аргументацыяй. Да думкі пра паходжанне Уладзіміра з менскіх Глебавічаў схіляўся Леанід Аляксееў.
У 1935 годзе Таўбэ налічыў ужо прынамсі дзевяць версій атаяснення Уладзіміра і ўсе прызнаў няўдалымі. Некаторыя гісторыкі выказвалі свае думкі наконт розных версій, але лічылі пытанне не вырашаным або невырашальным. Сяргей Салаўёў у кантэксце падзей згадваў толькі «полацкага князя» без імя. Мітрафан Доўнар-Запольскі лічыў, што Уладзімір быў «пераемнікам» Усяслава Васількавіча на стальцы, але называў яго без імя па бацьку.
Эрнест Бонель лічыў Уладзіміра сынам полацкага князя Усяслава Васількавіча, такую ж думку выказаў і Васіль Данілевіч, але тут жа ў заўвагах назваў яе «не заснаванай ні на чым», аднак, такой версіі трымаліся і пазнейшыя гісторыкі Алег Рапаў, Вячаслаў Насевіч і іншыя. Эдуард Загарульскі і Яўгенія Назарава лічылі яго братам Усяслава Васількавіча. Мікалай Лыжын прапаноўваў атаясненне з , але той нарадзіўся толькі ў 1187 годзе. Мікалай Баўмгартэн прапаноўваў лічыць Уладзіміра сынам менскага і полацкага князя Расціслава Глебавіча.
Некаторыя атаясненні грунтуюцца на думцы пра памылку Генрыха Латвійскага, які мог назваць Вальдэмарам князя з іншым імем. Такую магчымасць, але адносна не Уладзіміра, а іншага князя, дапускаў Сяргей Салаўёў. Аднак, як заўважыў Сяргей Анінскі, гэта «зусім не пасуе той дбайнасці, з якою Генрых перадае іншамоўныя імёны» і ў выпадку Салаўёва ёсць уплывам звестак Тацішчава з «Аповесці пра Святохну», спробай упісаць іх у гістарычны кантэкст. Пагатоў, Генрых называе полацкага князя Вальдэмарам не аднойчы, а чатыры разы.
Таксама прапануюць атаясненні з асобамі, чые імёны маглі быць формай ад імя Уладзімір. Мікола Ермаловіч думаў, што гэта Валодша, якога ён лічыў сынам Рагвалода-Васіля. Яўгенія Назарава варыятыўна называла князя Валадаром Васількавічам, таксама і Загарульскі. Ізмаіл Сразнеўскі наогул прапаноўваў атаясняць Уладзіміра з менскім князем Валадаром Глебавічам, што аднак храналагічна неверагодна.
Асобнае месца займаюць звесткі Васіля Тацішчава, іх крыніцай ён называў свае выпіскі з Полацкага летапісу, цяпер не вядомага. Паводле першай рэдакцыі адной выпіскі, у 1182 годзе «Васілька драгіцкі, не пагадзіўшыся з Уладзімірам мінскім, сабраў ляхаў і мазаўшан, ішоў да Бярэсця, дзе яго Уладзімірка сустрэў на Бугу з палачанамі і дручанамі, даў полк каля Буга ракі, але шмат страціўшы людзей, уцёк да Менску. А Васілька з ляхамі, прыйшоў, Бярэсце ўзяў і баяўся сам сідзець тут, пакінуў ляхаў з братам жонкі сваёй. А Уладзімірка, сабраў людзей, прыйшоў, Бярэсце ўзяў і ляхаў многіх забіў, і іншых на окуп адпусціў і пайшоў на Васільку. І дайшоў да яго на Нуры за Драгічыным, дзе з ім ляхаў было і мазаўшан шмат, і біўся ад раніцы да палудня. І пачалі адступаць, і Васілька ўцёк да цесця, які неўзабаве прыйшоў з вялікім войскам і Уладзімірку прагнаў. А Васілька не маў чым ляхам заплаціць, бо Уладзімірка ўвесь статак парабаваў і гарады яго разарыў, аддаў цесцю гарады свае па сабе, бо дзяцей не меў. І так зведзены быў Васілька цесцем сваім, але Раман Васільку і з цесцем выгнаў». Пра далейшыя падзеі Тацішчаў не паведамляе. У другой рэдакцыі тэксту Тацішчаў дадаў больш дэталяў, а таксама імёны па бацьку абодвум князям — Васільку Яраполчычу і Уладзімірку Валадаравічу (Владимирко Володаревич). Аднак, пра Уладзіміра як полацкага князя ў Тацішчава нічога няма. У свой час Аляксей Шахматаў выказаў думку, што ўсе звесткі Тацішчава ў першай рэдакцыі больш надзейныя, а ў другой рэдакцыі зазналі аўтарскіх змен, дапаўненняў і рэканструкцый.
Даследчыкі, якія давяраюць выпісцы, лічаць яе пацвярджэннем, што полацкі князь Уладзімір быў сынам менскага князя Валадара. Іншыя даследчыкі не давяраюць звесткам, лічаць іх адной з «рэканструкцый» Тацішчава. Такім чынам, згадка ў выпісцы Тацішчава князя з такім самым імем, што прапаноўвалі і Мунк з Назарэнкам, можа быць толькі супадзеннем. Яшчэ Карамзін, які лічыў магчымым, што полацкі князь Уладзімір быў Валадаравічам, адначасова лічыў несапраўднымі звесткі Тацішчава пра менскага князя Уладзімірку Валадаравіча.
Паводле другой выпіскі Тацішчава, г. зв. «Аповесці пра Святохну», даследчыкі, якія ёй вераць, прапануюць яшчэ адно атаясненне — з Уладзімірам-Войцехам, паводле «Аповесці…», малодшым сынам полацкага князя Барыса Давыдавіча. У атаясненні, аднак, ёсць унутраныя супярэчнасці з самой «Аповесцю…». У сапраўднасці гэтай выпіскі таксама сумняюцца, так, на думку Мікалая Лыжына, яна магчыма была памфлетам Тацішчава на апанаванне іншаземцамі расійскага імператарскага двара яго часу.
Таксама ёсць даследчыкі, якія лічаць, што полацкіх князёў Уладзіміраў было два, першы згадваецца Генрыхам пад 1184 годам, другі — пад 1216 годам, а паміж імі быў іншы або іншыя полацкія князі, якіх Генрых называе без імёнаў «полацкімі каралямі». Гэтыя даследчыкі звычайна не робяць спроб ідэнтыфікацыі абодвух Уладзіміраў. Ёсць і блізкі да такога падыход, калі пад 1184 і 1216 гадамі лічаць згаданым аднаго Уладзіміра, але ў прамежкавым часе мяркуюць безыменных полацкіх князёў. Так, паводле Яўгеніі Назаравай, магчыма, Генрых аб’яднаў у «вобразе» Уладзіміра двух полацкіх князёў — Усяслава Васількавіча пад 1184 годам і «нейкага» Уладзіміра, які княжыў у пачатку XIII ст., аднак, даследчыца непаслядоўная нават у межах аднаго выдання, старонкай раней пад 1184 і 1216 гадамі яна называе полацкім князем «Уладзіміра або Валадара Усяславіча». Аднак, Генрых згадвае полацкага князя з імем Уладзімір чатыры разы — пад 1184, 1206, 1208 і 1216 гадамі — таму, меркаванае чаргаванне князёў было б болей складаным за тое, што апісваюць гэтыя даследчыкі.
Да 1184 года Прынамсі з 1150-х гадоў менскія Глебавічы з пераменным поспехам змагаліся за полацкі сталец, іх асноўных супернікаў, віцебскіх Васількавічаў, падтрымлівалі смаленскія Расціславічы. У 1181 годзе Васількавічы змянілі палітычную арыентацыю на чарнігаўскіх Ольгавічаў, удзельнічалі ў паходзе антысмаленскай кааліцыі на Друцк і з гэтай прычыны маглі страціць падтрымку Расціславічаў. Невядома, што адбывалася ў Полацку пасля паміж 1181—1184 гадамі. Але ў 1186 годзе смаленскія князі (названы Давыд з сынам ) з саюзнікамі — менскімі Глебавічамі (названы Васілька Валадаравіч) і друцкімі Барысавічамі (названы Усяслаў), пайшлі на Полацк. Палачане сустрэлі іх на мяжы з вялікімі дарамі, напэўна, прынялі і нейкія ўмовы, бо князі згадзіліся на мір. На думку Пятнова, магчыма, па гэтых умовах Уладзімір і заняў полацкі сталец. Аднак, Уладзімір, быў полацкім князем ўжо ў 1184 годзе.
Некаторыя даследчыкі бачаць у 1180-х гадах месца падзеям «Аповесці пра Святохну», якія сам Васіль Тацішчаў дае пад 1216 годам, але апісаныя акалічнасці адпавядаюць ранейшаму часу. На думку гэтых даследчыкаў, пасля пахода на Друцк у 1181 годзе і страты Васількавічамі падтрымкі Расціславічаў, магчыма, Усяслава Васількавіча на полацкім стальцы змяніў Барыс Давыдавіч. Паводле «Аповесці…», Барыс быў стары і для ваенных спраў палачане запрашалі менскіх і друцкіх князёў, да 1184 года Барыс мог памерці і сталец заняў Уладзімір. Аднак сапраўднасць «Аповесці…» ставіцца пад сумнеў, як і ўсе ўнікальныя звесткі Тацішчава, і няма пэўнасці ці грунтуецца яна і наколькі на крыніцах або цалкам «сканструявана» гістарыёграфам.
Дзейнасць
З 1184 года Упершыню Уладзімір згаданы пад 1184 годам як полацкі князь, які дазволіў каталіцкаму манаху-немцу Мейнарду прапаведаваць сярод полацкіх даннікаў ліваў у вусці Дзвіны.
У 1191 годзе неназваныя полацкія князі, напэўна, Уладзімір з Васількам, сустракаліся ў Вялікіх Луках з ноўгарадскім князем і дамовіліся пра сумесны паходзе на літву або чудзь наступным годам. Магчыма, яны дамовіліся пра два сумесныя паходы — на літву і на чудзь, але план не ажыццявіўся — у 1192 годзе Уладзімір адзін хадзіў на літву, а наўгародцы і пскавічы на чудзь. Прычыны ўладзімірава паходу невядомы, літоўцы былі звычайнымі саюзнікамі менскіх князёў, магчыма, Уладзімір браў удзел у літоўскай міжусобіцы. Пазней Уладзімір выкарыстоўваў атрады літоўцаў.
Узімку 1198—1199 гадоў літоўцы з палачанамі напалі на наўгародскі прыгарад Вялікія Лукі, спалілі горад і парабавалі ваколіцы. У адказ вялікае войска наўгародцаў, пскавічоў, ладажан, наваторжцаў пайшло на Полацк. Паслы палачан сустрэлі яго каля возера і задобрылі дарамі наўгародскага князя.
У 1201 годзе, калі літоўцы пайшлі супраць земгалаў, Уладзімір уварваўся ў Літву і вымусіў літоўцаў вярнуцца ў свае межы.
Паход 1203 года У 1203 годзе пачаўся адкрыты канфлікт Уладзіміра з немцамі ў Лівоніі, відаць, з прычыны адмовы біскупа Альбертам плаціць даніну, якую, імаверна, плацілі яго папярэднікі. Сам паход 1203 года нагадваў хутчэй збор даніны, а не ваенную кампанію. Войска Уладзіміра імаверна складалася з уласнай дружыны і дружын герцыкскага князя Усевалада і кукенойскага князя Вячкі. На пачатку паход быў удалым, пасля аблогі замка Ікскюль, лівы, якія нядаўна прызналі ўладу біскупа, выплацілі патрабаваную даніну. Але пад Гольмам немцы з самастрэлаў паранілі шмат коней у палачан і Уладзімір не рызыкнуў пад абстрэлам перапраўляцца цераз Дзвіну. Палачане адступілі ад Гольма, але герцыкскі князь Усевалад з літоўцамі напаў на Рыгу і парабаваў яе ваколіцы. Напэўна, Уладзімір хацеў толькі напалохаць немцаў і часткова гэта ўдалося — біскуп Альберт прызнаў Уладзіміра ўладаром ліваў і выплаціў за іх даніну, але адмовіўся плаціць даніну за сябе, то-бок не прызнаў уладу полацкага князя над сабой.
Паход 1206 года У 1206 годзе да Уладзіміра прыбыло ліўскае пасольства. Паслы скардзіліся на немцаў, што тыя не трымаюць міру, нападаюць на ліваў, прымушаюць да новай веры. Уладзімір разаслаў па Полацкай зямлі загад збіраць войска для вялікага паходу супраць немцаў. Князь хацеў на караблях і плытах спусціцца да Рыгі і захапіць яе і адным разам выкінуць немцаў са сваіх уладанняў.
Нейкім чынам пра пасольства ліваў даведаўся біскуп Альберт і паслаў да Уладзіміра пасольства на чале з Тэадорыхам, які ведаў Уладзіміра яшчэ з часоў Мейнарда. Дарогай на пасольства напалі літоўцы і адабралі дары для полацкага князя, але самі паслы дабраліся да Полацка. Прымаючы іх, Уладзімір вырашыў выкрыць хлусню немцаў, нібы яны не парушаюць міру і не нападаюць на ліваў. Для гэтага ён паклікаў і ліўскіх паслоў — тыя пацвердзілі свае словы. Князь загадаў немцам выйсці на двор і чакаць яго рашэння. Тэадорыху ўдалося паслаць Альберту вестку пра падрыхтоўку паходу.