Гісторыя Шры-Ланкі налічвае больш за 100 тыс. гадоў. Сучасную назву гэта дзяржава атрымала толькі ў 1972 годзе, аднак яна мае старажытнае мінулае. Так яна называлася ў ведыйскіх тэкстах, што значыць на санскрыце «блаславёная зямля»Все страны мира: Шри-Ланка. Іншыя гістарычныя назвы Шры-Ланкі — ЛанкадвіпаSuryanarayanan R. Dreams And Realities. — Authorhouse, 2009. P. 50, ТапрабанаMap of The World According to Ptolemy , СерэндыбEncyclopedia Britannica: Serendib, ЦэйлонSri Lanka to scrub British colonial name Ceylon from every state institution.
Першабытнае грамадства
У выніку змен ўзроўню акіяну Шры-Ланка канчаткова аддзялілася ад Індыйскага субкантынента толькі ў 7 тысячагоддзі да н.э., таму міграцыя старажытных людзей сюды не выклікала істотных цяжкасцяў у сувязі з пераадоленнем марской прасторы. Найстаражытнейшыя прылады працы з кварцу (прыкладна 125 тысячагоддзе да н.э.) былі знойдзены на поўдні вострава, хаця існуюць думкі, што продкі сучасных людзей з’явіліся значна раней. Рэшткі саміх вытворцаў не былі знойдзены, таму вызначэнне іх віду застаецца праблемай.
Археолагі таксама знайшлі ў пячорах Пахіянгала ў цэнтральнай частцы краіны рэшткі людзей, што жылі 37 тыс. гадоў таму. Было выяўлена, што яны карысталіся каменнымі і касцянымі прыладамі працы, палявалі на малп, дзікабразаў, аленяў, ўжывалі слімакоў і плады хлебнага дрэва. Гэта былі людзі сучаснага тыпу. Для іх былі характэрныя кароткі хрыбетнік, шырокія косткі сківіцы, вялікія зубы-маляры. Рост старажытных насельнікаў дасягаў 174 см у мужчын і 166 см у жанчын. Захаваліся сведчанні правядзення пахавальных рытуалаў — абмазванне костак нябожчыкаў охрайPahiyangala (Fa-Hiengala) Caves. Каля 12 тысячагоддзя да н.э. імі была асвоена вытворчасць мікралітаў. У эпоху неаліта з’явіўся керамічны посуд. Медныя, бронзавыя і жалезныя прылады працы на востраве не вырабляліся. Яны паступалі з Паўднёвай Індыі толькі з 1000 г. да н.э. Мяркуецца, што людзі каменнага веку маглі быць непасрэднымі продкамі ведаў, плямёны якіх паводле генетычных даследаванняў мелі продкаў, што жылі 47500 гадоў таму, і захаваліся на востраве да нашага часу.
Узнікненне цывілізацыі У першай палове 1 тысячагоддзя да н.э. узнікаюць мегалітычныя паселішчы, насельнікі якіх ужо шырока выкарыстоўвалі жалеза. Найбуйнейшае было знойдзена ў раёне Анурадхапуры. Яно займала плошчу каля 15 га. Да сяр. 1 тысячагоддзя да н.э. прадстаўнікі гэтай цывілізацыі будавалі вялізарныя вадасховішчы, ўзводзілі дамбы і ступападобныя канструкцыі. Не вядома, ці былі яны тубыльцамі, ці выхадцамі з Індыі, але знаходзіліся пад моцным уплывам паўночных суседзяў.
Знойдзены надпісы на кераміке на індаарыйскім пракрыце прыкладна VI ст. да н.э. Згодна паданням, Шры-Ланку некалькі разоў наведваў сам Буда. У гэтай сувязі выказваецца думка, што да сяр. 1 тысячагоддзя востраў ужо меў індаарыйскае насельніцтва. Аднак у індыйскіх эпічных творах Шры-Ланка малявалася як краіна, населеная варожымі дэманамі якха, што можа сведчыць аб іншаэтнічным паходжанні мясцовых жыхароў.
Ранняя сінгальская дзяржава
У сяр. VI ст. да н. э. на востраве з’явіліся сінгалы. 700 чал. на чале з прынцам Віджаі прыплылі на караблі з Заходняй Індыі і высадзіліся ў 543 г. да н. э. у месцы Тамбапані (відавочна, на паўночным захадзе Шры-Ланкі). Згодна летапісу «Махавамса», род Віджаі паходзіў ад сувязі яго бабулі са львом і дагэтуль гаспадарыў у зніклым да нашагу часу горадзе Сінгапура (літаральна «Ільвіны горад») у вобласці Лал на тэрыторыі Гуджарата. Віджая і яго паслядоўнікі былі абвінавачаны на радзіме ў гвалце, і, каб пазбегнуць смерці, былі вымушаны збегчы разам з жанчынамі і дзецьмі. Сінгалы перамаглі якха і заснавалі некалькі гарадоў.The Mahavamsa, 06: The Coming of VijayaThe Mahavamsa, 07: The Consecrating of Vijaya.
Спадчыннікам Віджаі стаў яго брат Пандувасудэва, які прыбыў з Лала з 33 паплечнікамі. Такім чынам, раннее сінгальскае гаспадарства на паўночным захадзе працягвала кантакты з Заходняй Індыяй. Пандукаабхая, унук Пандувасудэвы, перанёс сталіцу ў Анурадхапуру. Да гэтага часу сінгалы асвоілі значныя тэрыторыі ўздоўж рэк, дзе займаліся земляробствам. Была пабудавана вялізарная ірыгацыйная сетка. Акрамя таго, востраў быў вядомы здабычай каштоўных камянёў. Да III ст. да н.э. Анурадхапура ператварылася ў буйны палітычны і эканамічны цэнтр з ясна акрэсленымі межамі.
Гаспадар Дэваанампія Тыса (250 — 210 гг. да н.э.) прыняў будызм у якасці афіцыйнай рэлігіі. Улады спрыялі яго шырокаму распаўсюджанню сярод насельніцтва. Будысцкія манахі Шры-Ланкі стварылі вучэнне Тхеравада, якое пазней распаўсюдзілася ў іншых краінах. Аднак у розныя часы тут распаўсюджвалася і махаяна. У III ст. н.э. быў заснаваны будысцкі кляштар на скале Сігірыя, які быў цэнтрам прыхільнікаў махаяныDe Silva R. H. Sigiriya and Its Significance: a Mahayana–Theravada Buddhist Monastery. — Nawala: Вibliotheque, 2002. ISBN 9558655015.
У Еўропе цудоўная астраўная краіна была вядома з часоў Аляксандра Македонскага. У I ст. да н.э. былі ўсталяваны прамыя сувязі са Старажытным Рымам. Пліній Старэйшы апісваў Шры-Ланку як магутную дзяржаву з 500 гарадамі, шлях да якой быў добра вядомыTaprobane: Ancient Sri Lanka as known to the Greeks and Romans. Indicopleustoi: Archaeologies of the Indian Ocean.
У канцы 1 тысячагоддзя да н.э. з Паўднёвай Індыі на Шры-Ланку пачалі перасяляцца тамілы. У II ст. да н.э. яны захапілі паўночную частку з горадам Джафна і рабілі напады на іншыя землі. Некаторы час сінгальскія гаспадары паспяхова стрымлівалі іх націск і нават вярталі страчаныя тэрыторыі. У пісьмовых крыніцах I ст. н.э. паўночныя землі ўзгадваліся зноў падпарадкаванымі гаспадарамі Анурадхапуры. У 429—455 гг. яны былі занятыя таміламі, якіх перамог Дхатусена (455—473 гг.). Поспеху тамілаў садзейнічала ўзаемная барацьба сінгальскіх уладароў за трон.
Высокае і позняе Сярэднявечча
Узвышэнне тамільскай дынастыі Чола на поўдні Індыі прывяла да паступовага заняпаду Анурадхапуры. Супраць апошняга яе ўладара Махінды V выступіла ўласная армія. У 1017 г. Чола захапілі Анурадхапуру і ўзялі Махінду V у палон, дзе ён памёр у 1029 г. Яго дзяржава была далучана да імперыі Чола. Новым адміністрацыйным цэнтрам Шры-Ланкі Чола зрабілі горад Паланарува.
У 1028—1029 гг. вобласць Рухуна па поўдні Шры-Ланкі вызвалілася з-пад улады Чола ў выніку паўстання на чале з Вікрамабаху I, сынам Махінды V, апошняга гаспадара Анурадхапуры. Ён і яго нашчадкі вялі несупынную барацьбу супраць тамілаў. Віджаябаху I (1055—1110 гг.) скарыстаўся міжусобіцамі ў дзяржаве Чола і захапіў у 1070 г. Паланаруву, якую зрабіў сваёй сталіцай. Ён садзейнічаў адраджэнню будызму і адукацыі.
Найбольшай магутнасці гаспадары Паланарувы дасягнулі пры Паракрамбаху I Вялікім (1123—1186 гг.), які вёў актыўную знешнюю палітыку. Але яго спадкаемцы не здолелі ўтрымаць адзінства. Сінгальская дзяржава фактычна распалася на некалькі ўладанняў, гаспадары якіх знаходзіліся ў даволі складаных узаемных адносінах.
На поўначы ў XIII ст. ўзнікла дзяржава Ар’ясакарварці з цэнтрам у Джафне. Яе заснавальнік Магха (1215—1236 гг.) быў родам з Калінгі ва Усходняй Індыі, аднак знаходзіўся ў падначаленным стане ў аднносінах да паўднёваіндыйскай тамільскай дынастыі Панд’я. Манархі Ар’ясакарварці падтрымлівалі эканамічны дабрабыт дзякуючы гандлю сланамі і жэмчугам. Іх войны супраць сінгальскіх уладароў прывялі да заняпаду Паланарувы, якая ў 1302 г. канчаткова страціла сваю моц і была закінута жыхарамі.
Барацьба з еўрапейскімі дзяржавамі
Партугальскія караблі ўпершыню наведалі Шры-Ланку ў 1505 г. У той час востраў быў падзелены паміж чатырма дзяржавамі. Тры з іх з цэнтрамі ў Котэ (тэрыторыя сучаснага Каломба), Канды і Сітаваке (зараз горад Авісавела) кантраляваліся сінгальскімі ўладарамі. Прычым, уладар Коты фармальна лічыўся галоўным. Чацвёртай была Ар’ясакарварці на поўначы.
Партугальцы заключылі з уладаром Котэ дагавор, накіраваны супраць малабарскіх мусульман, што трымалі манаполію на гандаль шры-ланкійскай карыцай. У 1518 г. дагавор быў пашыраны, і ў бухце Каломба з’явіўся партугальскі форт. Спроба малабарскіх гандляроў выціскнуць партугальцаў, распаліўшы канфлікт паміж Сітавакай і Котэ, скончыўся паразай уладара Сітавакі і выгнаннем мусульман з вострава ў 1539 г. Дзяржава з цэнтрам у Котэ канчаткова патрапіла пад уплыў Партугаліі пры ўладары Дхармапале (1551—1597 гг.), які ў падзяку за падтрымку ў барацьбе за трон прыняў хрысціянства і перадаў землі будысцкіх кляштароў Каталіцкай Царкве. Хрысціянства таксама прынялі некаторыя яго падданыя, у тым ліку 70 тыс. жыхароў паўднёвага ўсходу Шры-ЛанкіMarco Ramerini, The Portuguese in Ceylon . 27 мая 1597 г. Дхармапала памёр. Згодна яго тэстаменту ўсе яго валоданні перайшлі ў спадчыну каралю Партугаліі. Цэнтрам партугальскіх уладанняў стаў Каломба.
У 1560 г. партугальцы захапілі сталіцу Ар’ясакарварці і востраў Манар. Іх караблі спустошылі ўсходняе ўзбярэжжа. У 1591 г. яны прызначылі ў Ар’ясакарварці свайго стаўленіка. Аднак далейшы наступ хрысціян углыб вострава быў спынены аб’яднанымі сіламі дзяржаў з цэнтрамі ў Канды і Сітаваке. У 1587—1588 гг. іх уладары нават вялі асаду Каломба. У 1592 г. і 1611 г. партугальцы на кароткі час авалодвалі Канды, але былі вымушаны адступіць. У 1630 г. іх экспедыцыя ўглыб вострава скончылася поўным правалам.
У XVII ст. у Партугаліі ўзнік моцны супернік у Індыйскім акіяне — маладая еўрапейская дзяржава Нідэрланды. У 1603 г. экспедыцыя галандскай Ост-Індскай кампаніі спынілася ва усходнім порце Батыкалоа. Галандцы паспяхова заключылі дагавор з уладаром Канды аб сумесным саюзе супраць партугальцаў і манапольным праве на гандаль кандыйскай карыцай. Аднак сварка паміж сінгаламі і галандцамі прывяла да забойства галандскага адмірала. Далейшыя перагаворы вяліся выпадкова, а рашэнніа не выконваліся абодвума бакамі. Сталыя кантакты ўзнавіліся толькі ў 1636 г., прычым па ініцыятыве валадара Канды, Раджасімхі II (1629—1687 гг.). Іх вынікам сталі ўзнаўленне дагавора ў 1638 г. і паспяховыя сумесныя ваенныя дзеянні пры аблозе Батыкалоа (1639 г.) і Гале (1640 г.). Аднак планы Раджасімхі II авалодаць Трынкамалі не спраўдзіліся. Галандцы спярша запатрабавалі высокую плату за свой удзел, а потым заключылі з Партугаліяй шэраг дамоў (1644—1645 гг.), якія гарантавалі ім частку іх тэрытарыяльных дамаганняўM. W. Jurriaanse, Catalogue of the Archives of the Dutch Central Government of Coastal Ceylon, 1640—1796. — Department of National Archives of Sri Lanka, Colombo, 1943. Р. 17 .
Мір паміж еўрапейцамі не быў трывалым, і ў 1656 г. Нідэрланды адабралі ў партугальцаў Каломба. Раджасімха II, які сам прэтэндаваў на гэты горад, быў моцна пакрыўджаны. У 1658 г. галандцы захапілі Джафну. Такім чынам, у іх руках апынулася амаль усё ўзбярэжжа вострава, а разам з ім і кантроль над знешнім гандлем Шры-Ланкі. Раджасімха II з-за няўдалага саюзу з новымі каланізатарамі згубіў давер падданых і быў вымушаны да канца жыцця змагацца са змовамі і паўстаннямі. Яго спадкаемцы шукалі саюзнікаў у Францыі і Вялікабрытаніі. У 1739 г. да ўлады ў Канды прыйшла дынастыя Наякаў, якія спавядалі будызм, але мелі тамільскае паходжанне.
У адрозненні ад партугальцаў, галандцы не праводзілі жорсткую палітыку хрысціянізацыі, да таго ж дапушчалі мясцовае самакіраванне, у якім абмежаваны ўдзел бралі тамілы і сінгалы. Дзякуючы гэтаму на ўзбярэжжы склаўся даволі шырокі пласт бюргераў і малайцаў, які размаўляў на змяшанай гаворцы і атаесамляў свой поспех з каланіяльнымі ўладамі. Для аховы каланіяльных тэрыторый прыцягваліся наёмнікі-малайцы. Дзякуючы галандскім плантатарам на востраве з’явілася кававае дрэва.
Брытанская каланізацыя