Рамбінас, Рамбін () — пагорак у Літве на правым беразе Нёмана супраць г. Неман (да 1946 г. — Рагніт) Калінінградскай вобласці. На паўднёва-заходнім краю грады Вількішкяй. Вышыня 46 м.

Стары Рамбінас Размешчаная ў сярэдзіне племянной тэрыторыі скалваў гара Рамбінас была іх культавым цэнтрам. Паводле Дусбурга, у 1220 годзе на гэтыя мясціны здзейснілі паход рускія князі, ваколіцы разарылі, а гару (у Дусбурга — Ramiga) доўга трымалі ў аблозе, але ўзяць не здолелі. Быццам у гарадзішчы на гары быў стаў памерам 20 на 20 крокаў, дзе было шмат рыбы і яна не выводзілася, што і дапамагло скалвам. Дусбург лічыў гэта цудам, хоць скалвы і былі паганцамі.Петр из Дусбурга. Хроника…

У 1277 годзе войскі Ордэна раптоўна з'явіліся пад Рагнітай, захапілі і спалілі яе. Адразу па гэтым немцы пераправіліся праз Нёман, захапілі і разбурылі гарадзішча на Рамбінасе (Рамізе, паводле Дусбурга). Дусбург кажа, што літоўцы лічылі гару месцам знаходжання багоў, на яе верхавіне быў вялізны камень-алтар, а побач з Рамбінасам святы гай.

Святой гарой лічыўся Рамбінас у народзе і ў XVI ст. У XVIII ст. маладыя, пашлюбіўшыся, ішлі на гару з кветкамі, пакідалі ахвяру. У пачатку ХІХ ст. на гары знаходзілі залатыя ланцугі, паясы, бранзалеты і срэбныя міскі — мяркуюць, гэта маглі быць упрыгожванні рамбінскіх жрацоў і посуд на ахвяры.Мікус А. Сэрца…

Рамбінас лічылі прадказальнікам надвор'я. Гліняныя і вапнавыя часцінкі ў грунце назапашвалі вільгаць, і пры змене надвор'я колер голых схілаў гары мяняўся. На сухое надвор'е гара рабілася светла-жоўтай, на дождж — цёмна-чырвонай і ахутвалася туманам. Над Рамбінасам мянялі кірунак вятры.

Яшчэ і на пачатку XIX ст. на гары ляжаў вялікі святы камень згаданы калісьці Дусбургам. Дыяметрам у 10 метраў, па вышыні ён быў скошаны — 2,5 м з паўночнага боку, 1,5 м з паўднёвага. Павернуты паверхняй да сонца, камень адбіваў яго промні і на світанку і надвячоркам рабіўся залацістым. На камяні былі адмеціны чалавечай далоні і ступні, звярыных лапаў, а таксама выбіты меч. Паводле падання, шчасце не пакіне краю, пакуль ляжыць камень, а калі камень хто-небудзь возьме, то гара зруйнуецца.

У 1811 годзе нямецкія каланісты, млынар Шварц з памочнікамі, раскалолі святы камень, а з буйнейшага кавалка Шварц зрабіў жорны для свайго млына. Паводле мясцовага падання, рамбінскія лаўмы паказаліся тады немцам і прасілі гэтага не рабіць, а калі іх не паслухалі, развіталіся з гарой, селі ў човен, пераплылі Нёман і праклялі злачынцаў. Неўзабаве Шварца знайшлі расціснутым паміж зубамі яго млына.

У 1835 годзе ў Нёман абвалілася частка гары, дзе ляжаў камень і была акружаная з чатырох бакоў валамі пляцоўка. У 1878 годзе рака знесла апошнія рэшткі гары. З таго часу Рамбінасам пачалі зваць такі ж высокі пагорак побач. У 1928 годзе Нёман падмыў рэшткі старога Рамбінаса.

Новы Рамбінас

З 1881 года літоўнікі пачалі ладзіць на Рамбінасе шматлюдныя купальскія святкаванні. Штогод на Купалле на гару з'язджаюцца тысячы чалавек. У вёсцы Біцяны, каля падножжа гары, друкарню і вялікі склад літоўскага друку ў сваёй сядзібе меў Марцінас Янкус. Яго сядзібу каля Рамбінаса ў Літве называлі «Меккай кніганошаў». Распаўсюджанне літоўскай літаратуры ішло паўз Рамбінас, адсюль у тады расійскую Літву неслі кніганошы літоўскія кнігі. У 1895 г. на гары прайшло першае літоўскае свята песні, ініцыятарам якога быў культурны дзеяч Малой Літвы, хармейстар, пісьменнік і мысляр Відунас. На 500-годдзе Грунвальда (1910) на Рамбінасе ўрачыста пасадзілі дубок, карані якога засыпалі жменямі зямлі, прывезенай прадстаўнікамі з розных мясцінаў Малой Літвы.

У гонар 10-годдзя незалежнасці Літвы (1928) М. Янкус ставіць на Рамбінасе алтар, каб паліць святы агонь. Алтар быў змураваны з камянёў на ўзор «печкі», у нішы якой палаў агонь — каб не заліў дождж. На алтар зверху ўсталявалі пляскаты валун — кутні камень з-пад роднай хаты Янкуса, разбуранай у 1-ю сусветную вайну. На гэтым камяні з адваротнага ад агню боку выбілі «Калюмны». Камень на Рамбінас цягнулі чатырма коньмі. Тады ж Янкус пачынае весці «Вечную кнігу гары Рамбінас» (цяпер захоўваецца ў літоўскай Нацыянальнай бібліятэцы, важыць амаль 20 кг, найбуйнейшая кніга ў Літве). Першым, на Купалле 1928 года, у кнізе зрабіў запіс мысляр Відунас. У кнігу запісваліся ўсе наведвальнікі Рамбінаса, сярод іх было шмат замежных дыпламатаў. У міжваеннай Літве быў звычай, каб замежныя паслы, пасля прадстаўлення прэзідэнту, ехалі на Рамбінас, да Янкуса. Таму Янкуса называлі таксама «Малым, або Другім прэзідэнтам Літвы».

Ці не самым памятным быў візіт на Рамбінас намесніка Генеральнага сакратара Лігі Нацый японца Ятары Сугімуры (Yotaro Sugimura) у 1929 годзе. Тады дачка Янкуса Эльза ў вобразе жрыцы-вайдэлоткі прывяла Сугімуру да прысягі богу Пяркунасу, ён пакляўся, што ў Лізе Нацый будзе заўсёды стаяць за справы Літвы і рабіць што толькі зможа, каб Вільню вярнулі Літве.

Пасля перадачы Літвой у 1939 годзе Мемельскага краю Германіі, М. Янкус выехаў да Коўна, вязучы з сабой «Вечную кнігу гары Рамбінас». Алтар Янкуса на гары быў знішчаны. Пасля 2-й сусветнай вайны, у савецкай Літве ахвярнік на гары аднавілі — змуравалі у чалавечы рост з камянёў. Каля алтара ляжаў камень Янкуса з «Калюмнамі». З 1990-х рамбінскі алтар рэгулярна запальваўся, на гары збіраліся сябры Таварыства літоўнікаў, праводзіліся абрады ўшанавання гары, агню і продкаў.

У 2011 годзе, на Купалле, на месцы алтара ўрачыста адкрылі скульптурную кампазіцыю — тры рознага памеру па-мастацку апрацаваныя камяні, якія сімвалізуюць старажытную трыяду прускіх багоў — Патрымпса, Пяркунса і Паталса (у літоўцаў Дзіевас, Пяркунас, Велінас). Побач з камянямі металічны пялёстак, каб паліць на ім невялікі агонь. Аўтар кампазіцыі — вядомы скульптар Рэгімантас Мідвікіс, які кансультаваўся з археолагам В. Вайткявічусам. Адбылося гэта ў рамках праграмы ўпарадкавання аб'ектаў значных для турызму, якая фінансавалася Еўрасаюзам. Змены былі ўспрыняты не адназначна, чуваць галасы незадаволеных парушэннем сакральнай прасторы, бо ў намоленым месцы з'явіліся тлумачальныя стэнды, пазначаныя сцежкі, сметніцы.

Цяпер гара знаходзіцца на тэрыторыі створанага ў 1992 годзе рэгіянальнага парку «Рамбінас». Назва гары выкарыстоўваецца для наймення прадуктаў (сыр «Рамбінас», веласіпед «Рамбінас»), прадпрыемстваў і ўстаноў.

Літаратура Мікус А. Сэрца Прускай Літвы // «Новы Час», № 30 (302). 27 ліп. 2012. Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. — М.: Ладомир, 1997.

Катэгорыя:Геаграфія Літвы